Усхвалім чалавечнасць

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

духовность

Дабрыня для душы тое самае, што здароўе для цела: яна непрыкметная, калі валодаеш ёю, і яна дае поспех ва ўсякай  справе.                      

                                                            Л.М.Талстой.

Прачытала змястоўны і актуальны артыкул Ірыны Ціхонка  “Давайце з думай жыць аб дабрыні” ў “НН” за 30 кастрычніка і вырашыла адгукнуцца, бо прачулыя радкі і хвалюючыя факты выклікалі розныя эмоцыі. Перш за ўсё, парадавалася прыкладам дабрыні і чалавечнасці, праяўленай нашымі людзьмі ў розных абставінах. Так хочацца верыць, што іх усё-такі шмат. І гэта добра, бо мы прыйшлі на зямлю ствараць, а не разбураць.  І проста абавязаны апраўдаць сваю назву “чалавек разумны” або па-лацінску “homa sapiens”. Накіраваць дадзенае прыродай разуменне свету і яго акалічнасцей у добрае рэчышча, прынесці карысць сваёй дзейнасцю. А пачалася яна на зары чалавецтва ў тыя далёкія часы, калі па зямлі хадзілі дзікія жывёлы. Іх прыручылі людзі, выкарыстоўваючы ўмелы падыход і разумнае абыходжанне. Узамен яны атрымалі на службу сабе сабак і кароў, свойскую птушку, і абодвум бакам стала лепш жыць. Прайшлі стагоддзі, змяніліся маральныя і матэрыяльныя каштоўнасці, і ў які бок ні вагалася б стрэлка, усё роўна без дабра не абыходзіліся. Калі ўзяць бліжэйшыя да нас падзеі, то многія памятаюць, як пасля землятрусу ў Спітаку (Арменія) мы збіралі сродкі на падтрымку пацярпелых. Беларусам трагедыю прынёс той дзень, калі адбыўся  ўзрыў на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Мінску. Нашай краіне спачувалі. І многія нашы людзі праяўлялі спагаду: параненых таксісты і прыватнікі ўласных машын адвозілі без усякай просьбы ці загаду ў бальніцы ці дадому. Вось яны, прыклады чалавечнасці, здольнасці спачуваць чужому гору і па меры магчымасці дапамагаць. А потым да месца здарэння мінчане (і не толькі) неслі жывыя кветкі як сімвал памяці і  жалю аб загінуўшых.

Пасля гібелі 224 пасажыраў і членаў экіпажа расійскага самалёта ў Егіпце да пасольстваў Расіі ў Мінску і іншых сталіцах людзі неслі кветкі, дзіцячыя цацкі, свечкі. Свет спачувае і смуткуе, а гэта і ёсць адрозненне вышэйшых стварэнняў прыроды: суперажываць, шкадаваць, маліцца за тых, хто загінуў, і за тых, каго чакае дарога. Каб усе вярнуліся жывымі і здаровымі. Нават песня такая ёсць са словамі: “Няхай карабель даплыве, няхай самалёт даляціць, а таму, хто ідзе, няхай добрым будзе шлях.”

Праявілася людская еднасць і ў горы, што прынёс нядаўні тэракт у Парыжы, дзе ад рук тэрарыстаў загінулі 129 чалавек. Усе краіны выказалі спачуванне французскаму народу, і па традыцыі, у многіх гарадах людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў ускладалі кветкі ля пасольстваў пацярпелай краіны.

Але гэтыя жудасныя факты бесчалавечнага ўчынку прымушаюць задумацца: адкуль такая жорсткасць? Чаму ў той жа Францыі падлеткі пайшлі на такі жорсткі крок, адкуль нянавісць і гатоўнасць забіваць? На гэтыя пытанні давядзецца адказваць палітыкам, усяму грамадству. Думаць і прымаць меры, каб такое не паўтарылася, бо на тэракт маладых злачынцаў скіравалі дарослыя. Жахлівае здарэнне не павінна пакінуць абыякавым нікога, і гэта праблема не толькі Францыі, а ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва.

Выхоўваць пачуццё дабрыні і любові да бліжняга і братоў нашых меншых трэба з малога ўзросту, і пачынаць з дробнага, на першы погляд.

Дапаможаш старому чалавеку падняцца на крутыя прыступкі, паднясеш сумку, прачытаеш для яго дробнымі літарамі напісаны тэкст — і гэта ўжо добра.

Галоўнае, што нехта застаўся ўдзячны табе, і твой настрой палепшыцца.

Ёсць людзі, якія робяць патрэбную справу ціха і непрыкметна. Хочацца прывесці ў прыклад жыхарку нашага дома па вуліцы Ракасоўскага ў Нясвіжы М.І. Гладкую: у свае восемдзесят з хвосцікам яна не лянуецца падмесці ў пад’ездзе і каля яго, выйдзе з венікам і на другі бок дому і там прыбярэ лісце ці смецце, кінутае бескультурнымі асобамі. Наўрад ці яна думае, што робіць вялікую справу ці дабро камусьці, яна проста гэта выконвае. Пабольш бы такіх свядомых і працавітых.

Успамінаю і такі прыклад. Было гэта некалькі гадоў назад: сядзім з суседкай на лаўцы ля пад’езда, а да нас падыходзяць дзве дзяўчынкі і ўручаюць  рукатворныя рамонкі з бісеру. Прыемна ўражаныя, мы падзякавалі ім. І не так важна, ці па заданні дарослых яны гэта зрабілі, ці самі праявілі ініцыятыву. У любым выпадку, нам спадабалася, а той рамонак я захоўваю і сёння.

На жаль, ёсць адваротныя факты: пад вокнамі нашага дома — аўтастаянка,  і даволі часта даводзіцца бачыць, як уладальнікі машын выкідваюць на траву пустыя бутэлькі, каробкі і г.д. Ім не прыходзіць у галаву, што гэта — агіднае хамства і што яны не толькі не паважаюць іншых, але і саміх сябе. Такія людзі “выхаваюць” і адпаведных дзяцей, якія паўтораць бацькоўскае бескультур’е. А калі б іх з малых гадоў навучылі класці ў кішэню фанцік ад цукеркі, то яны не выкінулі б смецце абы-дзе і ў дарослым узросце. Калі дзіця ці падлетак мучыць у двары ката, наўрад ці вырасце такі сынок спагадлівым і добрым.

Часам чалавек саліднага ўзросту не можа ў магазіне прачытаць цэннікі (акуляры засталіся дома), пытае прадаўца, колькі каштуе той ці іншы тавар. На што маладая здаровая дзяўчына кідае: “Там напісана”. Вось вам “дабрыня”. А замест гэтых слоў яна проста назвала б цану, і ўсе былі б пры сваіх інтарэсах. Спытаць бы такую фанабэрыстую маладуху: “А маме сваёй ты так  адказала б?” Або: “А ты не думаеш, што пастарэеш і твае вочы не будуць так служыць, як у маладосці?” Такія простыя рэчы не прыходзяць у галаву некаторым, а шкада, бо таму пакупніку ўжо не захочацца ісці ў краму, дзе хамаватыя прадаўцы.

На шчасце, ёсць і станоўчыя прыклады. Прыемна зайсці ў прыватную краму “Архідэя”,  дзе не палянуюцца адказаць, расказаць, паказаць. Магчыма, таму яна такая папулярная ў несвіжан і не толькі ў іх. Культура аб-слугоўвання сведчыць аб унутранай культуры работнікаў прылаўка. Калі такая адсутнічае, наўрад ці пачуюць пакупнікі словы ветлівасці.

Такіх жыццёвых паралеляў можна прывесці многа. Важна, што дабра нямала, а тыя, каму гэтага не хапае, павінны ўсё ж задумацца. Бо сёння ты нагрубіш, а заўтра — і табе. Нездарма кажуць: трымай сябе з іншымі так, як ты хочаш, каб абыходзіліся з табою. Простая ісціна, яна падуладна кожнаму, як і ўменне тварыць дабро, бо без яго загінуў бы свет. І толькі добрыя ўчынкі і пачуцці яго выратуюць, выведуць нас на светлую дарогу жыцця, дзе дамінуюць радасць і любоў.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.