Умовы для працы назіральнікаў створаны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

выборы2

Краіна робіць усё для таго, каб у назіральнікаў за выбарамі не было праблем з выкананнем іх адказнай місіі. Пра гэта заявіў Віктар Гумінскі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падчас сустрэчы з намеснікам старшыні Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Кентам Харстэдам.

Кент Харстэд ужо прыязджаў у нашу краіну ў якасці намесніка старшыні ПА АБСЕ ў канцы чэрвеня гэтага года. Тады ён сустрэўся з кіраўніцтвам парламента, Міністэрства замежных спраў, Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

— Мне прыемна адзначыць, што тыя пытанні, якія мы раней абмяркоўвалі, паслядоўна рэалізуюцца, — адзначыў Віктар Гумінскі, узгадваючы сустрэчу з Кентам Харстэдам тры месяцы таму. — Упэўнены, ваш высокі прафесіяналізм, вялікі вопыт работы па назіранні за выбарамі, які вы маеце, дазволіць паспяхова выканаць гэтую місію. Хачу запэўніць вас, што беларускі бок робіць усё для таго, каб у нас не было праблем з выкананнем вашай адказнай місіі ў нашай краіне.

У сваю чаргу намеснік старшыні ПА АБСЕ падзякаваў за запрашэнне наведаць Палату прадстаўнікоў і адзначыў, што расцэньвае гэта вельмі станоўча.

— Натуральна, сёння рана рабіць нейкія высновы па выбарах, яны абавязкова будуць пасля іх, — адзначыў ён і дадаў, што ў нас ёсць магчымасць выконваць свае задачы без перашкод і складанасцей.

Кент Харстэд сустрэўся таксама з міністрам замежных спраў нашай краіны Уладзімірам Макеем і са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай. Як паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама, прадстаўнікі кароткатэрміновай місіі ПА АБСЕ задаволены ходам выбарчай кампаніі.

 

Усё па плане

У мінулую суботу — 26 верасня — адкрыліся ўчасткі для галасавання. Гэта, па словах старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай, было зроблена для таго, каб людзі маглі праверыць свае прозвішчы ў спісах выбаршчыкаў.

— Вы зможаце наведаць выбарчыя ўчасткі непадалёк ад вашага месца жыхарства, — паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама ў відэазвароце на сайце vybory2015.by. — Нам стала вядома — такія звесткі прадставілі абласныя камісіі, Мінская гарадская выбарчая камісія — колькасць выбаршчыкаў, якія пражываюць у нашай краіне. Адразу магу сказаць, што гэта папярэднія звесткі. Натуральна, яны будуць удакладняцца за два тыдні да выбараў і нават у дзень выбараў. Удакладняць іх будуць, перш за ўсё, самі выбаршчыкі, якія будуць прыходзіць на ўчасткі.

Асноўны дакумент, па якім выбаршчыкам будзе выдавацца бюлетэнь для галасавання, — гэта пашпарт або даведка органаў унутраных спраў аб яго згубе. Таксама прагаласаваць можна будзе па ваенным і студэнцкім білетах, пасведчанні дзяржаўнага служачага, пенсійным пасведчанні пры наяўнасці фотаздымка і нават па вадзіцельскім.

— Асновай для ўключэння ў спісы выбаршчыкаў з’яўляецца рэгістрацыя — пастаянная або часовая, — паведаміла Лідзія Ярмошына. — Да нас зараз часта звяртаюцца выбаршчыкі з пытаннем, дзе яны могуць прагаласаваць, калі працуюць у Мінску, а зарэгістраваны на тэрыторыі іншай вобласці або горада. У тым выпадку, калі ў вас адсутнічае часовая рэгістрацыя ў Мінску па месцы знаходжання, вы можаце быць уключаны ў спіс выбаршчыкаў на падставе дакументаў, якія пацвярджаюць ваша пражыванне ў Мінску. Напрыклад, дагавора найму кватэры, дагавора аб будаўніцтве жылля або іншых дакументаў.

БелТА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.