Гісторыя ў фотаздымку

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

_MG_8591

Калекцыя арыгінальных фотаздымкаў Нацыя-нальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” папоўніліся партрэтам Ежы (Георгія) Радзівіла, сына апошніх гаспадароў Нясвіжскага замка — Леана Уладзіслава Радзівіла і Вольгі Сімалін-Ветэнберг.

На фоне тыповай для атэлье карціны паркавай алеі стаіць падлетак з тонкім, амаль дзявоцкім тварам, усмешкай на вуснах і хвалістымі валасамі. Апрануты ў свабодны джэмпер, з-пад якога відаць каўнер белай кашулі, падпаясаны шырокай  папругай; кароткія шырокія штаны, чорныя боты. За адно крыло ён трымае паляўнічы трафей — вялікую, стракатакрылую птушку.

Надрукаваны здымак у атэлье Мойжэша Фаянса ў Нясвіжы на фотапаперы Kodak для  паштовак. У ніжнім правым кутку здымка — цісненне: аўтарскі знак “Fajans. Nieswiez” (Фаянс. Нясвіж). На адваротным баку здымка — надпіс ад рукі на польскай мове “Ksiaze Jerzy Radziwill” (Князь Ежы Радзівіл).

Ежы Радзівіл  нарадзіўся ў 1921 годзе ў Парыжы. Праз чатырнаццаць год яго бацька атрымаў Нясвіжскую ардынацыю ў спадчыну і сям’я пераехала ў Нясвіж. 17 верасня 1939 года, калі савецкая ўлада далучыла Заходнюю Беларусь да Усходняй, Леан Радзівіл быў арыштаваны супрацоўнікамі НКУС і адпраўлены спачатку ў мінскую турму, а затым у Маскву на Лубянку.

Пры садзейнічанні каралевы Італіі Алены Савойскай ардынату Нясвіжа ўдалося вызваліцца і эмігрыраваць з усёй сям’ёй ў Італію. Пазней яны пераехалі ў Парыж, дзе Ежы працаваў статыстам у кіно. У 30 год ён ажаніўся з францужанкай  Эліянай Чэландон, дачкой вядомага медыявіста Фердынанда Чэландона.

У 1953 годзе ў іх нарадзілася дачка Дыяна Марыя Роза.

Памёр Ежы ў 2007 годзе, ва ўзросце 86 гадоў у Ванкуверы (Канада).

Зараз яго нашчадкі: дачка Дыяна Марыя, унукі Максімільян, Алесіа і шэсць праўнукаў носяць італьянскае прозвішча Карабба Тэтаманці і жывуць у Рыме.

Людміла ЖУК,

малодшы навуковы супрацоўнік  ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.