УРОКІ МУЖНАСЦІ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DSC00350

На сёлетнім фестывалі-кірмашы “Славянскі базар у Віцебску” праводзіўся песенны конкурс сярод інвалідаў, у якім прымаў    удзел і прадстаўнік нашага раёна Яўген Касмовіч з пасёлка Новагарадзейскі. Ён з поспехам выканаў песню  Тамары Прыгун “Парк Радзівілаў”. Акампаніраваў несвіжанін Аляксандр Гапановіч. Праз некаторы час старшыня Рэспубліканскага таварыства інвалідаў У. Патапенка прыслаў падзяку гэтым выступоўцам за актыўны ўдзел і добрае выкананне.

Там жа Я. Касмовіч пазнаёміў-ся са старшынёй Мінскага грамадскага аб’яднання былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў Г.І. Змушко, якая запра-сіла яго да супрацоўніцтва.      Удзельнікі аб’яднання стварылі хор і выязджаюць з канцэртамі ў розныя рэгіёны. Сёлета калектыў пад назвай “Лёсы” пабываў у Сочы, дзе выступіў з тэматычнай  праграмай “Урокі мужнасці”, прысвечанай 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Канцэрты адбыліся ў некаторых школах, гімназіях, санаторыях. Я.К.Касмовіч прымаў у іх удзел як валанцёр і спяваў разам з хорам. Выконваліся ваенна-патрыятычныя і народныя песні, у канцы запальваліся свечкі — сімвал памяці аб загінуўшых у вайне і ў канцэнтрацыйных лагерах. Завяршыліся канцэрты хвілінай маўчання.

Далей калектыў накіраваўся ў Абхазію,  дабіраліся на грамадскім транспарце, даводзілася і пешшу. Але цяжкасці не спалохалі выканаўцаў. І яны правялі ўрокі мужнасці ў Доме адпачынку. Затым накіраваліся ў Санкт-Пецярбург. Там іх сустрэлі прадстаўнікі таварыства беларуска-расійскага сяброўства, правялі экскурсію па горадзе. Прайшла цёплая сустрэча ў Доме ветэранаў за «круглым сталом», а потым нашы землякі выступілі з канцэртам. Публіка вітала іх шчырымі апладысментамі.

Цікавай і запамінальнай была паездка на пароме з Санкт-Пецярбурга ў сталіцу Фінляндыі,  Хельсінкі, дзе іх гасцінна сустрэлі прадстаўнікі таварыства фінска-беларускага сяброўства. Сама-дзейныя артысты хору “Лёсы” далі там некалькі канцэртаў.

Сустракаліся з рознымі людзьмі, наведалі дамы дзённага знаходжання для састарэлых. Усюды панавала цёплая, сяброўская атмасфера, і, як сказаў удзельнік паездкі Яўген Касмовіч, спевакі з хору “Лёсы” былі прыемна ўражаны такім душэўным прыёмам, увагай да нашай краіны і творчасці калектыву. Слухачам спадабаліся беларускія песні і тое, што так прыгожа спяваюць пажылыя людзі.

Пасля Хельсінкі хор вярнуўся ў Санкт-Пецярбург і выступіў у гімназіі №70, там атрымаў сімвалічны падарунак — кнігу “Школьныя сцены расказваюць”, прысвечаную ваенным падзеям.

— Ад усіх паездак у мяне самыя яркія і добрыя ўспаміны, захапляючыя і запамінальныя, — падзяліўся ўражаннямі Яўген Касмовіч. — Яны дазволілі мне не толькі пабываць у розных мясцінах, але і сустрэцца з цікавымі людзьмі, даведацца шмат новага. Такія паездкі даюць прыліў энергіі і сілы для далейшага супрацоўніцтва з цікавым калектывам. Знаёмства з гэтымі мужнымі людзьмі дазваляе дакрануцца да іх лёсу, паслухаць  успаміны і перажыванні.

Хор малалетніх вязняў з г.Мінска пабываў нядаўна і ў Нясвіжы (на фота), дзе з поспехам выступіў з канцэртам у раённым цэнтры культуры. Такі незвычайны калектыў выклікаў незабыўныя ўражанні ў слухачоў і павагу да  людзей з нялёгкім лёсам.

Калі хор выконваў песню “Бухенвальдскі набат”, зала ўстала.

Без слёз немагчыма было глядзець дакументальны фільм пра асвенцым, зняты ваеннымі карэспандэнтамі I Украінскага фронту ў 1945 годзе, які прадаставілі ўвазе нясвіжскіх гледачоў. Якія жахі, якія здзекі давялося перажыць вязням! І якое шчасце, што лёс падараваў ім свабоду і мір.

Нягледзячы ні на што, яны жывуць актыўным і цікавым жыццём і радуюць нас сваёй творчасцю.

Раіса ХВІР, г.Нясвіж.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.