Ад каранёў беларускасці…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DL4A2016

Па выніках работы народнагаспадарчага комплексу раёна  за 2014 год прызавое месца сярод бібліятэк-філіялаў дзяржаўнай установы культуры “Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Пранузы” прысуджана  Аношкаўскай сельскай бібліятэцы. Фатаграфія яе загадчыка Таццяны Міхайлаўны Гадун занесена на раённую Дошку гонару.

Маладая, прыгожая, энергічная, Таццяна збірае вакол сябе такіх жа нераўнадушных, цікавых людзей, прытым  розных узростаў. Усяго ў Аношкаўскай бібліятэцы 392 чытачы. Кніжны фонд складае 8450 экзэмпляраў. Папулярнасцю карыстаюцца газеты і часопісы, у тым ліку — беларускія “Хозяин”  и “Сельскохозяйственная научно-техническая и рыночная  информация”. Іх наяўнасць вельмі важная для лю-дзей, што працуюць на зямлі, для  спецыялістаў мясцовай гаспадаркі — ААТ “Новае жыццё”.

Таццяна Міхайлаўна, сама прыхільнік беларускай літаратуры, з задавальненнем расказвае, што айчынную класіку любяць чытаць і пенсіянеры Аляксей  Аляксандравіч Маркевіч, Іван Філіпавіч Міхнавец, Іван Пятровіч Шыбут. Бяруць кнігі пра Вялікую Айчынную вайну. У актыў чытачоў уваходзяць і больш маладыя: вадзіцель Аляксей Яўстрат, хатняя гаспадыня Святлана Сінкевіч, музычныя работнікі муж і жонка Сяргей і Вікторыя Карачун, загадчык МТФ “Казлы” Ірына Андросік. Часта наведваюць бібліятэку школьнікі: Дар’я Лазюк,  Уладзіслаў Майсейчык, Кірыл Андросік, Настасся Міхнавец, Аляксандра  Дзеравяга.

Акрамя кніг, загадчык бібліятэкі прапануе і шматлікія дыскі — медыятэка тут багатая: ёсць матэрыялы аб прыродзе, аб правах чалавека, аб традыцыях беларускай культуры, ландшафт-ным мастацтве, а таксама энцыклапедыя “1000 вялікіх мастакоў”, радыёспектаклі па творах беларускіх пісьменнікаў, геаграфічны даведнік “Краіны  свету”, рэлігійны даведнік “Імкненні сэрца” і многае іншае.

Беларуская мова і літаратура заўсёды падабаліся Таццяне. У 10-11 класах, а вучылася дзяўчына ў Аношкаўскай сярэдняй школе, асаблівы ўплыў зрабілі ўрокі настаўніцы гэтых прадметаў Валянціны  Паўлаўны Нагорнай.

— Яна вельмі цікава давала нам матэрыял, — расказвае Таццяна Міхайлаўна. — І вельмі шмат інфармацыі. Мы чыталі  творы, як кажуць, ад вокладкі да вокладкі. Адсюль і маё захапленне творамі беларускіх аўтараў. Самы любімы айчынны пісьменнік — Васіль Быкаў. Падабаюцца творы Івана Мележа, гістарычныя  творы Уладзіміра Караткевіча. З сучасных аўтараў хацелася б адзначыць Людмілу Рублеўскую.

Гэтае захапленне кнігай і прывяло Таццяну ў яе прафесію — “бібліятэкар-бібліёграф, выкладчык беларускай мовы і літаратуры”, якую набыла ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў.

Працуе Таццяна Гадун у Аношках трэці год. Гаворыць, што шмат напрацовак пакінула ў бібліятэцы яе папярэдніца Лілія Генадзьеўна Лявончык. Бібліятэка мае экалагічную накіраванасць. Тут быў створаны клуб  аматараў прыроды “Крынічка” — для дзяцей, пачынаючы з 4 класа. Таццяна Міхайлаўна  працягвае яго весці, арганізуе з дзецьмі шмат розных мерапрыемстваў, акцый.

— Яшчэ Лілія Генадзьеўна  стварыла летапіс вёскі Аношкі “Вёсачка мая, мая  чараўніца”. Вельмі прыгожа  аформіла. Шмат сабрала  ўспамінаў старажылаў, фота-здымкаў. Здаецца, і дадаць штосьці немагчыма, — гаворыць мая суразмоўца.

Сёлета — у Год моладзі — Таццяна аформіла ў бібліятэцы выставу пад аналагічнай назвай. У ёй літаратура, наглядны матэрыял размешчаны ў раздзелах “Крок у прафесію”, “Падлеткі і закон”, “Мы — за здаровы лад жыцця”.

Да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аформлены “Куток выбаршчыка”, дзе можна ўбачыць усю адпаведную літаратуру і выняткі з перыёдыкі.

Дню маці, які святкуецца ў нашай краіне 14 кастрычніка, прысвечана выстава “Цудоўны свет любоўю мацярынства”. Яна дэманструе фатаграфіі мам, жыхароў вёскі Аношкі, з іх дзеткамі. Ёсць тут вершы пра маму, і не толькі вядомых паэтаў, але і тыя, што напісалі самі дзеці. А яшчэ выстаўлены малюнкі дзяцей — партрэты іх мам. Таццяна  прапанавала рабятам, і яны з задавальненнем сядзелі ў бібліятэцы, малявалі сваіх самых родных, любых, самых лепшых на свеце матуль.

У Дзень пажылых людзей, 1 кастрычніка, Таццяна Гадун разам з загадчыкам Аношкаўскага сельскага Дома культуры  Ядзвігай Брытвіч і мастацкім кіраўніком Валянцінай Шарапа, з намеснікам дырэктара па ідэала-гічнай рабоце ААТ “Новае жыццё” Інай Сцяпура і самадзейнымі артыстамі наведалі пажылых  людзей вёскі. Акрамя салодкіх падарункаў ад  прафкама акцыя-нернага таварыства, падарылі ім шмат цяпла, усмешак, добрых слоў і песень.

Пэўную вартасць мае і выстава “Асветнік зямлі беларускай”, прысвечаная 485-годдзю Сымона Буднага. Таццяна бачыць сваю ролю ў прапагандзе праз кнігу каштоўнасцей  беларускай гісторыі і культуры, шмат робіць для таго, каб наведвальнікі бібліятэкі часцей сутыкаліся з рознымі звесткамі  гэтай тэматыкі, каб умелі цаніць глыбіню багацця беларускасці.

І як добры працяг  памкненняў спецыяліста — краязнаўчая выстава “Нясвіж — жамчужына Беларусі”, дзе падабрана літаратура пра наш старажытны і малады горад, выдатны культурны цэнтр Беларусі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.