Нясвіжскія школьнікі наведалі парламент краіны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DSC08653

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка, старшыня Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Валерый Лазюк і навучэнец СШ № 1 г. Нясвіжа Кірыл Лугін

30 кастрычніка ў Мінску  прайшло сумеснае пасяджэнне абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Так званая “парламенцкая гадзіна”, калі члены ўрада адказваюць на пытанні сенатараў і дэпутатаў. Тэма для абмеркавання — развіццё сельскай гаспадаркі і неабходнасць рэфармавання галіны. Сустрэча ў фармаце пытанне — адказ. За трыбунай у Авальнай зале — намеснік Прэм’ер-міністра Міхаіл Русы.

Адна з тэм для дыскусіі — уступленне краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Дэпутатаў цікавіла, ці зможа беларуская эканоміка паспяхова канкурыраваць з замежнай і ці гатовыя мы да правілаў гульні на сусветным рынку. Сёння і Расія, і Казахстан уваходзяць у СГА, таму і Беларусь павінна ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза разглядаць сваю далейшую дзейнасць і ў структуры ЕАЭС, і ў структуры СГА. Гэта, безумоўна, ня-простае пытанне, якое патрабуе глыбокую аналітыку і многія змены ўмоў гаспадарання.

Закранулі дэпутаты і пытанне вядзення фермерскай гаспадаркі. На дадзены момант фермеры працуюць больш эфектыўна, чым сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Таму гэтую вобласць прапануюць развіваць больш актыўна.

Ад дэпутатаў паступіла пытанне, што рабіць з самымі слабымі сельгаспрадпрыемствамі. Як адзін з варыянтаў вырашэння праблемы — змена ўласніка. Рашучы настрой дэпутатаў пад-трымалі і ва ўрадзе. Там прапануюць схему так званай кіраванай ліквідацыі. Гаспадарка — яго калектыў, тэхніка і будынкі — не перастаюць існаваць, але змяняецца ўласнік. Для новага гаспадара, які зможа хутка аднавіць сельгаспрадпрыемствы, магчымыя бонусы. Напрыклад, магчымасць выкупляць пакет акцый сельгаспрадпрыемства.

Гаворка зайшла і пра пастаўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі на рынак Расіі, бо перыядычна ў партнёраў да нашых тавараў уз-нікаюць прэтэнзіі. На думку членаў урада, рашэннем можа стаць узмацненне кантролю за якасцю прадукцыі. Гэта дазволіць у разы павялічыць продаж і пашырыць геаграфію экспарту. А для павышэння канкурэнтаздольнасці трэба граматна выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы і ўкараняць інавацыйныя распрацоўкі.

Размова пра будучыню сельскай гаспадаркі — гэта яшчэ і своеасаблівая справаздача ўрада, чаго дасягнулі за пяцігодку. Лічба, якая “кідаецца ў вочы”, — гэта 5 трыльёнаў рублёў прыбытку, у той час як у 2010 годзе было 200 мільярдаў рублёў страт.

Сумеснае пасяджэнне Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Сумеснае пасяджэнне Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Унікальная магчымасць  прысутнічаць на сумесным пасяджэнні і на свае вочы пабачыць, як адбываецца абмеркаванне найбольш важных пытанняў развіцця Беларусі, была прадастаўлена групе навучэнцаў Нясвіжскага і Стаўбцоўскага раёнаў. Школьнікаў на азнаямленчую экскурсію ў парламент краіны запрасіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка.

У Доме ўрада юным наведвальнікам пра станаўленне парламентарызму ў Беларусі распавяла пастаянна дзеючая экспазіцыя, прысвечаная дзейнасці Палаты прадстаўнікоў. Тут можна было разгледзець пасведчанні былых кіраўнікоў парламента і дэпутатаў, гістарычныя дакументы, шматлікія падарункі ад прадстаўнікоў замежных заканадаўчых органаў і многае іншае.

Далейшая сустрэча праходзіла ў прэс-цэнтры Палаты прадстаўнікоў. Рабяты змаглі задаць пытанні дэпутату Мікалаю Іванчанку, намесніку старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы. Мікалай Міхайлавіч таксама расказаў аб сваёй дэпутацкай дзейнасці, спыняючыся на асобных праблемных пытаннях у краіне і прапаноўваючы сваё рашэнне іх.

Так, у хуткім часе ён унясе прапанову аб неабходнасці ўстанаўлення сістэмнага ўзаемадзеяння паміж канфесіямі і дзяржавай. Прыклад непрывабнага стану царквы і тэрыторыі могілак у вёсцы Новы Свержань і факт знікнення ўнікальных абразоў колькі часу таму ў аграгарадку Вішнявец Стаўбцоўскага раёна навёў яго на думку стварыць у краіне адзіную сістэму інвентарызацыі культавых збудаванняў і іх маёмасці. Гэтую тэму дэпутат плануе абмеркаваць з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

Казаў Мікалай Іванчанка і аб неабходнасці адказнасці за зямлю. Бо сёння зямля з’яўляецца нашым асноўным багаццем, але ў большасці рэгіёнаў лічбы кажуць, што ўрадлівасць глебы зніжаецца. У некаторых выпадках гэта адбываецца ад непрадуманых тэхналогій земляробства або іх парушэнняў. Гэта трывожны сігнал, таму ў краіне патрэбныя меры адказнасці за зямлю і стымулявання землекарыстальнікаў. Дарэчы, у той дзень на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат парламента ўрад станоўча падтрымаў гэтую ініцыятыву.

Мікалай Міхайлавіч звярнуў увагу маладых людзей і на неадназначную праблему п’янства. Наша грамадства, на яго думку, прызнаючы наяўнасць гэтай праблемы, недастаткова робіць для таго, каб кардынальна яе вырашыць.

Дэлегацыі Нясвіжскага і Стаўбцоўскага раёнаў на сустрэчы  з дэпутатам Мікалаем Іванчанкам

Дэлегацыі Нясвіжскага і Стаўбцоўскага раёнаў на сустрэчы
з дэпутатам Мікалаем Іванчанкам

— Нам патрэбна сёння не барацьба з п’янствам, — перакананы дэпутат, — а фарміраванне новай парадыгмы ў грамадстве, парадыгмы цвярозасці. Перакананы, што калі мы не прымем гэтых мер, то наступствы спажывання алкаголю ў тым аб’-ёме, у якім сёння беларусы яго ўжываюць, будуць вельмі згубнымі. Я ўнёс у шэраг законапраектаў прапанову, каб алкаголь вывелі са структуры прадуктаў харчавання.

Неаднаразова ў сваёй дэпутацкай практыцы Мікалай Міхайлавіч выказваў занепакоенасць з нагоды ўжывання моладдзю наркотыкаў і спайсаў. Прэзідэнту ён унёс прапанову ўвесці ў школах, ліцэях абавязковае тэсціраванне навучэнцаў, пачынаючы з 7 — 8 класаў, на прадмет ужывання наркатычных рэчываў.

Мікалай Іванчанка актыўна пачаў займацца і пытаннем арганізацыі харчавання ў краіне. Багацце прадуктаў стварае ілюзію, што ўсё можна без асцярогі ўжываць. Разам з тым, праблемы атлусцення, дыябету і неінфекцыйных захворванняў выходзяць на такі ўзровень, калі да пытання харчавання трэба ставіцца больш адказна. Вытворцы выкарыстоўваюць сёння разнастайныя сінтэтычныя дабаўкі, паляпшальнікі смаку, паху і інш., удасканаленыя прыёмы падачы пакупнікам сваіх прадуктаў, таму людзей трэба вучыць правільна харчавацца. Асабліва гэта важна для дзяцей. Дэпутаты разам з навукоўцамі Акадэміі навук Беларусі ініцыіравалі з’яўленне на парламенцкім полі праекта закона аб дзіцячым харчаванні. Сёння ўжо створана рабочая група па яго дапрацоўцы. На тэму вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі ў парламенце прайшлі два “круглыя сталы” з удзелам замежных калег са Швецыі і Літвы.

У час наведвання дэпутатам міжраённага ўралагічнага ад-дзялення Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы да яго паступіла просьба паспрыяць у набыцці сучаснага лазера для правядзення лапараскапічных аперацый на органах мочапалавой сістэмы. Ёсць спадзяванні, што лазер закупяць. Ён стане другім унікальным хірургічным апаратам у краіне: першы працуе ў рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, другі — будзе ў Нясвіжы.

На пастаянным кантролі ў дэпутата пытанні экалогіі і развіцця турызму ў выбарчай акрузе.

Традыцыйнае фота на памяць

Традыцыйнае фота на памяць

— Мая мара, — прызнаўся Мікалай Міхайлавіч, — прывесці ў парадак палац Рдултоўскіх у аграгарадку Сноў. Гэта ўнікальны аб’ект, адзін з найбуйнейшых у Беларусі помнікаў архітэктуры пачатку XIX стагоддзя. На тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля доўгі час працаваў ваенны шпіталь, цяпер аб’ект закансерваваны. У свой час я прапаноўваў стварыць там вучэбна-аздараўленчы цэнтр, каб можна было на базе СВК “Агракамбінат Сноў” навучаць новым сельскагаспадарчым тэхналогіям кіраўнікоў гаспадарак і іншыя кадры краіны, адначасова праводзячы іх аздараўленне. Спадзяюся, што мая ідэя ўсё ж будзе ўвасоблена ў жыццё.

Дэпутат Мікалай Іванчанка лічыць, што сёння трэба больш актыўна ўключаць моладзь у грамадскае жыццё краіны, выкарыстоў-ваць яе патэнцыял. Рэалізаваць на практыцы вартыя ідэі і праекты маладым людзям заўсёды дапамогуць парламентарыі. Па словах Мікалая Міхайлавіча, гэтая сустрэча не стане апошняй. Магчыма, для зносін са школьнікамі будуць выкарыстаныя і іншыя формы, бо сучасныя тэхналогіі дазваляюць кантактаваць у аддаленым доступе. У гэтым годзе дэпутат стаў практыкаваць сустрэчы з выбаршчыкамі і па скайпе.

— Асабліва мне запомнілася прыязная, добразычлівая атмасфера, — падзяліўся пазней ўражаннямі навучэнец сярэдняй школы № 1 г. Нясвіжа Кірыл Лугін. — Сустрэча была пазнавальнай і цікавай. Працу парламента, яго функцыі і задачы мы вывучалі на ўроках грамадазнаўства, а сёння самі пабачылі, як адбываецца працэс узаемадзеяння ўрада з дэпутацкім корпусам, як дэпутаты кантактуюць паміж сабой. Хто ведае, магчыма, каму-небудзь з нас у будучыні прый-дзецца працаваць у парламенце (смяецца — заўвага аўт.). Сам я актыўна займаюся грамадскай дзейнасцю, прадстаўляю Нясвіжскі раён у Маладзёжным парламенце пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў. На гэтай пляцоўцы маладыя людзі могуць прапаноўваць свае ідэі і ініцыятывы, выказваць меркаванні па розных пытаннях жыццядзейнасці нашых грамадзян. Для мяне сённяшняе пасяджэнне парламентарыяў — каласальны вопыт, які ў будучым мне абавязкова спатрэбіцца.

Аб рэаліях ваенных часоў распавядаюць экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Аб рэаліях ваенных часоў распавядаюць экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Не меншую цікавасць і шквал  эмоцый выклікала і наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Адноўленыя рэальныя карціны ваеннага часу, з баявой тэхнікай і муляжамі салдат, настроілі ўсіх на атмасферу суперажывання кожнаму эпізоду мінулай вайны, пра якія распавядала экскурсавод.

— Экспазіцыі музея ўдала і ў яркіх фарбах распавядаюць пра падзеі ў гады Айчыннай вайны, пра тыя мужнасць і адвагу, з якімі ваяваў савецкі народ, пра доблесць і гераізм усіх жыхароў Савецкага Саюза, — прызналася пасля экскурсіі  адзінаццацікласніца СШ № 4 г. Нясвіжа Вераніка Чарнюк. — Экскурсія ўразіла. Лічу, што такіх мерапрыемстваў у жыцці маладых людзей павінна быць больш, бо яны не даюць забыць нашу гісторыю, без якой немагчыма будучыня. А Вялікая Айчынная — неад’емная частка гісторыі беларускага народа.

Аксана ГРОХ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.