У вялікай сям’і дабавілася

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фота 1

Фота 1

На мінулым тыдні ў Тэатральнай зале Нясвіжскага замка адбылося ўрачыстае пасяджэнне клуба аматараў гісторыі і культуры “Кліа” (фота 3), прысвечанае афіцыйнаму прысваенню яму статуса клуба ЮНЭСКА. Гэты клуб працуе на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” з 2011 года, а яго члены — навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа — займаюцца падрыхтоўкай мноства цікавых мерапрыемстваў. Напрыклад, на працягу двух апошніх гадоў яны праводзяць інтэлектуальную гульню “Кубак старога замка”, прымаюць удзел у рабоце навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў і студэнтаў “Нясвіж — культурная і гістарычная скарбніца Беларусі”, алімпіяды па гісторыі Нясвіжа “Мой горад — мая любоў” і конкурсу фотаздымкаў “Паркі Нясвіжа”, дапамагаюць у арганізацыі работы міжнароднага валанцёрскага экалагічнага лагера “Спадчына Радзівілаў”.

Пасля прывітальнага слова намесніка дырэктара па навуковай рабоце музея-запаведніка Дзмітрыя Яцкевіча старшыня РГА “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА”, віцэ-прэзідэнт Сусветнай федэрацыі клубаў ЮНЭСКА ад рэгіёна Еўропы і Паўночнай Амерыкі, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі клубаў ЮНЭСКА Дзмітрый Субцэльны (фота 1) ўручыў кіраўніку клуба аматараў гісторыі і культуры “Кліа”, старшаму навуковаму супрацоўніку НГКМЗ “Нясвіж” Вячаславу Мазалеўскаму Пасведчанне аб уступленні клуба ў РГА “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА”. У сваім выступленні Дзмітрый Юр’евіч адзначыў, што цяжка было б выбраць для гэтай па-дзеі больш прыдатны год, чым бягучы — 2015-ы, таму што менавіта сёлета спаўняецца 70 год з дня ўтварэння ААН, адным з заснавальнікаў якой была наша рэспубліка, і, як гаворыць Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка, ААН — гэта не проста арганізацыя, ААН — гэта мы.

— Напэўна, многія з вас ведаюць, — працягнуў далей Дзмітрый Субцэльны, — што апошні трэнд у дзейнасці як ААН, так і ЮНЭСКА — гэта ўстойлівае развіццё. Яно тычыцца любой краіны на зямным шары, любога чалавека. Гэта і ашчаднае стаўленне да навакольнага асяроддзя, і адукацыя, і развіццё прадпрымальніцтва, усё, што непасрэдна звязана з жыццём чалавека і неабходна для таго, каб любая краіна і любы чалавек жылі дастойна. Развіццё і росквіт з’яўляюцца адной з місій ЮНЭСКА і ААН. Дзмітрый Юр’евіч таксама нагадаў, што дзейнасць клубаў ЮНЭСКА ў Беларусі ідзе па чатырох накірунках. Гэта культура свету, нефармальная адукацыя, здаровы лад жыцця, інфармацыя і камунікацыя. Ён выказаў упэўненасць у тым, што ў рамках названых праграм рабяты з клуба “Кліа” разам са сваім кіраўніком і работнікамі сферы адукацыі раёна знойдуць для сябе вялізныя магчымасці для самарэалізацыі і асабістага росту. Вельмі важна, калі моладзь і дарослыя, якія аб’ядноўваюцца клубам ЮНЭСКА, працуюць на сваіх месцах, прыносяць канкрэтную карысць свайму населенаму пункту.

— Акрамя адукацыці і інфармавання, каштоўнасць клубаў ЮНЭСКА менавіта ў дзеянні, — падкрэсліў Дзмітрый Субцэльны.

Разам з ім прысутных павіншавала са знамянальнай падзеяй член праўлення  РГА “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА”, рэгіянальны каардынатар па Мінскай вобласці Алена Шапавалава (фота 1).  У сваім звароце да прысутных яна адзначыла, што стварэнне клуба ЮНЭСКА на базе помніка ЮНЭСКА — гэта ўнікальны выпадак, які пакуль што з’яўляецца адзіным у рэспубліцы, і  запрасіла клуб “Кліа” ў вялікую сям’ю клубаў Мінскай вобласці.

— Вы можаце ўдзельнічаць у нашых праектах, — сказала Алена Сяргееўна, — можаце арганізоўваць свае і запрашаць нас да сябе ў госці. Думаю, што мы з вамі будзем дружна і плённа працаваць, актыўна вучыцца і вучыць іншых.

 

Даведка: ЮНЭСКА (UNESCO — The United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization) — cпецыялізаваная ўстанова Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. Місіяй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА” з’яўляецца прапаганда гуманных прынцыпаў і ідэй ЮНЭСКА ў вобласці адукацыі, навукі, культуры і камунікацыі праз стварэнне клубаў ЮНЭСКА па ўсёй Беларусі. Мэты арганізацыі — інфармаванне грамадства аб дзейнасці ЮНЭСКА, уцягненне дзяцей, моладзі і дарослых людзей у дзейнасць па прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў ЮНЭСКА, выхаванне моладзі як сапраўдных грамадзян сваёй краіны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Клуб ЮНЭСКА можа быць арганізаваны ў любой адміністратыўнай адзінцы пры ўмове наяўнасці ў клубе 10 і больш членаў.

 

Рэгіянальны каардынатар па Мінскай вобласці Алена Шапавалава таксама прапанавала клубу аматараў гісторыі і культуры “Кліа” паўдзельнічаць у першым праекце на новым узроўні — форуме клубаў ЮНЭСКА ў мала-дзёжным фармаце, які пройдзе 11 — 13 снежня ў Барысаве.

У сваю чаргу кіраўнік гэтага клуба Вячаслаў Мазалеўскі  (фота 2) расказаў аб гісторыі яго стварэння, а таксама аб мала-дзёжных праграмах і праектах, якія рэалізуюцца Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж” сумесна з РГА “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА”.

Фота 2

Фота 2

Паколькі юнакі і дзяўчаты, якія наведваюць пасяджэнні клуба “Кліа”, з’яўляюцца навучэнцамі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа і навучаюцца па спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”, удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняла намеснік дырэктара гэтай навучальнай установы Таццяна Цвірка. Яна пазнаёміла прысутных з задачамі і асаблівасцямі спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”.

Дырэктар гарадскога маладзёжнага цэнтра Людміла Матусевіч расказала пра супрацоўніц-тва з рабятамі з міжнароднага валанцёрскага экалагічнага лагера “Спадчына Радзівілаў” і аб новых праектах сваёй установы культуры.

Фота 3

Фота 3

Ад імя галоўнага інфармацыйнага партнёра праектаў, якія здзяйсняюцца на базе музея-запаведніка, з уступленнем у вялікую міжнародную сям’ю клубаў ЮНЭСКА юных аматараў гісторыі і культуры павіншавала намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец.

Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства мастацкім выступленнем членаў клуба ЮНЭСКА “Кліа” (фота 4), падчас якога яны ў музычна-тэатралізаванай форме прадставілі прынцыпы і задачы сваёй арганізацыі, створанай з высакароднай мэтай прыцягнення моладзі да захавання нашай гістарычнай памяці і культуры.

Фота 4

Фота 4

“НН”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.