І песня, і рокат матора

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_3924

— Кажаш, Петручэня, закончыў поле араць. Паедзеш на        наступнае. На “Парубку”, дзе былі цукровыя буракі, — брыгадзір трактарнай брыгады Аляксандр Тарчыла працягнуў

механізатару Дзмітрыю Петручэню пуцявы ліст. Дзмітрый зайшоў у кабінет фельчара на  алкатэст, атрымаў у Аляксандра  Тарчылы адзнаку на пуцёўцы аб гаручым і пайшоў да трактара. Пры выездзе з машыннага двара заправіў на АЗС бак  дызельным палівам і — у добры шлях, сталёвы араты!

Яго магутны (355 конскіх сіл), амаль новы (два гады назад  атрымаў) трактар МТЗ-3522 з 9-корпусным паваротным плугам паслухмяна падпарадкоўваецца механізатару. Работа іх тандэма ладзіцца. За дзень агрэгат заворвае 20-25 гектараў. І поле ў Ракавічах, дзе, здаецца, яшчэ нядаўна ўбіралі кукурузу, заараў за чатыры дні. Са-дзейнічае высокай прадукцыйнасці працы 13-гадовы вопыт работы на трактары.

Для механізатара адкрытага акцыянернага таварыства “Юшавічы” Дзмітрыя Петручэні (на фота) выбар у свой час прафесіі не быў праблемным. Расказвае, што з шостага класа ён шмат часу праводзіў каля суседзяў па вёсцы Ракавічы, механізатараў Юрыя Калеснікевіча і Івана Быля. Яны заахвочвалі захапленне хлопчыка тэхнікай, бралі з сабой у кабіну, дзе-небудзь у полі давалі паруліць. У вучэбна-вытворчым камбінаце Нясвіжскай сярэдняй школы № 3, якую скончыў у 1997 годзе, атрымаў правы трактарыста-машыніста.  Да прызыву ў армію паспеў папрацаваць у сельгаспрадпрыемстве і паляводам, і слесарам. А пасля дэмабілізацыі  прыйшоў на работу ў ААТ “Юшавічы” механізатарам. Юнака паслалі на курсы павышэння кваліфікацыі, дзе асвоіў збожжаўборачны і кормаўборачны  камбайны. Так што ён цяпер — майстар шырокага профілю. Калі няма работы для энерганасычанага МТЗ-3522 (для яго гаспадарка закупіла пакуль што толькі плуг), малады чалавек перасаджваецца за руль МТЗ-1221, на якім зімой вывозіць арганічныя ўгнаенні, чысціць дарогі ад снегу. А пачынаецца сезон корманарыхтоўкі — касьбу траў механізатар вядзе на КДН-3,1. Раней на ўборцы траў кіраваў універсальным агрэгатам КЗР-10. Падчас жніва гаспадарыць ужо на камбайне КЗС-10К. Пяць сезонаў адпрацаваў Дзмітрый Петручэня на ўборцы збожжавых. Сёлета намалаціў 920 тон. Летась было болей за тысячу, а сёлета з-за засухі  гаспадарка недабрала ўраджаю.

І ўсё ж галоўны яго  абавязак — ворыва глебы. Арэ непасрэдна перад сяўбой, уздымае зябліва —  як складваецца тэхналагічны працэс, як вырашаць на вытворчай нарадзе.

— Я рэгулярна бываю на полі, правяраю якасць работы: глыбіню ворыва, шырыню захопу, выраўненасць, — расказвае галоўны аграном Юрый Тарасевіч. — У Петручэні заўсёды ўсё выдатна. За яго можна не турбавацца.

Таму і на раённы конкурс аратых “Юшавічы” адправілі іменна Дзмітрыя Петручэню.

— Мне падабаецца працаваць у полі, — гаворыць механізатар. — І зарплата тут нядрэнная, дазваляе пражыць, пракарміць сям’ю.

Дома ён таксама паспявае гаспадарыць. Купіў матаблок, каб заворваць прысядзібны ўчастак, які займае 18 сотак. Трымаюць свіней. Дзіма плануе прыбудаваць хлевушок, каб развесці свойскую птуш-   ку. Жыве сям’я Петручэняў у аграгарадку Юшавічы на вуліцы Новай. Засяліліся ў 2005 годзе ў дом, пабудаваны гаспадаркай.  Аформілі сёлета дакументы на прыватызацыю. Выплачваюць грошы банку і свайму акцыянернаму таварыству. У наступным годзе плануюць пачаць рамонт, каб жыць стала яшчэ больш утульна і камфортна.

Ёсць у Дзмітрыя Петручэні захапленне для душы. Ён любіць спяваць.  Калі тэлефануе загадчык Юшавіцкага  СДК Таццяна Еўтух аб зборы вечарам на чарговую рэпетыцыю, Дзмітрый не адмаўляе. Вось і перад сваім прафесійным святам, Днём работнікаў сель-скай гаспадаркі, хадзілі ў Дом культуры, рэпеціравалі, каб дастойна выступіць перад аднавяскоўцамі. З задавальненнем Дзмітрый выступае на сваёй сцэне, удзельнічае ў раённых мерапрыемствах. Спявае шансон. Гэта песні з рэпертуару спевакоў Стаса Міхайлава, Віктара Каралёва, Артура Рудэнкі. І голас, і любоў да песні яму перадаліся ў спадчыну  ад бацькі і бабулі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Аксаны ГРОХ. 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.