Жыццё як сон

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

паэзія

Як кружылася галава ад   водару бэзу, што пышна   цвіў ля хаты!  Алёна не магла адысці ад пахучага куста, а побач стаяў каханы і пяшчотна абдымаў яе за плечы. Маладая пара забылася на час, ім здавалася, што яго так многа будзе наперадзе. Сустрэчы, ласкавыя словы, гарачыня пачуццяў…

Хто не быў у тым шчаслівым тумане?!  Бадай, усе, каму каханне падарыла радасць жыцця. Алёна адчувала сябе лёгкай пушынкай, якая ляціць на белым воблаку, і так не хочацца на зямлю. Кожнай раніцай яна прачыналася з думкай пра яго, свайго Толіка, і днём марыла пра вечар, на рабоце беспрычынна ўсміхалася. Дзяўчаты-калегі жартавалі:

— Ну, зноў наша Ленка недзе далёка. Дзяўчына, вярніся на працу!

А яна шчасліва ўсміхалася і пачынала гартаць зводкі.

Аднойчы Алёна прыйшла на работу і адчула, што нешта не тое вакол.

І не памылілася: да яе падышла Таня і сказала:

— Прабач, Алёнка, але я чула, што Толік ездзіць да другой дзяўчыны. Мне казалі, яна багатых бацькоў, прыгожая…

Алёна здранцвела, рукі сталі нібы чужыя, не слухаліся. Памаўчала, а потым сказала:

— Можа, гэта няпраўда, ён жа мяне кахае.

Таня адказала:

— Ну, не ведаю, але, як кажуць, дыму без агню не бывае.

Ледзь даседзела Алёна да канца рабочага дня, бо ўнутры ўсё гарэла, а сэрца не хацела верыць у здраду. Да таго ж, яна чакала дзіця. Такога не можа быць, каб Толік адрокся ад сваёй крывіначкі. Вечарам яна чакала хлопца ля іх месца, але той не прыйшоў. Дзяўчына не ведала, што і думаць. А потым з горыччу сказала сабе: “Значыць, праўду людзі кажуць. Ну што ж… Але чаму не сказаць прама ў вочы, а так подла знікнуць?!” Алёна пайшла па алеі, дзе раслі каштаны. Яны саспелі ў зялёнай шкарлупіне, а тая трэскалася, і карычневыя, гладка адпаліраваныя плады падалі на зямлю. Алёна глядзела на іх і думала: “Вось так і маё каханне разбілася, упала… Але каштаны можна падняць, а вярнуць Толю ўжо нельга”.

Дзяўчына рашыла нічога нікому не гаварыць і сваё гора адной гараваць.

Толік прыслаў ёй пісьмо, у якім прасіў прабачэння і прызнаўся, што будзе жаніцца з другой.

Алёна змірылася з лёсам і пачала жыць далей. Яна ведала, што падабаецца Віктару, настаўніку адной са школ райцэнтра, але раней была захоплена Толікам, а цяпер ёй нікога не хацелася бачыць. Яна расцвіла і ажыла толькі з нараджэннем сыночка, гэта маленькая істота перавярнула душу, напоўніла радасцю і сэнсам яе жыццё. Маці Лены не папракала дачку, яна дапамагала купаць хлопчыка, песціла, радавалася ўнуку. А як свяціліся вочы ў маладой мамы, калі сынок Юрка пачаў хадзіць, а потым гаварыць! Калі ён крыху падрос, Лена аддала сынка ў дзіцячы сад. Клопатаў прыбавілася, але зноў выручала маці, якая любіла ўнука і шкадавала дачку.

Аднойчы  ля варот завода, дзе працавала Лена, яе сустрэў Віктар. Дзяўчына не здзівілася, але ўсё ж спытала:

— Віця, што здарылася?

— Ну чаму — здарылася? Я хацеў цябе ўбачыць, пагаварыць, давай сустрэнемся вечарам ля возера.

Лена памаўчала, а потым сказала:

— Віця, ты добры хлопец, і можаш знайсці сабе дзяўчыну. А я ўжо другога сорту, ды і сынок у мяне.

— Ты — лепшая за ўсіх! — горача запярэчыў Віктар. — Ты ж ведаеш, я цябе да арміі кахаў, але ты не глядзела ў мой бок… Я прысвяціў табе некалькі вершаў, але саромеўся паказаць.

Лена не ведала, што сказаць хлопцу. На самай справе, ёй увогуле падабаўся гэты сціплы юнак, ён не захапляўся гарэлкай, не курыў, заўжды акуратна апрануты, сімпатычны. Але ўявіць  сябе побач з ім не магла, думала, што Віктару яна з дзіцём не пара.

— Дык што? — спытаў ён, — прыйдзеш?

Яна павагалася і ўздыхнуўшы, згадзілася.

Дома расказала маці, тая адразу выказала сваю думку:

— І думаць няма чаго, ідзі, можа, гэта твой лёс. Праўда, ён крыху занудны, бо прынцыповы, але затое не падмане і будзеце жыць.

На спатканне Віктар прынёс ружы, яркія, прыгожыя. Лена засаромелася, падзякавала і сказала:

— Як ты здагадаўся, што я люблю ружы?

— Ты сама як ружы, прыгажуня мая. Леначка, я прашу цябе стаць маёй жонкай. Юрка будзе маім сынам, не сумнявайся, я люблю вас  абаіх.

Уражаная такой хуткасцю прызнання і прапановы, дзяўчына маўчала.

Потым прамовіла:

— Я падумаю.

Маці яе такой навіне ўзрадавалася:

— Вось і добра, будзем рыхтавацца да вяселля.

Калі маладыя ехалі да ЗАГСа, кружыла белая завея, сняжынкі нібы танцавалі вясельны вальс. Пасля рэгістрацыі Віктар нёс на руках сваю жонку, яго перапаўняла шчасце — жаданне  збылося. У Лены кружылася галава, ёй было хораша і лёгка. Жыць яны пачалі ў кватэры Віктара, набылі новую мэблю, а потым пабудавалі дачу. Там працаваў у асноўным муж, а калі жонка імкнулася дапамагаць, ён гаварыў:

— Ты ў мяне не для работы, ты — маё ўпрыгожанне. Твае пальчыкі павінны быць далікатныя і чыстыя, я сам зраблю, а ты пагуляй з Юркам, кветкі паглядзіце.

Прыйшоў час, і Алёна нара-дзіла сына. Віктар быў на сёмым небе, абсыпаў жонку ружамі, прынёс самых смачных цукерак. Яна смяялася і думала: “Няўжо можна быць такой шчаслівай? Мілы мой, слаўны муж, радасць мая…”

Лена жыла нібы ў шчаслівым сне, радавалася кожнаму дню, птушкам, аблачынкам, ветрыку. Па небе плылі бела-шэрыя воблакі, пышныя, па краях няроўныя, нібы непрычэсаныя. Так здавалася Алёне і яна думала: “Сесці б на гэты пушысты “самалёт” і паляцець высока-высока…”

Падрастаў Вовачка. Цешыліся бацькі. Віктар, як заўжды, узяў на сябе клопаты пра маленькага, аберагаў Лену ад цяжкасцей, песціў. Але не ўбярог…

Аднойчы яна прыйшла з работы і адразу лягла на канапу. Мужа яшчэ не было, яна адчула сябе дрэнна і не магла зразумець, чаму. Прыйшоў са школы Юрка, паглядзеў, што мама ляжыць, і сам пайшоў разаграваць ежу. Лена памкнулася ўстаць і выйсці на кухню, але пахіснулася і ўпала.

— Мама, што з табой?— спалохана закрычаў Юрка, — я па-званю ў “хуткую”.

— Не трэба, сынок, зараз пройдзе, — спыніла Лена сына.

Ён стаяў каля яе і не ведаў, што рабіць. Тут прыйшоў Віктар, і Юрка далажыў яму ўсё. Той кінуўся да жонкі:

— Леначка, я выклікаю “хуткую”, не хачу рызыкаваць табой. Трэба ў бальніцу, праверыцца, каб быць упэўненым, што ўсё добра.

Медыкі забралі Лену, пачалося абследаванне і выявілася анкалогія, страўнік быў пашкоджаны  поўнасцю… Урачы канстатавалі чацвёртую стадыю.

Віктар плакаў дома, каб жонка не бачыла яго слёз, маліўся перад іконай, прасіў Бога не забіраць яго Алёнку, яго шчасце. Хадзіў у бальніцу, прыносіў яе любімыя ружы, мыў жонку, расчэсваў яе цёмныя валасы, якія ад “хіміі” былі ўжо рэдкія, і гаварыў, гаварыў… Ён хацеў, каб Лена не думала пра хваробу, чытаў цікавыя гісторыі. І толькі калі бачыў, што яна стамлялася,  змаўкаў і гладзіў яе валасы, з цяжкасцю стрымліваючы слёзы, якія прасіліся з вачэй. Лена, калі ёй станавілася крыху лягчэй, абдымала мужа слабай рукой і казала:

— Віцечка, я такая шчаслівая была з табой, дзякуй табе, мілы. Я хачу, калі мяне не стане, каб ты знайшоў сабе добрую жанчыну і ажаніўся, каб не пакутаваў доўга.

Віктар з запалам спыняў жонку і запэўніваў, што не жэніцца больш ніколі,  а яна будзе жыць.

Лена трымалася мужна, праз сілу ўсміхалася, старалася не паказваць, як ёй балюча. Алёне зрабілі аперацыю, яна пражыла яшчэ год і дзякавала Богу  за тое, што бачыла  дзетак, поўныя любові вочы мужа, сваю маці, белы свет.

Яна пайшла з жыцця ясным восеньскім днём, калі на дрэвах барвовым полымем гарэла лісце і жоўтыя клёны ўсыпалі двор. Віктар ужо не мог плакаць, ён неадрыўна глядзеў на любы твар і не верыў, што развітваецца з каханай назаўсёды. Духавы аркестр іграў жалобную мелодыю, было шмат кветак і людзей, а ён не бачыў нікога, толькі прыціскаў да сябе сыноў і машынальна крочыў за труной…

Кожны дзень ездзіў на магілу, прыбіраў яе, ставіў у вялікія вазы ружы і расказваў Лене, як прайшоў дзень, навіны пра сыноў. Боль страты  крыху прытупіўся, але сэрца яшчэ балела і не жадала змірыцца. Віктар сам зрабіў праект помніка на магілу жонкі — прыгожы мармур з партрэтам любімай.

Аднойчы яму прысніўся сон, у якім Лена сказала, каб ажаніўся на бяздзетнай жанчыне, якая даглядала б і любіла іх сыноў. Ён доўга не мог прыйсці да сябе: “Як так можа быць? Мая мілая і там пра нас клапоціцца,  думае. Божа мой, што ж мне рабіць?”

Праз два месяцы Віктар пазнаёміўся з жанчынай. Аказалася, што яна не магла мець  дзяцей.

Надзея, так звалі гэту сціплую, мілую кабету, спадабалася яму. Што цікава: нарадзіліся яны ў адзін  дзень, 13 студзеня. І гэта чысло, насуперак забабонам, аказалася для іх шчаслівым. Пажаніліся ціха, на вяселлі былі толькі  самыя блізкія. Надзя не здымала партрэтаў Лены са сцен, не выкідвала яе адзення, бачыла, як Віктар беражэ памяць пра першую жонку. Ён ацаніў такую далікатнасць, у душы радаваўся, што не памы-ліўся з другім шлюбам.

Жылі яны дружна, Віктар шанаваў  жонку, бо разумеў, што толькі ўзаемнае пачуццё і павага трымаюць сям’ю. У доме заўсёды былі кветкі, і каля дому яны раслі, як жыццесцвярджальныя яркія промні. А жыццё, як і сон, рознае і непрадказальнае.

Раіса ХВІР,

 г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.