“Аптымісты” ў ганцавічах

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_4725

У канцы кастрычніка ў Нясвіж прыязджалі ўдзельнікі народнага хору Ганцавіцкага дома культуры, якія выступілі з цікавай канцэртнай праграмай (на фота).

Іх цёпла сустракаў хор ветэранаў працы г.Нясвіжа “Апты-місты”, а потым гледачы горача віталі кожны нумар гасцей. Ганцавіцкія артысты запрасілі несвіжан выступіць у іх. І ў пачатку снежня сустрэча адбылася на палескай зямлі. Дарэчы, назва “Ганцавічы” пайшла ад слова “ганец” (“ганцы”), як паведамілі мне гаспадары. Гадоў сто назад паміж Слуцкім і Пінскім паветамі былі маёнткі, дзе адпачывалі ганцы. А потым узнікла вёсачка Ганцавічы, за 2 кіламетры ад тых пабудоў. У 1896 годзе працягнулася чыгунка, і закіпела жыццё. Вёска з цягам часу разраслася ў пасёлак гарадскога тыпу, а сёння гэта ўжо невялікі, але сучасны райцэнтр Брэсцкай вобласці.

Тут жыве 12 тысяч чалавек, а ў раёне налічваецца 30 тысяч жыхароў.

У горадзе працуюць панэльна-будаўнічы камбінат, таварыства “Модуль”, якое выпускае кабіны для беларускіх МАЗаў. Ёсць завод па выпуску труб. Галоўны напрамак эканамічнай дзейнасці раёна — аграпрамысловы. Як і ўсюды на Палессі, непадалёк растуць журавіны, і людзі збіраюць іх для ўласных патрэб і рэалізацыі. Буйныя, элітныя гаючыя ягады навукова-эксперыментальнай базы «Журавінка»  Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, што размешчана ў Ганцавіцкім раёне, цэняцца не толькі ў Беларусі, а і за мяжой.

У горадзе прыгожы, хоць і невялікіх памераў Дом культуры, добра аформлены і ўтульны. Там і выступіў наш  хор ветэранаў працы “Аптымісты” з разнастайнай праграмай. А ў сувязі з тым, што мы прыехалі 3 снежня, у Дзень інвалідаў, перад канцэртам слова ўзяла вядучая Ганцавіцкага ДК Наталля Шалкоўская, якая нагадала пра людзей цяжкага лёсу, пажадала ім вытрымкі і добрага здароўя. Затым  гучалі песні як патрыятычнага накірунку, (“Ад герояў былых часоў”, “Святая Ра-дзіма”), так і лірычныя (“Домік ля дарогі”,“Лілеі”),  вясёлыя  (“Ой, у зялёненькім садочку”, “Рулатэ”). Асаблівы энтузіязм у слухачоў і гарачыя авацыі выклікала выступленне мужчынскай групы хору — “Барадзіно”, “Зорка пунсовая” і “Дажджлівым вечарам “ адназначна пакарылі палешукоў. Канцэрт прайшоў напярэдадні  свята Ўвядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы, і хор выканаў духоўную  песню “Да вячэрні”, што таксама ацанілі слухачы.

У цэлым, без пахвальбы скажу, прымалі несвіжан ганцавічане цёпла і хораша, з духмяным  хлебам-соллю Палескай зямлі, які ўручыла кіраўнік народнага хору з Ганцавіч   Лідзія Карняйчук з    сардэчнымі словамі і пажаданнямі. Дарэчы, іх калектыў у наступным годзе адзначыць трыццацігоддзе сваёй пеўчай дзейнасці. Нашы хоры дамовіліся аб далейшай дружбе і абмене канцэртамі.  Лічу, што гэта добрая ідэя, бо дружба заўсёды патрэбна людзям, а творчым — удвая.

Наш выезд на Палессе адбыўся, дзякуючы клопатам    удзельніцы хору  “Аптымісты”, нязменнай вядучай  канцэртаў Ганны Ярмалінскай, а таксама  работнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённага цэнтра культуры.

Акрамя таго, да Дня інвалідаў рыхтаваліся і іншыя аматарскія калектывы раёна. У прыватнасці, артысты Аношкаўскага СДК выступілі з добрымі душэўнымі песнямі перад пацыентамі сацыяльных палат Гарадзейскай бальніцы. А вакальная група “Элегія” Нясвіжскага раённага цэнтра культуры выехала з канцэртам у Дом культуры Гарадзейскага цукровага камбіната. Насельнікі  Нясвіжскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў прымалі ў сябе калектыў аматарскай творчасці Затур’янскага сельскага дома культуры.

Раіса ХВІР,

 г. Нясвіж.    

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.