Дзякуй за працу, ветэраны!

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

DSC02460

(Працяг. Пачатак  у № 95, 96, 97, 98).

Аператар машыннага даення  кароў Хрысціна Баляславаўна Жданюк (на здымку)  сваю самастойную працу пачала пасля  сярэдняй школы ў калгасе “Шлях камунізму” Стаўбцоўскага раёна. У 1976 годзе яна з сям’ёй пераехала  ў Сноў. Тут таксама засталася даяркай — на ферме “Новы Сноў” тадышняга калгаса імя Калініна, цяпер — СВК “Агракамбінат Сноў”. Дабівалася высокіх надояў малака. Чатыры гады ўдзельнічала  ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве, узнагароджана бронзавым, сярэбраным і двума залатымі медалямі СССР — гэта былі 1982-1984, 1986 гады. У 1985 годзе дзяржава адзначыла яе значны ўклад у развіццё народнай гаспадаркі ордэнам  Працоўнай Славы      3-й ступені.

Уладзімір Серафімавіч Бабёр (на фота — другі справа) — намеснік старшыні СВК “Агракамбінат Сноў”, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэнаў “Знак Пашаны” і Пашаны, мае медаль “За працоўную доблесць”. За плячыма — вялікі  стаж, багацейшы вопыт  галоўнага тэхнолага зямлі. А некалі (у 1966 г.) пачынаў у калгасе імя Калініна паляводам. Потым стаў памочнікам брыгадзіра, брыгадзірам, начальнікам участка, старшым аграномам. У 1984-м прызначылі  галоўным аграномам.

Ні разу не пашкадаваў Уладзімір Серафімавіч, што выбраў прафесію агранома. Зямлю  любіць з дзяцінства. Веды, набытыя ў Беларускай сельгасакадэміі, а пасля — і вопыт, жаданне поўнасцю рэалізаваць сябе ў любімай справе зрабілі яго сапраўдным мэтрам у практычным земляробстве. І ў тым, што сноўскія землі з часам усё больш павялічваюць аддачу гектара (нагадаю, ураджайнасць збожжавых з 12 ц/га ў 50-я гады вырасла да 101,6 ц/га ў 2015 годзе), ёсць вялікая заслуга Уладзіміра Серафімавіча.

З 2014 года ён працуе намеснікам старшыні  агракамбіната.  Цяпер даводзіцца арганізоўваць і адказваць за справы на ўсіх участках. Але ж вопыту, мэтанакіраванасці і  патрабавальнасці У.С. Бабру не займаць.

Так атрымалася, што пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі ў  1973 годзе   Пётр Іванавіч Крайко (на фота — справа) трапіў працаваць у сістэму “Птушкапрама” — накіравалі галоўным  інжынерам у саўгас “Нясвіжскі” нашага раёна, дзе была птушкаферма. У 1979 годзе саўгас далучылі да калгаса  імя Калініна, і тадышні старшыня  Я.В. Аляксанкін прапанаваў спецыялісту пасаду загадчыка машыннага двара, на якой  адпрацаваў да 1990 года. А ў 90-м узначаліў птушкаферму, дзе і прайшоў 21 год — час, поўны вялікіх перамен, абнаўлення, час вірлівы, перапоўнены клопатамі. Пётр Іванавіч успамінае:

— Калі я ўзначаліў ферму, на ёй было 8 птушнікаў, старое, клетачнае абсталяванне. У 1996 годзе Міхаіл Аляксандравіч Карчміт, які тады ўзначальваў гаспадарку, арганізаваў для нас,  спецыялістаў, шасцідзённую паездку ў Галандыю для азнаямлення з заходнімі тэхналогіямі  вырошчвання птушкі, свіней, буйной рагатай жывёлы. Для нас там  усё было ў навінку. Карчміт прыняў рашэнне ісці па шляху рэканструкцыі ў цэлым па  гаспадарцы, а пачынаць — з птушкаводства як самай хуткаспелай галіны, якая прынясе аддачу ў кароткі перыяд. За 1997 год мы рэканструявалі ўсе восем птушнікаў без зніжэння тэмпаў вытворчасці дыетычнага мяса. Пачалі працаваць па новых тэхналогіях. І — расшырацца. Калі я ў 2011-м ішоў на пенсію, на ферме было ўжо 26 птушнікаў.

Значна выраслі за гэтыя гады і вытворчыя паказчыкі птушкафермы. Калі Пётр Крайко пачынаў на ёй начальнікам, мяса за год атрымлівалі 1700 тон, сярэднясутачныя прывагі ў 27 грамаў лічыліся вельмі добрымі, расход корму складаў 3 кармавыя адзінкі на 1 кг прывагі, тэрміны ўтрымання доўжыліся 56-60 дзён, вага тушкі складала 1,5-1,7 кг. У канцы яго дзейнасці кіраўніком за год вырошчвалі 11 тысяч тон мяса, сярэднясутачныя прывагі дасягнулі 50-60 грамаў, затраты кармоў знізіліся да 1,7-1,8 кармавой адзінкі  на 1 кг прывагі, тэрміны ўтрымання скараціліся да 42 дзён, а тушкі пачалі важыць па 2 і болей кілаграмаў.

Цяпер птушкаферму ўзначальвае Уладзімір Мітронь. “Вытворчасць — у надзейных руках, — кажа Пётр Іванавіч Крайко. — Уладзімір закончыў  Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, працаваў на нашай ферме ветурачом, усё тут яму знаёма да драбніц. Мы, часам, сустракаемся з ім, гутарым. Мне цікава ведаць пра справы ў калектыве. І радуюся, што ўсё ідзе як след”.

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Міхаіл Аляксандравіч Касцюкевіч (на фота — злева) успамінае, што, будучы юнаком, вельмі палюбіў тэхніку. Падчас вучобы ў Сноўскай  школе наведваў аўтамабільны гурток. У 11 класе, калі пісалі сачыненне аб сваёй будучай прафесіі, так і напісаў: хачу стаць  інжынерам. І стаў ім.

Адразу пасля школы пайшоў працаваць слесарам у мясцовы  калгас імя Калініна. У 1965 годзе паступіў на завочнае навучанне ў Беларускі інстытут  механізацыі сельскай гаспадаркі. У гаспадарцы прызначылі механікам. А ўжо дыпламаваным  спецыялістам паехаў у калгас “1 Мая”, да 1976-га працаваў там галоўным інжынерам. Потым была пасада інструктара аргаддзела РК КПБ. А ў 1978 годзе Міхаіла Касцюкевіча прызначылі дырэктарам насенняводчага саўгаса  “Друцкаўшчызна”, які спецыялізаваўся на вырошчванні насення сталовага гароху, кармавых і сталовых буракоў, кропу, шчаўя і цыкорыя, цыбулін цюльпанаў  і нарцысаў. Справы ладзіліся. Гаспадарка з’яўлялася самай лепшай у аб’яднанні “Белсортнасенгародніна”.

— Тэрыторыя саўгаса была невялікай, кампактнай. Хацелася яе і добраўпарадкаваць, — расказвае Міхаіл Аляксандравіч. — Шмат намаганняў давялося прыкласці, каб заасфальтаваць дарогі. З галоўным прарабам аб’яднання “Саюзсортнасенгародніна” доўга дабі-валіся ў Маскве, каб сталічныя чыноўнікі далі “дабро” на ўкладку асфальту на цэнтральнай сядзібе. Дабіліся. Заасфальтавалі тэрыторыі фермы і машыннага двара, шашу да мяжы з Брэсцкай  вобласцю, вуліцы, нават да  кожнага дому праклалі  асфальт.

Дырэктарам РУП “Насенняводчы саўгас “Друцкаўшчызна” М.А. Касцюкевіч працаваў да 2009 года. Цяпер — на заслужаным адпачынку.

Аб яго належных адносінах да даручанай справы сведчаць дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн “Знак Пашаны”, два знакі ўдарніка пяцігодак (адзін з іх атрымаў, яшчэ працуючы ў калгасе “1 Мая”). Але самым важным для Міхаіла Аляксандравіча з’яўляецца званне “Выдатнік сацыялістычнай сельскай  гаспадаркі СССР”, якое атрымаў у 80-я гады. Бо званне — саюзнае, а Саюз быў вялікай і магутнай дзяржавай.

Усе, аб кім мы расказалі ў артыкуле, былі сёлета ўключаны ў склад дэлегацыі Нясвіжскага раёна і ўдзельнічалі ў абласным мерапрыемстве па ўшанаванні заслужаных людзей аграпрамысловага комплексу Міншчыны.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

(Заканчэнне будзе).

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.