Дзякуй за працу, ветэраны!

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

(Працяг. Пачатак у № 95.)

Мы далей знаёмім чытачоў “НН” з ветэранамі аграпрамысловага комплексу раёна, удзельнікамі  сустрэчы заслужаных працаўнікоў сельскай  гаспадаркі Міншчыны.

DSC02407

Марыя Сямёнаўна Карачун 20 гадоў адпрацавала на свінаферме “Казлы” колішняга калгаса “Дружба”. Цяжкай была работа ўручную. Па тры разы на дзень хадзілі жанчыны на ферму, каб пакарміць, да-гледзець жывёлу. У снежныя завеі, у лютыя марозы адмяралі нястомна кіламетры дарог — гэта цяпер для рабочых арганізаваны падвоз. Даглядала Марыя Сямёнаўна 40 свінаматак, прымала апаросы. Бывала, з-за гэтага начаваць на ферме заставалася, глядзела, каб хаця маленькія парасяткі не замерзлі, не загінулі. “Бо гэта ж наша капеечка была, — кажа мая суразмоўца. — Дзяцей дома адных пакідала, бо дзеля іх і патрэбны быў заробак”. Калі калгас “Дружба” далучылі да калгаса “Новае жыццё”, свінаферму перавялі ў Аношкі. Таму Марыя Карачун перайшла на малочнатаварную ферму даглядаць цялят. Яе агульны працоўны стаж — 44 гады. За рупнасць, добрасумленнасць,  належнае выкананне сваіх абавязкаў, за высокія вытворчыя  паказчыкі жанчыну ўзнагародзілі ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені, яна мае медаль  “Ветэран працы”.

Марыю Сямёнаўну не песціў лёс. У Вялікую Айчынную вайну, калі ёй было 6 гадкоў, немцы расстралялі на вачах дзяўчынкі, ля хаты, яе бацьку Сямёна Іванавіча і яго роднага брата Іосіфа Іванавіча. Нехта сказаў фашыстам, што мужчыны звязаны з партызанамі.

Потым, стаўшы ўжо дарослай і займеўшы сваю сям’ю, яна рана страціла мужа Івана Мікалаевіча, засталася адна з двума малымі дзеткамі. Але не апусціла рук, усюды паспявала: на калгаснай ферме, на хатняй гаспадарцы. Гадавала дачок. І выраслі з іх добрыя памочніцы, самі даілі карову, калі маме не было часу. Старэйшая дачка, Антаніна Іванаўна Парэйка, цяпер ужо і сама на пенсіі, але яшчэ працуе — на той жа свінаферме “Казлы”.

“Дзяцей заўсёды вучыла: не зайздросце нікому, працуйце, іншым дапамагайце”, — кажа Марыя Сямёнаўна. І цяпер мае добрыя вынікі гэтага выхавання: яе нашчадкі — дружныя, працавітыя. Унукі ва ўсім дапамагаюць бабулі. Дарэчы, яна мае пяць праўнукаў.

— Як прайшло абласное  свята? — пацікавілася я ў Марыі Сямёнаўны.

— Адным словам! Лепш не трэба. Я спачатку, калі прапанавалі гэтую паездку, не вельмі хацела збірацца ў дарогу. А цяпер задаволена: хоць людзей паглядзела, канцэрт вельмі добры быў, дзеткі так  прыгожа выступалі.

За працу нам падзякавалі, падарункі дастойныя ўручылі. І ў дарозе не стамілася, у аўтобусе было цёпла, камфортна. Вялікі дзякуй усім, хто памятае і дбае пра нас, пажылых.

 

DSC02422

Перад ад’ездам на абласную ўрачыстасць можна было бачыць, з якой радасцю, задавальненнем сустрэліся Міхаіл Міхайлавіч Чырко і Міхаіл Уладзіміравіч Сарычаў.

Міхаіл Міхайлавіч Чырко (злева) гэтым летам адзначыў свой 70-гадовы юбілей. Але выглядае ён маладзей. Акуратны, падцягнуты. Працягвае працаваць  слесарам у сваёй ордэна Леніна райсельгастэхніцы, якая цяпер з’яўляецца адкрытым акцыянерным таварыствам “Нясвіжскі райаграсэрвіс”. Як прыйшоў сюды ў 1968 годзе, так і прыкіпеў, як кажуць. Рамантуе і рэгуліруе паліўную апаратуру. Ён — дока ў сваёй справе, умелец, майстар. Прафесіянал. За што мае ордэн “Знак Пашаны”. У 1982 годзе атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. Міхаіла Міхайлавіча паважаюць у калектыве. Характарызуюць як чалавека неканфліктнага, разважлівага, памяркоўнага і, вядома, працалюбівага.

Гэта пра такіх, як Міхаіл Чырко і яго калегі, гаварыў на ўрачыстым  мерапрыемстве ў Маладзечне старшыня Мінскага абласнога  выканаўчага камітэта  Сямён Шапіра:    “… А некаторыя з вас, хоць даўно пераступілі пенсійны ўзрост, па-ранейшаму ў рабочым страі — на ферме, у майстэрнях, за рулём трактара.

Вашымі імёнамі ганарылася і ганарыцца наша Міншчына.”

Міхаіла Уладзіміравіча Сарычава (справа) ведаюць на Нясвіжчыне ў некалькіх амплуа. Па-першае, як выдатнага спецыяліста ў жывёлагадоўлі, добрага  гаспадар-ніка. Ён 26 гадоў (з 1968 па 1994 гг.) працаваў дырэктарам Нясвіжскага племпрадпрыемства — з дня арганізацыі гэтай важнай структурнай адзінкі жывёлагадоўчай галіны раёна і вобласці. Па-другое, як вельмі актыўнага чалавека. Цяпер, на заслужаным адпачынку, ён з’яўляецца пастаянным удзельнікам хору ветэранаў працы “Аптымісты” г. Нясвіжа. І гледачы заслухоўваюцца яго выкананнем песень.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

(Працяг будзе.)

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.