Дзякуй за працу, ветэраны!

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

DSC02441

(Працяг. Пачатак у № 95, 96.)

Каля 400 ветэранаў аграпрамысловага комплексу Міншчыны  сабралася на  ўшанаванне заслужаных работнікаў галіны. Гэта было іх свята, якое стала праяўленнем вялікай удзячнасці за нялёгкую працу, адданасць выбранай справе, адданасць роднай зямлі.

Перад прысутнымі выступіў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта  Сямён Шапіра. Звяртаючыся да ветэранаў з цёплымі і шчырымі словамі, ён падкрэсліў, што “гэтую ўрачыстасць Мінскі абласны выканаўчы  камітэт расцэньвае і як  магчымасць трымаць перад нашымі настаўнікамі своеасаблівую справаздачу: як развіваецца рэгіён, якіх поспехаў дабіваюцца працаўнікі аграпрамысловага  комплексу, якія праблемы сёння неабходна рашаць, каб  рухацца далей”.

З добрымі словамі падзякі да заслужаных людзей  звярнуўся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня  Мінскай абласной арганізацыі аграпрамысловага саюза Беларусі, старшыня СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай Радаман. Ён расказаў таксама аб дасягненнях сваёй гаспадаркі, аб планах на будучае.

Групе ветэранаў АПК  старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра ўручыў узнагароды. Ганаровую грамату Мінскага  абласнога выканаўчага камітэта атрымала Валянціна Леанідаўна Жук (на фота — справа), якая больш за 20 гадоў адпрацавала галоўным заатэхнікам  упраўлення сель-скай гаспадаркі і харчавання Нясвіжскага  райвыканкама. А дагэтуль  у яе была работа заатэхнікам-селекцыянерам райплемстанцыі. Наогул жа працоўны шлях спецыялістам у АПК Валян-ціна Леанідаўна Жук пачала ў Капыльскім раёне пасля заканчэння   сельгасакадэміі.

З Антанінай Міхайлаўнай  Сільвановіч (у цэнтры),  якая першай прыехала ў Нясвіж той раніцай, мы яшчэ паспелі пагутарыць падчас збору  дэлегатаў ад Нясвіжчыны для паездкі на абласное святочнае мерапрыемства. Прыгадалі мінулае. У наш раён Антаніна Міхайлаўна пераехала ў 1970 годзе з суседняга  Стаўбцоўскага. Там была загадчыкам  свінафермы, галоўным заатэхнікам. У СВК “Гарадзея” (тады ён называўся саўгас “Гарадзейскі”) прапанавалі ўзначаліць ферму  па адкорму буйной рагатай  жывёлы “Дубрава”. Брыгадзірам працавала на ёй 35 гадоў.  Справа была няпростая і адказная. Ферма з’яўлялася сапраўдным цэхам па вытворчасці ялавічыны, на ёй атрымалівалі высокія прывагі жывёлы — 750-800 грамаў у суткі. Людзі там падабраліся добрыя, працавітыя. Антаніна Міхайлаўна з удзячнасцю называе імёны Алены Міхайлаўны Беза, Лідзіі Іванаўны Майсеенка, Івана Іванавіча Жука. Дзякуючы агульным намаганням, захаванню правільнай тэхналогіі кармлення жывёлы, яе догляду калектыў неаднаразова выходзіў пераможцам і абласнога, і рэспубліканскага спаборніцтва. А.М. Сільвановіч тройчы была ўдзельнікам ВДНГ СССР, узнагароджана  адным сярэбраным і двума бронзавымі медалямі. Яе старанні ацэнены таксама медалём “За доблесную працу” і Ганаровай граматай Вярхоўнага  Савета СССР.

Аб рабоце жывёлавода  Таццяна Міхайлаўна  Скудро (злева) ужо з маладых гадоў ведала не з чужых вуснаў. Пасля заканчэння дзесяцігодкі тры гады працавала  даяркай у калгасе “Праўда” Мастоўскага раёна. У 1966 годзе паспяхова закончыла зоатэхнічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Працавала загадчыкам фермы, галоўным заатэхнікам  у калгасах Карэліцкага  раёна. У 1981-1982 гадах — галоўным заатэхнікам упраўлення сельскай  гаспадаркі Нясвіжскага райвыканкама. З 1983 па 1994 гады — намеснікам старшыні калгаса “1 Мая” па жывёлагадоўлі і адначасова начальнікам комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы. На ўсіх участках, куды накіроўвалі спецыяліста, працавала з веданнем справы, не  лічылася з часам. За кампетэнтнасць, уменне правільна арганізаваць вытворчы працэс і высокія вытворчыя паказчыкі ў галіне жывёлагадоўлі Таццяна Міхайлаўна ў 1975 г. была ўзнагароджана медалём “За працоўную адзнаку”, а ў 1981 г. — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

— Вобласць прыязджала ў калгас “1 Мая” вучыцца, як весці адкорм на ўласных кармах. У 1992 годзе гаспадарка здала дзяржаве  2320 тон жывёлы. Гэта ўнушальная лічба, — расказвае Таццяна  Міхайлаўна.

Паездкай на абласное мерапрыемства мая суразмоўца  задаволена:

— Вельмі добра прайшло свята. Выдатная яго арганізацыя, шмат прыемных уражанняў. Я сустрэла былога першага сакратара Карэліцкага  райкама КПБ — ён узначальваў раён у той  час, як я там працавала. Успомнілі мінулыя гады. Дзякуй арганізатарам за такое свята для ветэранаў.

Гэтых трох абаяльных жанчын звязваюць агульная прафесія, былая работа спецыялістамі ў жывёлагадоўлі і адданасць раз і назаўсёды выбранай справе.Таму яны і выказалі жаданне  сфатаграфавацца для “НН” разам.

(Працяг будзе.)

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.