Бабулі, дзядулі, унукі…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

ЯРМАРКА

Цікавая сустрэча адбылася нядаўна па ініцыятыве раённнай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, цэнтра дзіцячай творчасці і салона-галерэі “Скарбніца”. Пачалася яна ў выставачнай зале “Скарбніцы”, дзе кіраўнік клуба “Ясь і Яніна” раённай бібліятэкі В.В. Шчарбакова пазнаёміла прысутных з творчымі людзьмі. Па сутнасці, мала хто з несвіжан не чуў пра вядомую майстрыху В.І Мацневу. Яе арыгінальныя і маляўнічыя работы з саломкі, тканіны, вышыўкі неаднаразова дэманстраваліся  ў “Скарбніцы”. Вось і цяпер бабулі і ўнукі прыйшлі, каб яшчэ раз дакрануцца да прыгожага і паслухаць аўтара рукатворных шэдэўраў. В.І. Мацнева расказала пра сваю работу над шматлікімі вобразамі, падкрэсліваючы, што гэтае тонкае і арыгінальнае захапленне — нялёгкае і карпатлівае.

А потым слова ўзяла старэйшая рукадзельніца, Н.М.Хвіцько, якая на дзявятым (!) дзясятку жыцця працягвае вязаць  і вышываць яркія і неардынарныя рэчы: накідкі, пакрывалы, дыванчыкі, джэмперы і паланціны. Нона Міхайлаўна коратка расказала пра сябе і сваё захапленне. Дзіця вайны, яна  здолела дабіцца пастаўленай мэты: скончыла інстытут, працавала настаўніцай, навучылася шыць і вязаць, расла творча і дзялілася сваім майстэрствам з людзьмі.

Далей сустрэча двух пакаленняў працягвалася ў канферэнц-зале раённай бібліятэкі, дзе ў нязмушанай абстаноўцы старэйшыя і юныя бавілі час за салодкім  сталом. Супрацоўніца бібліятэкі З.А.Сілкова правяла з імі цікавы конкурс. Бабулям трэба было назваць любімыя стравы ўнукаў і ласкавыя словы для іх, дзецям — назваць дзень нараджэння любых бабуль і дзядуль. Ажыўленнне выклікала заданне пазнаць унучку з завязанымі вачыма. Паспяхова справіліся з гэтым дзядулі С.С.Шадаровіч і В.Я. Арціменя. Дарэчы, яны вельмі адданыя сваім унукам. Першы  пастаянна дапамагае гадаваць, другі ўмее арганізаваць добры адпачынак  і вучыць добрым справам, сам умее вышываць і мае шмат цікавых і прыгожых работ. Яго ўменне пераняла і дачка Аляксандра, маці траіх дзяцей.

Своеасаблівую цікавасць прадстаўляюць сем’і Карпавых — бабуля і ўнучка, першая валодае кравецкім майстэрствам, а ўнучка Аксана малюе. Аналагічна і ў Т.В.  Бутрымовіч, вядомай вышывальшчыцы ікон і нацюрмортаў, дачка і  ўнучка ў якой вучацца маляваць. Перададзенае ад старэйшага пакалення малодшаму карыснае захапленне вельмі важна, бо выхоўвае ў дзяцей працалюбівасць і разуменне прыгожага. І вельмі добра, што гэта прывіваюць ім самыя блізкія людзі.

Такую ж высакародную мэту ставіць перад сабой і паспяхова ажыццяўляе сямейны клуб “Лад” цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна, якім кіруе А. Г. Гаціла. Мастачка, чалавек, улюбёны ў творчасць і дзяцей, разам з калегамі праводзіць вялікую работу па эстэтычным і культурным выхаванні падрастаючага пакалення.         Удзельнікі  мастацкага гуртка з дапамогай фарбаў і творчага мыслення ствараюць карціны розных жанраў: партрэты, нацюрморты, замалёўкі. Іх работы неаднаразова выстаўляліся на раённых святах, а сямейны клуб “Лад” наладжвае падарожжы для дзяцей па гарадах  Беларусі і замежжа. Разам з калегамі                   А.Г. Гаціла выхоўвае ў юных любоў да прыгожага і      Радзімы. Да карыснай справы далучаюцца і бацькі. А гэта добрая прыкмета, значыць, такія дзеці і ўнукі вырастуць добрымі людзьмі.

Раіса ХВІР,

 г.Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.