Дзякуй за працу, ветэраны!

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

1

Прадаўжаем знаёміць чытачоў “НН” з ветэранамі аграпрамысловага комплексу Нясвіжчыны, якія былі  запрошаны на абласное ўшанаванне заслужаных работнікаў АПК. Яны — нашы гонар і слава, людзі ад зямлі, якія  аддалі ёй свае веды, вопыт, сілы і многія гады жыцця.

(Працяг. Пачатак  у № 95, 96, 97.)

Мікалай Іванавіч Дэмух  (на фота — злева)  працу ў аграпрамысловым комплексе Беларусі пачаў у 1963 годзе пасля заканчэння Беларускай  сельгасакадэміі. Яго размеркавалі галоўным аграномам калгаса імя Дзяржынскага Слуцкага раёна. Гаспадарка была вялікая: 8 тысяч га сельгас-угоддзяў, 13 паляводчых брыгад і дзве агароднія. Маладому  спецыялісту было дзе прымяніць свае веды, прыкласці старанне. З раніцы да позняга вечара ездзіў па палях на кані — калі вярхом, калі ў брычцы. Спасцігаў практычныя навыкі земляроба-тэхнолага.

Праз два гады, у 1965-м, Мікалая Іванавіча накіравалі галоўным аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі Нясвіжскага райвыканкама. Потым ён стаў намеснікам начальніка ўпраўлення, галоўным дзяржаўным інспектарам па нарыхтоўках і якасці сельгаспрадукцыі па Нясвіжскім раёне,  загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі РК КПБ. У 1984-м прызначылі  начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі, першым намеснікам старшыні райвыканкама. Гэта быў час, калі ўкаранялі квадратна-гнездавы спосаб вырошчвання  кукурузы і цукровых буракоў, актыўна абнаўлялі насенны фонд збожжавых і бульбы. Навінкі земляробства дапамагалі павялічваць ураджай. Так, ураджайнасць збожжавых 28-30 ц/га тады была ўжо рэкорднай. Іменна за поспехі ў раслінаводстве М.І. Дэмуха ўзнагародзілі ў 1971г. ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама  медалём “За доблесную працу”, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

На пенсію Мікалай Іванавіч пайшоў у 1996 годзе.

Кавалер ордэна Працоўнай Славы 3-й ступені  (1985 г.) Леанід Міхайлавіч Сайкевіч (у цэнтры) — вадзіцель ААТ “Лань-Нясвіж”. А прыйшоў працаваць у гаспадарку ў 1967 г., атрымаўшы правы падчас службы ў арміі. Ветэран АПК летась размяняў ужо восьмы дзясятак, але знаходзіц-ца ў рабочым страі. У акцыянерным таварыстве яго характарызуюць так: “За гэты працяглы час зарэкамендаваў сябе працалюбівым, добрасумленным, вопытным работнікам, патрабавальным да сябе. Дысцыплінаваны і арганізаваны ў вырашэнні вытворчых пытанняў. Пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства. З’яўляецца настаўнікам  моладзі”. Вадзіцель неаднаразова атрымліваў падзякі за сваю працу, за значны ўклад у развіццё сельгасвытворчасці раёна. Падчас жніва ён звычайна абслугоў-вае збожжасушыльны комплекс. Перавозіў за дзень па 65 тон зерня. А ў астатні час загадам дырэктара акцыянернага таварыства замацаваны за свінакомплексам, перавозіць на яго тэрыторыі камбікорм і інгрэдыенты для яго прыгатавання: шрот, жамерыны, кукурузу.

— Вельмі адказны чалавек, — гаворыць загадчык гаража ААТ “Лань-Нясвіж” Вадзім Багдановіч. — 11 гадоў разам з ім працую — ніколі ніякіх негатыўных пытанняў не ўзнікала. У любы час сутак, у любую дарогу ён  гатовы ехаць.

Нездарма ж яго старанні адзначаны ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені.

Гэта было ў 80-я гады мінулага стагоддзя. У  Нясвіжскім раёне праводзілі конкурс аратых, сабраліся механізатары з усіх калгасаў. Перамог у конкурсе Генадзь Уладзіміравіч Пахадня (на нашым здымку — справа) з калгаса імя Дзяржынскага (цяпер ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”). Атрымаў вымпел і грашовую прэмію. Ён араў поле на гусенічным трактары Т-74 і паказаў лепшыя вынікі.

Аб гэтым вытэран працы расказаў мне падчас нядаўняй сустрэчы ў Нясвіжы.

За гады працы ў калгасе Генадзь Уладзіміравіч асвоіў трактары многіх марак: ДТ-54, ДТ-75, Т-74.  Калі атрымалі першы ў гаспадарцы Т-150, даверылі таксама яму. Потым былі  яшчэ ДТ-75 (пагрузчык),  апошнім часам перад выхадам на пенсію — бульдозер ДТ-75. Адзін сезон механізатар убіраў збажыну на камбайне СК-5, некалькі сезонаў касіў травы падчас нарыхтоўкі кармоў.

Чалавек вопытны, усім, хто ні звяртаўся, дапамагаў, падказваў, як лепш зрабіць, адрамантаваць ці адрэгуляваць вузлы. Напрыклад, той жа задні  мост ці клапанны механізм. Ведаў, што маладыя і нявопытныя  трактарысты маюць патрэбу ў падтрымцы, памятаў, як сам некалі  (у 59-м — 60-м гадах) вучыўся ў Міхаіла Барысавіча Яськевіча, быў у яго памочнікам  трактарыста.

З 1958 года, калі стаў  у калгасе паляводам, да 1997 года, як выйшаў на пенсію, доўжыўся рабочы шлях Генадзя Уладзіміра-віча Пахадні з вёскі Стаўпішча. Ён узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

(Працяг будзе).

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.