“Бітва паэтаў” у рамках “Бібліяночы-2015”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

паэзія

I крытыкі і песняры

Ад рання і да рання

Таўкуць, як мак той камары,

Адзінае пытанне:

Каб мець карысць,

належны плён,

Каб чуць яе душою,

Паэзія сучасных дзён

Павінна быць якою?

 Пятрусь Броўка.

І сапраўды, якою павінна быць паэзія? Услед за класікам беларускай літаратуры над гэтым пытаннем паразважалі ўдзельнікі і слухачы “Бітвы паэтаў”, якая прайшла ў рамках  “Бібліяночы-2015” у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Магчыма, хтосьці спытае: чаму менавіта “Бітва”? Усе  паэты, людзі са шчырай душой і адкрытым сэрцам, імкнуцца хутчэй да міру. У тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы адно са значэнняў  слова “бітва” — узброенае сутыкненне, у процівагу яму слова “мір” — адсутнасць варожасці, вайны. А таму ў якасці зброі ўдзельнікі “Бітвы паэтаў”, а імі  сталі  сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”    Уладзімір Жылко, Вера Мацнева, Барыс Вятлугін, Настасся Азарка, Сяргей Пракоф’еў, Раіса Хвір, Алена і Ігар Шаблоўскія,  выкарысталі рыфмы і рытмы ўласных вершаў, а таксама прачыталі свае любімыя творы з класічнай паэзіі.

Паэзія не толькі суцяшае душу, яна ўтрымлівае глыбокі, філасофскі сэнс, вучыць жыццю і нават прарочыць будучыню.  А таму першая тэма  паэтычнай бітвы — філасофскія вершы ўдзельнікаў. Другая тэма, прапанаваная нясвіжскім аўтарам — тэма кахання, любові да ўсяго існага.

У кожнага з удзельнікаў бітвы ёсць паэт, у якога б хацелася вучыцца, на якога б хацелася раўняцца. Таму ў трэцім туры конкурсу госці бібліятэкі слухалі вершы Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Тараса Шаўчэнкі, Аляксандра Пушкіна, Яўгенія Еўтушэнкі,  Цімура Кібірава, Ангеліны Дабравольскай і іншых.  Паэтычнае слова гучала на беларускай, рускай, украінскай мовах.

Старшыня журы — драматург, пісьменнік, паэт Уладзімір Васільевіч Пярцоў — адзначыў, што творы нясвіжскіх аўтараў, выбраныя для прачытання, маюць высокі паэтычны ўзровень. У фінал конкурсу выйшлі два аўтары — Сяргей Пракоф’еў і Алена Шаблоўская. Яны і працягнулі змаганне за галоўны прыз, прадастаўлены аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Завяршэнне любой бітвы — мір. Таму абодва ўдзельнікі фіналу — Сяргей Пракоф’еў і Алена Шаблоўская  — атрымалі ўзнагароды і сталі пераможцамі конкурсу “Бітвы паэтаў”.  А ўдзячныя гледачы выбралі і ўладальніка прыза глядацкіх сімпатый. Ім стаў Уладзімір Жылко.

Спадзяюся, што хвіліны, праведзеныя ў канферэнц-зале бібліятэкі, былі карыснымі для ўсіх наведвальнікаў. А ад сябе хачу сказаць: няхай вядуцца бітвы сярод паэтаў на розных мовах, і як мага часцей. Тады мір на зямлі будзе больш трывалым.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

галоўны бібліятэкар

 аддзела абслугоўвання

і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай

бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.