Па кірмашы хадзілі — мёд і лапці набылі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фота 1

Фота 1

На міжрэгіянальны нясвіжскі кірмаш у нядзелю, 25 кастрычніка, прыехалі гандляваць з Клецкага, Капыльскага і Стаўбцоўскага раёнаў. Усяго сваю прадукцыю прадставілі 42 суб’екты гаспадарання Нясвіжскага і суседніх раёнаў.  На кірмашы яблыку не было дзе ўпасці — несвіжане і жыхары раёна спяшаліся набыць гародніну і садавіну па самых прыемных цэнах. У гэты дзень на продаж таксама была прадстаўлена прадукцыя мясаперапрацоўчай галіны, кулінарныя і кандытарскія вырабы, прамысловыя тавары, насенне і пасадачны матэрыял, сельскагаспадарчы інвентар, вырабы майстроў народнай і дэкаратыўнай творчасці. Пры ўваходзе на рынак пакупнікоў віталі вясёлымі песнямі творчыя калектывы Нясвіжскага РЦК, Ланскага и аношкаўскага Дамоў культуры. У добрым настроі жыхары і госці раёна ахвотна вялі гутарку аб сваіх набытках, а прадаўцы — аб прыбытках.

Фота 2

Фота 2

—       Я сёння вельмі задаволеная,  — расказвае несвіжанка Ганна Будак. — нарэшце набыла саджанцы “малінавага дрэва” — яно расце вышэй за чалавека, а ягады маліны буйныя, звісаюць гронкамі. Яшчэ набыла  “Аранжавае цуда” — гэта малінавыя кусты, якія даюць ура-джай з вясны да восені, ягады таксама буйныя, ярка-аранжавыя. Вось зараз паедзем з сям’ёй на дачу — высаджваць у грунт.

Яблыні, грушы, грэцкі арэх, абрыкос, парэчка, агрэст, маліна, ажына — гэта толькі частка ўсяго, што было прапанавана на кірмашы. Таксама можна было набыць і дэкаратыўныя дрэвы: тую, елку канадскую, ядловец.

— Вазьміце ляснога мядку, — прапаноўваюць гаспадары з Амлынцаў. — Гэта з нашага пчальніка. Мёд лясны, лячэбны. Пчолы збіраюць нектар з ліпы, маліны, розных травак карысных. Гэта ўнікальны прадукт.

На мясных радах ідзе бойкі гандаль з самага рання. Усе смачныя кавалачкі разыходзяцца ў першую чаргу.

Фота 3

Фота 3

— Пакупнік сёння патрабавальны, калі ў цябе чагосьці няма, напрыклад, сала на сантыметр, то на два ён не возьме, — кажа індывідуальны прад-прымальнік Наталля Ляшкевіч. — Але гэта не кепска, а наадварот, добра, ёсць стымул пашыраць асартымент. А чым большы асартымент,  тым лепшы гандаль.

Ахвотна раскуплялі несвіжане і малочную прадукцыю.

— У мяне тры кароўкі, малака многа, — расказвае жыхарка г.п. Гарадзея Марыя Велянцей. — Раней вазіла на продаж смятану і тварог у Мінск, цяпер больш на нясвіжскія кірмашы завітваю. Тут больш купляюць, прылавак заўжды пусты застаецца.

Фота 4

Фота 4

— А мы амаль усё ўжо распрадалі, — пахвалілася прадавец Нясвіжскага райспажыўтаварыства Ірына Паўловіч. — Сёння ў нас была цыбуля, капуста і бульба — без гэтага “набору” не абыдзецца ні адна сям’я.

На здымках:

  1. У гасцей з Жыровічаў Гро-дзенскай вобласці можна было набыць шмат розных сувеніраў: ад драўляных лыжак, магніцікаў і лапцей да рэдкіх пано з гліны.
  2. Мясныя прысмакі на кірмашы заўсёды свежыя і выдатнай якасці.
  3. Дамашні тварог раскуплялі ахвотна.
  4. Індывідуальныя прадпрымальнікі несвіжане Яўген і Аляксандр Вярыга расказваюць, як правільна саджаць дэкаратыўныя дрэвы.

Наталля ЕРМАШЭНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.