ДАРОГА І ЛЮДЗІ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DSC00936

Лічу, што гэта тэма адна з групы  праблематычных у жыцці, бо сёння дарожныя дэбаты набіраюць абароты. Двухбаковыя  іх удзельнікі часцяком  трапляюць у ДТЗ, а таксама ў канфліктныя сітуацыі. Але перш прывяду сумныя факты статыстыкі: з пачатку года на дарогах Мінскай вобласці ў 789 ДТЗ загінулі 164 чалавекі, 823 — атрымалі траўмы. Прычыны  смяротных зыходаў розныя: перавышэнне скорасці вадзіцелямі, упраўленне транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане, неасцярожнасць пешаходаў. Як вядома, колькасць аўтамашын з кожным годам павялічваецца, і на трасах ці ў дварах іх даволі шмат. Таму ад вадзіцеляў па-трабуецца вялікая ўвага і адказнасць, выкананне правілаў дарожнага руху. На жаль, не ўсе гэта  разумеюць, што ў выніку і прыводзіць да трагедый на дарогах. Асабліва грэшаць маладыя кіроўцы, якія імкнуцца праехацца з вецярком, бо ў іх, як сведчаць факты, у саміх вецер у галаве. Могуць ехаць без правоў, асабліва падлеткі. Напрошваецца пытанне: дзе быў бацька, калі шалапутны сын садзіўся за руль?  Аб тым, што можа быць пры павышэнні скорасці, яны не задумваюцца. У выніку — аварыі, разбітыя аўто, загубленыя жыцці. Далей расклад вядомы: суд, турма, пазбаўленне машыны і правоў. Думаць некаторым несвядомым вадзіцелям не хочацца, ім лепш начапіць на бампер непатрэбныя карцінкі або словы, накшталт “Дзяўчынкі, скачыце да нас!” ці іншую падобную лухту, якая на першы погляд здаецца нявіннай забаўкай. Але, па сутнасці, яна адцягвае ўвагу іншых вадзіцеляў. Не прынясе карысці і разупрыгожаная каляровымі дыскамі кабіна, якая блішчыць на сонцы і стварае дыскамфорт і перашкаджае іншым кіроўцам засяродзіцца на дарозе. Дзе гарантыя, што, заглядзеўшыся на падобныя “мастацкія” празмернасці, нейкі вадзіцель не прапусціць знак ці не ўбачыць своечасова пешахода? На маю думку, кампетэнтным органам варта звярнуць на гэта асаблівую ўвагу і забараніць ці абмежаваць непатрэбныя “аксесуары” на машынах. Дарога — не забаўляльны  маладзёжны цэнтр, а сур’ёзнае месца руху, дзе неабходны максімум увагі і канцэнтрацыя сіл на правільную язду. Ігнараванне гэтых простых правілаў, як вядома, заканчваецца сумна, а бывае — і непапраўна.

Сапраўдным бічом сталі для горада матацыклісты, іх празмернае захапленне скорасцю стварае аварыйную сітуацыю на дарогах. А яшчэ жаданне пакатацца з аглушальным шумам вечарам або ноччу. Ім — кайф, а насельніцтву — галаўны боль.

Вадзіцелям неабходна  быць гранічна ўважлівымі на анамальных участках дарог, якія існуюць. На іх нават  запрашаюць святароў, каб акрапіць тое месца. Тым, хто едзе там,  трэба быць крайне ўважлівымі і не перавышаць скорасці. Ёсць яшчэ адна балючая праблема: грубасць на дарогах. Нельга быць раўнадушнымі да фактаў боек паміж гарачымі галовамі, якім здаецца, што толькі яны маюць рацыю і сілай могуць вырашыць любы канфлікт. Аб гэтым красамоўна сведчаць ролікі ў інтэрнэце, дзе ашалелыя кіроўцы высвятляюць  адносіны з дапамогай бейсбольнай біты або манціроўкі.

Нецярпенне, грубасць і злосць валодаюць такімі людзьмі безразважна, што будзе потым, іх не хвалюе. Затуманены агрэсіяй мозг не здольны зрабіць вываду і спакойна разабрацца ў складанай сітуацыі. Шкада, што асобныя людзі ў даным выпадку становяцца падобнымі на азвярэлых асобін. Фінал, як правіла, не прымушае сябе чакаць — прыезд супрацоўнікаў ДАІ, разбіральніцтва, адказнасць і законная расплата. Не ўпрыгожваюць асобных  удзельнікаў дарожнага руху і грэблівыя адносіны да пешаходаў, што праяўляецца ў нецярплівасці: вадзіцелям хочацца, каб апошнія хутка перасякалі паласаты пераход. Яны не ўлічваюць некаторых фактараў. Па-першае, калі ідзе стары чалавек, ён не можа бегчы праз дарогу, як дзіця. Па-другое, куды спяшаецца шафёр, не на аўтобус жа — у яго свой транспарт. Па-трэцяе, чаму адсутнічае павага да іншага чалавека, у даным выпадку — пешахода? Між іншым, у Еўропе вадзіцелі спыняюцца перад “зебрай” загадзя, а не імкнуцца наехаць пешаходам амаль ці не на пяткі, як гэта бывае ў нас. А нярэдка здараецца, што вадзіцель едзе на зялёнае для пешахода святло, літаральна за некалькі крокаў ад чалавека. Я не раз бачыла такое ў нас у Нясвіжы.

Культуру і ўзаемапавагу яшчэ ніхто не адмяняў, і варта цывілізаванаму чалавеку не забываць элементарных правілаў паводзін. Дзеля справядлівасці хачу адзначыць, што бываюць і пешаходы няўважлівыя або нецярплівыя. Ім трэба помніць простае правіла, якому вучаць у школе: перш чым перайсці дарогу, паглядзі спачатку ўлева, потым управа. Нельга размаўляць па мабільніку пры кіраванні транспартам, адцягваць увагу ад  яе,  пускаць без нагляду  малалетніх дзяцей. З гэтай катэгорыяй удзельнікаў дарожнага руху асабліва шмат праблем, і, на жаль, дзеці гінуць пад коламі аўтамашын. Аднойчы даводзілася бачыць, як бабуля пераходзіла з унучкай дарогу не на пераходзе, а за некалькі метраў ад яго. Чаму? І чым яна думала, забываючыся на тое, што ў свой час дзіця пойдзе без яе не там, дзе трэба. Гэта недапушчальна з боку дарослых людзей, бо дзеці ўсё паўтараюць за імі.  Недапушчальна і паркоўка машын ля школ ці дзіцячых садоў, і добра, што перад гэтымі ўстановамі на дарозе абазначана вялікімі літарамі: “школа”.

Неабходна памятаць і пра тое, як правільна выходзіць з аўтобуса, калі ён спыняецца на праезджай частцы. Абыходзіць яго трэба спераду і глядзець па баках, каб не трапіць пад колы другога транспартнага сродку. Быў выпадак, калі чалавек парушыў данае правіла і трапіў пад машыну, на шчасце, застаўся жывым. Што перажыў пры гэтым вадзіцель аўтобуса, можна сабе ўявіць.

Надышла зіма, а, значыць, і кароткія дні. Для ўладальнікаў аўтамашын і матацыклаў гэта напружаны і адказны момант, які патрабуе высокай пільнасці на дарогах. На колах павінна быць зімовая гума, трэба замяніць шкломыючую вадкасць на «незамярзайку», праверыць акумулятар. Гэта ўсе ў прынцыпе ведаюць, але ж нярэдкія выпадкі, калі падрыхтоўка да  халоднага перыяду зацягваецца. Лепш паклапаціцца раней, тады і на шляху будзе спакайней.

Вядома, нерэальна звесці дарожна-транспартныя здарэнні  да нуля, але імкнуцца трэба, і залежыць гэта ад абодвух бакоў: вадзіцеляў і пешаходаў.

Раіса  ХВІР,

г. Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.