У нашых паўночных суседзяў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра   падчас наведвання СТАА «Фрэор-Рэфрэжырэйшэн»

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра
падчас наведвання СТАА «Фрэор-Рэфрэжырэйшэн»

Стаўбцоўскі раён на мінулым тыдні стаў месцам правядзення выязной прэс-канферэнцыі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры.  Прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ даведаліся аб тэмпах сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна,  наведалі адну з малочнатаварных ферм ААТ «Каганец», назіралі ўборку бульбы ў сялянска-фермерскай гаспадарцы «Сула», у Стаўбцоўскім філіяле Гарадзейскага цукровага камбіната ўбачылі, як з ягад і садавіны вырабляюцца сокі і пюрэ, вывучалі інавацыйныя тэхналогіі вытворчасці халадзільнага абсталявання СТАА «Фрэор-Рэфрэжырэйшэн».

Выступаючы з уступным словам перад журналістамі, старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Юрый Горлаў зазначыў, што Стаўбцоўскі раён у гэтым годзе дэманструе высокія тэмпы развіцця. Прырост валавой прадукцыі склаў за 8 месяцаў 112,8 %.  У гэтым годзе аграрыі раёна атрымалі добры ўраджай, на 16 тысяч тон больш збожжа, чым у мінулым годзе. Нядрэнная перспектыва вы-плывае з нагоды рэалізацыі інвестпраекта па вытворчасці высокадакладнага высокатрывалага чыгуннага ліцця ў філіяле Мінскага маторнага завода, размешчанага на тэрыторыі райцэнтра. Там чакаецца стварэнне 400 новых працоўных месцаў. У раёне развіваецца сацыяльная сфера, рамантуюцца і будуюцца яе аб’екты, у хуткім часе будзе здадзены ў эксплуатацыю новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Уразіла журналістаў сялянская фермерская гаспадарка «Сула», якая займаецца вырошчваннем беларускіх элітных гатункаў бульбы сумесна з РУП «НПЦ НАН Рэспублікі Беларусь па бульбаводстве і плодаагародніцтве», а таксама вырошчваннем насення бульбы нямецкай селекцыйнай кампаніі «Еўра-плант». КФГ «Сула» з’яўляецца лаўрэатам конкурсу «Лепшы прадпрымальнік Мінскай вобласці» за 2010, 2011, 2012 і 2013 гады, лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Лепшы прадпрымальнік» за 2010 і 2012 гады.

Ідзе перапрацоўка  садавіны

Ідзе перапрацоўка садавіны

Прыкладам прымянення сучасных тэхналогій можа служыць сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Фрэор-Рэфрэжырэйшэн», заснаванае ў 2010 годзе па беларуска-літоўскім праекце. На працягу пяці гадоў яно застаецца вядучым прадпрыемствам Беларусі ў галіне прамысловага холаду. На прадпрыемстве паспяхова вядуцца распрацоўкі і выраб халадзільнага абсталявання для аб’ектаў гандлю рознага фармату: нізкатэмпературных маразільных вітрын, халадзільных стэлажоў і вітрын, халадзільных агрэгатаў. Вытворчасць завода адрозніваецца сучаснымі інавацыйнымі тэхнало-гіямі, што дазваляе выпускаць энергазберагальную прадукцыю высокай якасці з найлепшымі ўмовамі для захоўвання прадуктаў. Прадукцыя прадпрыемства, а таксама ўсе неабходныя камплектуючыя да сістэм холадазабеспячэння карыстаюцца высокім попытам у Рэспубліцы Беларусь, а таксама экспартуюцца за межы нашай краіны.

Асабіста мне прыемна было наведаць Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Ён з’яўляецца адасобленым вытворчым падраздзяленнем ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Асноўным відам яго дзейнасці з’яўляецца вытворчасць плодаагароднінных кансерваў, пюрэ і сокаў асептычнага кансервавання. У 2014 годзе прадпрыемства скончыла рэалізацыю праекта «Арганізацыя новай вытворчасці фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочнай і кандытар-скай прамысловасці», дзякуючы якому ў Стоўбцах з’явілася адзіная беларуская імпартазамяшчальная вытворчасць па выпуску фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочнай і кандытар-скай прамысловасці. Філіял вырабляе таксама саленні па старых народных традыцыях.

Перад пачаткам прэс-канферэнцыі кіраўнік сталічнага рэгіёна падкрэсліў, што новая методыка размеркавання бюджэтных сродкаў па раёнах, а не акумуляванне іх у аблвыканкаме, дазволіла кіраўніцтву на месцах прымаць пра-вільныя рашэнні і накіроўваць грошы туды, куды неабходна ў першую чаргу. Як вынік — ажывілася будаўніцтва і добраўпарадкаванне, гарады сталі мяняць сваё аблічча. «Гэта вельмі прыемная для мяне сітуацыя, старшыні райвыканкамаў больш актыўна пачынаюць вырашаць праблемы людзей», —  адзначыў Сямён Шапіра.

Больш падрабязна ён спыніўся на Мінскім раёне, найбуйнейшым прысталічным рэгіёне, дзе цяпер існуе шмат праблем: «У мінулым годзе мы прывялі ў парадак Заслаўе, работы ідуць у Мачулішчах, Гатаве і іншых населеных пунктах. Кожны год плануем канцэнтрацыю намаганняў на адным з гарадоў.  Сур’ёзныя работы ідуць цяпер у пасёлку Бараўляны — найбуйнейшым медыцынскім цэнтры, там вырашаецца праблема паркоўкі аўтатранспарту, будаўніцтва дарог, літаральна ўвесь пасёлак уяўляе сабой вялікую будоўлю. Усяго плануецца ўкласці ў яго каля 600 мільярдаў рублёў».

Сямён Шапіра пракаментаваў пытанне журналістаў пра інвестыцыйны клімат: «Яго можна назваць спрыяльным. У цэлым вобласць па ўсіх паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця займае першыя і другія месцы ў краіне. Па інвестыцыях мы знаходзімся на другім месцы, наперадзе толькі горад Мінск.  Актыўна ідуць інвестыцыі ў свабодныя эканамічныя зоны, там будуюцца дзясяткі розных прадпрыемстваў. Найвелізарны інвестыцыйны крок у развіццё вобласці мяркуецца ў Любані, дзе з удзелам Кіраўніка дзяржавы была закладзена сімва-лічная капсула ў гонар пачатку будаўніцтва найбуйнейшага калійнага рудніка. У перспектыве ён будзе працаваць у двух разрэзах. Гэта дапаможа істотна палепшыць жыццё ў паўднёвай частцы нашай вобласці. Салігорскі, Слуцкі, Старадарожскі, Любанскі раёны — пачнецца новы этап у іх развіцці.  Гэта вельмі вялікія інвестыцыі, каля 2 мільярдаў долараў, больш за 2,5 тысячы новых працоўных месцаў, занятасць на будаўніцтве вялікай колькасці мясцовых арганізацый».    Мінскую вобласць таксама чакаюць  вялікія зрухі ў эканоміцы за кошт інвестыцый праз Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк, куды пачалі прыходзіць першыя прадпрыемствы. «Сёння мы перасталі, як гэта было раней, бясплатна выдзяляць зямлю пад інвестпраекты, каб выключыць прыход нядобрасумленных людзей, якія ў рэальнасці не маюць сродкаў на будаўніцтва аб’ектаў, — працягнуў Сямён Шапіра. — Прадаём участкі выключна праз аўкцыёны. Дарэчы, да нядобрасумленных інвестараў, якія ўзялі зямлю і на працягу трох гадоў нічога не пачалі будаваць, мы ўжываем штрафныя санкцыі за невыкананне абавязацельстваў. На сёння ўжо сабрана каля 40 мільярдаў рублёў, і гэтыя грошы мы накіроўваем на развіццё сацыяльнай базы, галоўным чынам — на будаўніцтва бальніц».

Кіраўнік Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат»  Сяргей Прасмыцкі расказвае аб прадпрыемстве

Кіраўнік Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат»
Сяргей Прасмыцкі расказвае аб прадпрыемстве

Стаўбцоўшчына сустракае гасцінна

Стаўбцоўшчына
сустракае гасцінна

Цікавіла журналістаў і пытанне прыватызацыі так званых “калгасных” дамоў у сельскай мясцовасці. У свой час, дзякуючы Дзяржаўнай праграме адра-джэння і развіцця вёскі, на сяле было пабудавана шмат жылля. У сярэднім у год будавалася 7-10 тысяч дамоў, што павінна было вырашыць кадравую праблему ў сельгасарганізацыях. Грошы для будаўніцтва вылучаліся на 40 гадоў пад 1 %, а жыллё давалася бясплатна. «Тады краіна пайшла на такі каласальны крок для ўздыму сельскай гаспадаркі. Аднак вельмі хутка многія разваротлівыя грамадзяне пачалі пераафармляць крэдыты на сябе. А затым, стаўшы ўласнікамі, звальняліся з сельгасарганізацый. Да таго ж, неаднаразова прадавалі хаты ўжо па значна большай цане. Не сакрэт, што і многія кіраўнікі гаспадарак, перад тым, як сысці з пасады, «раздавалі» такія дамы сваім знаёмым і сваякам. Атрымліваецца, што новы кіраўнік заставаўся і без кадраў, і без жылля. Мы гэты працэс вырашылі прыпыніць, і аблвыканкам рэкамендаваў сельскагаспадарчым арганізацыям вобласці ажыццяўляць продаж жылля толькі тым, хто прапрацаваў у арганізацыі не менш за 10 гадоў. Гэта аб’ектыўна і правільна з пункту гледжання здаровага сэнсу, па сумленні і па гонары. Аднак, да прыватызацыі дамоў варта падыходзіць індывідуальна, бо, да прыкладу, 10 гадоў у Старых Дарогах і пад Мінскам — гэта розныя рэчы», — пракаментаваў Сямён Шапіра.

Вілейка ў гэтым годзе будзе сталіцай абласных «Дажынак». Якія крытэрыі былі пакладзены ў аснову гэтага рашэння? Кіраўнік сталічнага рэгіёна аргументаваў: «Вілейскія аграрыі сёлета сабралі добры ўраджай, перавысіўшы мінулагодні паказчык па валавым зборы збожжа на 20 тысяч тон. У цэлым у раёне зараз адбываюцца істотныя змены. Там актыўна развіваецца інфраструктура, сучасны выгляд набылі многія аб’екты сацыяльнай сферы, вядзецца добраўпарадкаванне, змяняецца горад, паляпшаецца настрой людзей. Важна, што змянілася сітуацыя ў самай складанай сферы раёна — у сельскай гаспадарцы.Так што Вілейка цалкам заслужыла права прымаць у сябе абласное сельскагаспадарчае свята».

Дзмітрый ЯШЧАНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.