У НОВЫ ГОД — З ПАЗІТЫВАМ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

новогоднее оформление

Як правядзеш стары год, такім будзе і новы. Гэты выраз даўно стаў крылатым, і людзі стараюцца прытрымлівацца яго. А дапамагаюць ім другія. У прыватнасці, стварыць добры настрой тым, каму  “за…”, пастаянна імкнуцца супрацоўнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вось і напярэдадні 2016-га года яны запрасілі лю-дзей пажылога ўзросту ў раённы цэнтр культуры і адпачынку на святочны “агеньчык”.

Сюды прыйшлі ўдзельнікі харавых калектываў “Аптымісты” і “Элегія”, клуба “Альбом майго жыцця”, майстры народнай творчасці. Іх цёпла вітала работніца РТЦСАН Алена Варабей, якая павіншавала з надыходзячым Новым годам і пажадала прысутным здароўя, шчасця, дабрабыту і актыўнай жыццёвай пазіцыі. Затым эстафету прыняў  вядучы свята Сяргей Калеснікаў,  ён шчыра і весела пачаў праграму, звярнуўся з добрымі і аптымістычнымі словамі да гасцей. Адрасаваў ім цікавыя жыццёвыя пытанні, накшталт галоўных каштоўнасцей, такіх, як каханне і дружба, захапленні і надзеі.

У людзей гэта выклікала пазітыўныя эмоцыі, многія з ахвотай адказвалі на пытанні, некаторыя чыталі вершы. Словам, раўнадушных у зале не было, як і належыць у перадсвяточны дзень. Вясёласці і цудоўнага настрою дабавілі мясцовыя артысты. ансамбль танца “Арыён” пад кіраўніцтвам Жанны Галавач у яркіх маляўнічых касцюмах выканаў танцы “Сцюардэса” (а таксама аднайменную песню) і агнявы  цыганскі.  Дружнымі апладысментамі віталі і выступленне выдатных спевакоў Любові Дрык, Сяргея Калеснікава, Ігара Гарбачова, Юрыя Гапановіча.

Немагчыма ўявіць навагодняе свята без Снягуркі і Дзеда Мароза, і гэтыя лю-бімыя народам персанажы прыйшлі, каб павіншаваць усіх, запаліць ёлачку і правесці вясёлыя гульні, загадкі, наладзіць карагод. Нават Баба Яга не змагла многа нашкодзіць, уражаная дружным і вясёлым калектывам аптымістычных лю-дзей, якім было камфортна і слаўна, бо вакол панавала цудоўная атмасфера, напоўненая пазітывам і добрымі ўсмешкамі. У розных танцах таксама прымалі актыўны ўдзел усе жадаючыя, іскрыліся жарты, сардэчныя пажаданні. А потым людзі залатога ўзросту  спявалі папулярныя песні, частаваліся салодкімі прысмакамі і добрым квасам. пачастункі, дарэчы, спансіравалі супрацоўнікі РТЦСАН, а культурную праграму забяспечыў  раённы цэнтр культуры і адпачынку. За што і дзякавалі ім прысутныя. Усе засталіся задаволеныя вясёлым святам, якое аб’яднала людзей пажылога ўзросту. Разам заўсёды цікава і добра праводзіць вольны час, а галоўнае —  адчуваць сябе патрэбнымі і здольнымі на актыўны і здаровы лад жыцця.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.