“Рыцар беларускіх замкаў”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Karatkevich

Сёлета ў Беларусі  праходзяць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя  85-годдзю з дня нараджэння слыннага класіка нацыянальнага прыгожага пісьменства  Уладзіміра Караткевіча.  Фактычна сёлета мы адзначаем і другую дату — 60-годдзе пачатку творчай дзейнасці Уладзіміра Сямёна-віча. Менавіта ў далёкім ужо 1955 годзе ён пачаў друкавацца.

На малой радзіме Майстра, у горадзе Оршы, у музеі У. Караткевіча адкрыліся ўнікальная выстава рукапісаў з фондавых збораў музейнага комплексу і мастацкая выстава “Зямля пад белымі крыламі ”.

Адметна, што беларусы змогуць пазнаёміцца ў хуткім часе з салідным 25-томным выданнем твораў “рыцара беларускіх замкаў”. Яшчэ ў 2011 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало гэтае скрупулёзна-энцыклапедычнае выданне твораў пісьменніка. У гэты   збор будуць уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю, выступленні. Тэксты друкуюцца з адмененымі нематываванымі рэдактарскімі і цэнзарскімі праўкамі.  Уладзімір Караткевіч у прозе распрацоўваў пераважна гістарычную праблематыку. Ён першым у беларускай літаратуры звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.  Яго хвалявалі  і антыфеадальная,  антыклерыкальная барацьба, і паўстанне 1863-64 гадоў, і многія іншыя пытанні бурнага і вірлівага  часу. Адметна, што яго продкі  былі шляхецкага саслоўя,  паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва, іншых беларускіх гарадоў.  А адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі — Тамаш Грыневіч —  удзельнічаў   у паўстанні 1863-64 гадоў.

Значны ўплыў на пісьменніка  аказаў дзед па лініі маці Васіль Грынкевіч, які і стаў прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане “Каласы пад сярпом тваім”. Менавіта ад яго Уладзімір пачуў і  легенду «Маці Ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743-1744 гадоў.

З вялікай асалодай мы чытаем і перачытваем яго раманы “Нельга забыць”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”,  “Чазенія”, “Зброя”.

У паэзіі  (зборнікі “Матчына душа”, “Вячэрнія ветразі”, “Мая Іліяда”, “Быў. Ёсць. Буду”) аўтар паўстае перад намі як патрыёт сінявокай Беларусі.  Ён плённа выкарыстоўваў традыцыі  сусветнай лірыкі, і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую пры-хільнасць да роднага  фальклору і гістарычнага сюжэта.

Ён любіў падарожнічаць,  наведаў многія мясціны Беларусі,  Польшчы, Чэхаславакіі.  Многія яго творы і нараджаліся ў дарозе.

Праявіў сябе творца і як драматург. Ён аўтар п’ес “Млын на Сініх Вірах”, “Званы Віцебска”, “Кастусь Каліноўскі”, “Калыска чатырох чараўніц”.

Вялікі рэзананс выклікаў і яго знакаміты нарыс “Зямля пад белымі крыламі”, сама назва якога даўно стала крылатай.  На Беларускім тэлебачанні  вёў праграму “Спадчына”, прысвечаную гісторыі і культуры Бацькаўшчыны.

Ён здолеў  істотна ўзбагаціць айчынную літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніць яе інтэлектуальным і філасофскім зместам.

Творы пісьменніка перакла-дзены на многія мовы свету, а сам У. Караткевіч ажыццявіў пераклад на родную мову  твораў  Г. Катула,  Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франко  і іншых.

Пра класіка створана дакументальная стужка “Быў. Ёсць. Буду”, відэафільмы “Успамін” і “Рыцар і слуга Беларусі”.  Імя Караткевіча носяць бібліятэкі ў Віцебску, Наваполацку, Оршы, Таліне.

У Оршы (вул. Леніна, 26) аматараў творчасці запрашае музей У. Караткевіча.   Экспазіцыя ўключае ў сябе абстаноўку пасляваеннага дома на вуліцы Касманаўтаў у Оршы, з мэбляй пісьменніка, яго рэчамі. Таксама тут узноўлены фрагмент ка-бінета мінскай кватэры Караткевіча.  Матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі.

Помнік У. Караткевічу  ў Оршы адкрыты 27 чэрвеня 1992 г. да 925-годдзя Оршы. Першапачаткова ён размяшчаўся на месцы згарэлага ў вайну дома, у які сям’я Караткевіча засялілася ў 1939 г., але пазней быў перанесены ў цэнтральны парк Оршы. У Віцебску помнік  пісьменніку быў устаноўлены ў 1994 годзе (скульптар І. Казак,  архітэктар В. Рыбакоў).  14 красавіка 2011 г. быў усталяваны скульптурны помнік Караткевічу ў сталіцы Украіны,  аўтарамі якога  сталі беларусы Кастусь Селіханаў і Алег Варвашэня, архітэктарам —  Аляксандр Корбут.

На дамах у Оршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х, і ў Мінску, дзе была яго кватэра, усталяваны памятныя дошкі. Яго імем названы вуліцы ў Віцебску, Рагачове і Оршы.

Бясспрэчна,  творчасць Уладзіміра Караткевіча набывае яшчэ большую папулярнасць і актуальнасць у ХХІ стагоддзі. Адзін з даследчыкаў яго творчасці  літаратуразнаўца Анатоль Верабей  назваў Караткевіча гонарам і сумленнем беларускай літаратуры, пісьменнікам, які змог цалкам раскрыць душу народа і яго нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы. А  пісьменнік Янка Брыль характарызаваў Караткевіча як нястомнага літаратара, які пастаянна і грунтоўна працаваў над сабой. Ён таксама гаварыў, што многія ведалі Уладзіміра Караткевіча як чалавека невычарпальна-светлага настрою, які ўмеў смяяцца як дзіцё, усёй душой любіў беларускі народ і родную зямлю.

Уладзімір Караткевіч не толькі выйшаў з гушчы народа, але і заставаўся з народам да апошніх дзён жыцця.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

г. Віцебск.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.