Для святла і прыгажосці

духовность

Зялёнымі лапкамі ёлак, рознакаляровымі яркімі цацкамі і вясёлым смехам  адзвінела навагодняе свята. У жыццярадасных фарбах было афармленне і ў Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, куды наведалася група валанцёраў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на стары Новы год. У фае нас прыемна ўразіла  святочная выстава з аптымістычнай назвай: ”Мы жывём, каб несці свету дабро і прыгажосць”. Змешчаныя на стэндзе фотаздымкі ілюструюць будні насельнікаў інтэрната:   добраўпарадкаванне тэрыторыі, вязанне і вышыванне, вырабы са шкла і паперы, іншых прыродных матэрыялаў. Усё гэта — справа ўмелых рук Я.М. Баравой, М.С. Севасцьянавай, А.В. Серадзінскага, У.Я. Новіка, М.С. Ратомскай і многіх іншых. Сваёй творчасцю яны сапраўды ўпрыгожваюць жыццё ўласнае і суседзяў, нясуць дабро і святло. Побач быў яшчэ адзін цікавы навагодні  калаж: ёлачка, зробленая з фольгі, што само па сабе арыгінальна і маляўніча, а ўнізе — напісаныя ад рукі пажаданні. На калідорах, у фае і аддзяленнях — прыбраныя ёлкі, гірлянды. Святочная атмасфера адчувалася ўсюды, а валанцёры, у сваю чаргу, павіншавалі пажылых людзей са святам і пажадалі ім добрага здароўя, аптымізму і бадзёрасці, выканалі некалькі песень, а потым разнеслі па палатах пахучыя яблыкі і салодкія ласункі.  А Дзед Мароз і Снягурка (іх ролі выконвалі супрацоўнікі Цэнтра) таксама цёпла павіншавалі жанчын і мужчын з Новым годам і пажадалі ім дабра ды здароўя. Затым былі здымкі на памяць з жадаючымі, вясёлыя жарты, вершы. Дарэчы, ва ўсіх аддзяленнях назіралася чысціня, утульнасць, на калідорах і ў клубе — шмат кветак і зеляніны. У адным з пераходаў мы ўбачылі вельмі забаўную парачку: фігуркі прыгожа апранутых у нацыянальныя строі бабулі і дзядулі, побач іх жыўнасць — курачка ды буслік.

Цікавы факт: у доме-інтэрнаце рыхтуюцца да здачы ў эксплуатацыю новыя нумары для тых, хто пажадае тут жыць. Праўда, яны будуць каштаваць дорага, але ўмовы таго вартыя. У “камплекце” — гасцёўня, спальня, асобны санвузел, пакой адпачынку. Я думаю, знойдуцца людзі, якім такое камфартабельнае жыллё акажацца па кішэні (ці іх дзецям). Галоўнае — што дырэкцыя ўстановы пастаянна імкнецца да абнаўлення і ўдасканалення ў рабоце, клапоціцца пра лепшае жыццё для тых, хто шмат гадоў працаваў на карысць Радзімы і мае права на дастойную старасць.

Ініцыятарам паездкі ў дом-інтэрнат стала спецыяліст па сацыяльнай рабоце РТЦСАН Алена Варабей, а лёгкія на пад’ём валанцёры хутка сабраліся ў дарогу…

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.