ТРЫ БЯРОЗЫ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_4880

Асабліва прыгожыя яны восенню, калі маленькія залацістыя лісточкі ярка асвятляюць двор. І не такой сумнай здаецца  пара завядання прыроды, бо жоўты колер трох пышных красунь стварае святочны  і пазітыўны фон.

А з’явіліся гэтыя  тры бярозкі ў нашым двары ў 1983-м годзе, калі па ву-ліцы Ракасоўскага ў Нясвіжы ўжо быў заселены дом кааператыва №2. Тэрыторыя каля яго была вялікая, таму  жыхары, інвалід Вялікай Айчыннай вайны А.Р.Угрыновіч і тадышні старшыня ЖБК-2 У.Т.Жылко паехалі ў лес і прывезлі чатыры маладзенькія дрэўцы. Пасадзілі іх у адну лінію, палівалі, даглядалі. Бярозкі прыняліся, але адна аказалася слабейшай і непрыкметна засохла. Астатнія тры дружна пайшлі ў рост, і з кожным годам набіралі сілу, мацнелі іх ствалы, разрасталіся галінкі. Зімою яны прыбіраліся ў белы вэлюм з  інею і снегу, мужна змагаліся са сцюдзёнымі вятрамі. Вясной, калі абуджалася ад цёплых сонечных прамянёў зямля, на бярозах распускаліся маленькія, кволыя лісцікі,  а потым утвараліся кветкі-завушніцы. Пазней яны саспявалі, падалі пушысцікамі на зямлю. Калі пачынаўся перыяд сокацячэння, ніхто не адважваўся прабіваць ствол, каб сабраць гаючую саладкаватую вадзіцу. Шкадавалі парушаць прыгажосць нашых сябровак-бярозак. Клапатлівыя мужчыны прымацавалі на іх шпакоўні, і радасныя крылатыя насельнікі дружна засялялі свае домікі, а мы мелі магчымасць назіраць, як адтуль выглядвалі маленькія галоўкі птушанят.

Дужыя раскідзістыя кроны стваралі добры цень у летнюю спёку, і жыхары першага пад’езда зрабілі пад бярозамі лаўку, на якой у цёплую пару года добра пасядзець і пагутарыць з сусе-дзямі.

Тры бярозы сталі неад’емнымі ад нашага жыцця, двара, дома. Дарэчы, яны перараслі дом, іх белыя ствалы ўзвышаюцца над дахам і, нібы вартавыя, аберагаюць жытло. А нам так утульна і добра з гэтымі дрэвамі, якія сталі за шмат гадоў блізкімі і роднымі. Вырастуць нашы ўнукі,  будуць бегаць праўнукі, і калі яны прыйдуць на радзімы двор сваіх бацькоў, іх вясёлым шумам лістоты сустрэнуць бярозы, як сімвал памяці і бясконцасці жыцця.

Раіса ХВІР,

г.Нясвіж.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.