Свет вачамі вандроўнікаў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

«Вось новы паварот». Здымак зроблены падчас паходу па рацэ Сула. Уладзімір Цымбарэвіч

«Вось новы паварот». Здымак зроблены падчас паходу па рацэ Сула. Уладзімір Цымбарэвіч

Як мы паведамлялі ў нашым апошнім нумары, у суботу ў салоне-галерэі “Скарбніца” адбылося адкрыццё традыцыйнай выставы турыстычных фотаздымкаў “Успаміны, якія грэюць”, зробленых падчас паходаў, у якіх удзельнічалі сябры грамадскага аб’яднання “Нясвіжскі турыстычны клуб “Вандроўнік”. Аб тым, дзе сёлета пабывалі нашы аматары турызму, для чытачоў “НН” расказала кіраўнік клуба Алена ЦЫМБАРЭВІЧ:

— Сёлета нашы “вандроўнікі” пабывалі ў дзевяці паходах, адзін з якіх быў веласіпедны, астатнія — водныя. Пачалі мы свой турыстычны сезон у канцы красавіка — пачатку мая, калі самы вопытны склад турклуба адправіўся ў воднае падарожжа па рэках Случ і Прыпяць да Турава.  Затым услед за імі па Нёмане пайшла наша юная змена — старшакласнікі першай і трэцяй нясвіжскіх школ — пад кіраўніцтвам вопытных турыстаў, выкладчыкаў фізкультуры Іосіфа Івашкевіча і Алеся Язвінскага. Напрыканцы чэрвеня прадстаўнікі працоўных калектываў ЗАТ “Салігар” і разлікова-касавага цэнтра №26 у г. Нясвіж філіяла ААТ “Бел-аграпрамбанк”-Мінскае абласное ўпраўленне выправіліся ў паход па правым прытоку Нёмана рэчцы Суле ў сам Нёман. Добры прыклад сваім работнікам падалі кіраўнікі гэтых арганізацый — адпаведна Юрый Доўнар і Аляксандр Абрамовіч. Нельга тут не ўзгадаць і старшыню прафкама названых банкаўскіх работнікаў Таццяну Шчэрба, якая шмат зрабіла для прыцягнення да турызму сваіх калег.

На адкрыцці  выставы

На адкрыцці выставы

Самым багатым на паходы стаў разгар лета — ліпень.  У гэтым месяцы “вандроўнікі” схадзілі на байдарках па Нёмане, а моладзь клуба двойчы — у ліпені і ў першай дэкадзе жніўня — пабывала ў трох-дзённых паходах па Нёмане, прайшоўшы міма Яромічаў, Любчы, Іўя, Бярозаўкі дзесьці палову беларускай часткі гэтай знакамітай рэчкі, апетай у песнях і паданнях. Самыя маладыя сябры клуба здзейснілі таксама веласіпедны паход у верасні да Навагрудка і Ліды.

Асобна трэба адзначыць наш традыцыйны паход за межы Беларусі — у канцы ліпеня ў Карэлію. Тут мы заўсёды ідзём па новым маршруце, кожны раз сустракаемся з нечаканым і нязведаным. На гэты раз нашым “месцам прызначэння” была рака Вінча, якая ўпадае ў вадасховішча і затым — у Белае мора. Рака нядоўгая — усяго 20 км, але на ёй размешчана шэсць парогаў, частку з якіх мы пераадолелі. Пра два самыя небяспечныя з іх — 5-6 катэгорыі складанасці — было вельмі мала інфармацыі, амаль ніхто па іх не праходзіў. Таму мы вырашылі пераадольваць іншыя, але і гэта было не так проста і патрабавала вопыту і ўменняў.

Надвор’е нас у гэтым карэльскім паходзе зусім не песціла — з 12 дзён 10 ішлі дажджы, але, нягледзячы на шэрае неба, вецер і дождж, ніхто не засумаваў і не пашкадаваў, што выбраўся сюды, таму што ўражанні ад карэльскай прыроды, бурнай вады і колераў, якія мы бачым тут, нельга замяніць нічым іншым.

Увогуле ж нашы паходы можна аднесці да трэцяй і чацвёртай катэгорыі складанасці, а асобныя парогі, якія мы праходзім — і да пятай.

Тым жа, хто па нейкіх прычынах не адважваецца патрапіць разам з намі ў паход, уяўленне аб непаўторнай атмасферы паходнага жыцця могуць даць нашы фота-здымкі, аб якіх, а таксама аб сваіх асабістых падарожжах, раскажуць самі ўдзельнікі фотавыставы.

«Каманда».  Здымак зроблены на рацэ Нёман. Юрась Язвінскі.

«Каманда». Здымак зроблены на рацэ Нёман. Юрась Язвінскі.

«Скальны храм  у Спаса-Віфанскім  манастыры  ў Сергіевым Пасадзе».  Генадзь Аксёнік

«Скальны храм у Спаса-Віфанскім манастыры ў Сергіевым Пасадзе». Генадзь Аксёнік

Генадзь Аксёнік, гаспадар аграсядзібы, заснавальнік турклуба “Вандроўнік”, арганізатар і ўдзельнік веласіпедных, водных і пешаходных паходаў па Беларусі, Расіі і Польшчы:

— Мы звычайна ходзім па рэках і азёрах, але гэтым летам вырашылі сваёй сям’ёй праехацца па святых мясцінах Расійскай Федэрацыі. Мне даўно падабалася іх архітэктура, нават калі будаваў свой дом, хацелася ўвасобіць у ім нешта падобнае. Пабывалі мы ў Смаленску, у горадзе Кубінка, дзе размешчаны цікавы музей танкаў і помнік воінам-танкістам, у Звянігарадзе, Казельску і Маскве. Усе гэтыя мясціны пакінулі незабыўныя ўражанні, асабліва — храм Васілія Блажэннага ў Маскве, Успенскі сабор Смаленскай іконы Божай Маці, Опціна пустынь у Казельску, Савіна-Старажэўскі Стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр у Звянігарадзе, Гефсіманскі Чарнігаўскі скіт і скальны храм у Спаса-Віфанскім манастыры ў Сергіевым Пасадзе, высечаны прама ў скале, і многае іншае. Веліч і прыгажосць гэтых збудаванняў і іх наваколля я і паспрабаваў адлюстраваць у сваіх фотаздымках.

Ігар Богуш, урач, загадчык хірургічнага аддзялення Нясвіжскай ЦРБ, удзельнік і кіраўнік водных паходаў па рэках і азёрах Беларусі, Кольскага паўвострава, Карэліі:

— Гэты сезон, як ніякі іншы, прымусіў нас прайсці праверку на трываласць — вытрымаем ці не? Асабліва нас выпрабавала Карэлія. Па-першае, у дзень нашага прыезду пачаліся дажджы, а да гэтага стаяла спякота. Дождж ішоў кожны дзень, акрамя двух апошніх, калі мы, нарэшце, высушылі свае байдаркі. Па-другое, фатаграфаваць падчас даж-джу немагчыма. Здымкі атрымліваліся цёмныя, невыразныя, не такія, як хацелася б, аднак нешта цікавае ўсё ж такі атрымалася. Да таго ж, ізноў-такі хачу нагадаць галоўную ідэю нашых выставаў — мы іх аргані-зуем не для таго, каб спаборнічаць у фотамайстэрстве, а каб абменьвацца ўражаннямі, думкамі і ідэямі, каб ізноў перажываць непаўторныя, здавалася б, імгненні. А ўзровень здымкаў і сапраўды расце год ад году, з’яўляюцца новыя аўтары і новыя сюжэты. У аб’ектыў камеры трапляе прыгажосць, а яна заўсёды робіць чалавека больш добрым, радасным, камунікабельным, а значыць, і больш здаровым. Вось гэта і прапагандуюць нашы здымкі.

«Летні дзень». Здымак зроблены  на рацэ Нёман каля вёскі Кругліца.  Алесь Язвінскі

«Летні дзень». Здымак зроблены на рацэ Нёман каля вёскі Кругліца.
Алесь Язвінскі

«Аб вечным».   Дубы на беразе  ракі Случ.  Аляксандр Мікітовіч.

«Аб вечным». Дубы на беразе ракі Случ.
Аляксандр Мікітовіч.

«На   Княжагубскім вадасховішчы».  Ігар Богуш

«На Княжагубскім вадасховішчы».
Ігар Богуш

Аляксандр Мікітовіч, прадпрымальнік, аматар аўтатурызму,     удзельнік водных паходаў па рэках і азёрах Беларусі і Карэліі:

— Я падрыхтаваў для выставы свае здымкі з ракі Случ. Вельмі спадабаўся гэты паход. Добрая рэчка і добрая каманда дапаўнялі адна адну. Тады была пара, калі прырода якраз ажывае, гэта асаблівы час. Вось яе, матухну-прыроду, я больш за ўсё і люблю фатаграфаваць, каб пакінуць на памяць сабе і іншым імгненне, якое чымсьці ўразіла.

Уладзімір Цымбарэвіч, прад-прымальнік, удзельнік і кіраўнік горна-пешаходных паходаў па Карпатах, Саянах, Крыме, водных паходаў па Беларусі і Карэліі:

— Сёлета я быў у трох паходах — па Случы, Суле і ў Карэліі. Кожны год мы бываем ва ўсё новых і новых мясцінах, кожны паход па-свойму асаблівы. Вось і сёлета, пасля амаль двух тыдняў кепскага надвор’я ў Карэліі ўсё роўна хацелася, каб гэты паход не заканчваўся, сумна было развітвацца і пераходзіць у паўсядзённае жыццё.  Пасля любога паходу — складанага і не вельмі — застаюцца свае, непаўторныя, уражанні. А ў аб’ектыў камеры я лаўлю ўсё, што кінецца ў вочы. Асабліва люблю пейзажы, і калі ў спалучэнні з прыродай добра атрымліваецца чалавек, таксама радасна.

Юрась Язвінскі, трэнер па баскетболе, удзельнік і арганізатар водных і веласіпедных паходаў па Беларусі:

— У гэтым годзе мы марылі прайсці па ўсім Нёмане, але дайшлі  толькі да Бярозаўкі. У наступным годзе, думаю, усё-такі пройдзем яго да канца. Увогуле, Нёман на гэтай выставе — мая асноўная тэма, асабліва начныя пейзажы. Ды і фатаграфавацца ў нас любяць усе, таму і здымкі з людзьмі атрымліваюцца цікавымі.

Алесь Язвінскі, настаўнік,       удзельнік і кіраўнік веласіпедных і водных паходаў па Беларусі, Літве, Карэліі і Украіне:

— Так ужо сталася, што мы, турысты, найбольш шчыльна звязаны са сваёй Радзімай. Мы бліжэй да зямлі, да вады, да нашай прыроднай сутнасці. Таму пасля кожнай вандроўкі хочацца нешта захапіць з сабой. Фотаздымкі і відэазапісы дазваляюць вярнуцца туды, дзе быў, перажыць усё па-новай, а таксама і іншых пазнаёміць з тым, з чым сутыкаліся мы. Вельмі прыемна, што ў нашым турклубе вылучаецца і маладзёжнае звяно, якое ў гэтым годзе ўжо арганізоўвала самастойныя вандроўкі. Але ж нездарма кажуць: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Таму і мы стараемся па магчымасці аддаліцца ад Беларусі, каб убачыць, чым іншая мясці-на падобная і чым адрозніваецца ад нашай. Незабыўным атрымаўся сёлетні паход у Карэлію. Вада з неба, вада пад катамаранамі, хмары і вецер выпрабоўвалі нашу трываласць, але ніхто не захварэў і не засумаваў, таму што той самы славуты “выкід адрэналіну”, якім суправаджаецца пераадольванне цяжкасцей і экстрэмальных сітуацый, незвычайна бадзёрыць і дапамагае адкрываць у сабе ўсё новыя рэзервы. А лоўля рыбы і прыгожая прырода навокал — ужо дадатак да гэтага. Таму нездарма нашы навічкі, як правіла, вяртаюцца да нас і застаюцца ў клубе.

Убачыць свет вачамі сяброў  ГА “Нясвіжскі турыстычны клуб “Вандроўнік” можна ў салоне-галерэі “Скарбніца” да канца лістапада.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.