Дзякуй за працу, ветэраны!

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

жук3

(Заканчэнне. Пачатак у № 95 — 99 за 2015 г.)

Сённяшнім інтэрв’ю з ветэранам працы         Мікалаем Антонавічам ЖУКАМ мы завяршаем цыкл публікацый аб заслужаных людзях          аграпрамысловага комплексу Нясвіжскага раёна, якія ў снежні былі  запрошаны на абласное     мерапрыемства па ўшанаванні ветэранаў АПК Міншчыны.

— Мікалай Антонавіч, Вас многія ведаюць  і памятаюць як старшыню выканкама  Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў, як кіраўніка жыллёва-камунальнай службы раёна. Але перад гэтымі пасадамі была працяглая работа ў аграпрамысловым комплексе, Вы шмат чаго дасягнулі, заслужыўшы  прызнанне і павагу. Раскажыце, калі  ласка, пра той час.

— У мяне і працоўны шлях пачынаўся калгаснікам — у калгасе “Савецкая Беларусь” Клецкага раёна. Потым скончыў тэхнічнае вучылішча, быў электраманцёрам, давялося шмат палазіць па слупах. Мы вялі электралініі ў Капыльскім і Мінскім раёнах. У 1968 годзе, пасля Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, прыехаў у Нясвіжскую сельгастэхніку, атрымаў прызначэнне інжынерам-тэхнолагам. У маім падпарадкаванні знаходзіліся чатыры чалавекі. Мы займаліся тэхналогіяй рамонту трактараў. Потым Нясвіжскую сельгастэхніку пераарыентавалі на рамонт бульбаўборачных камбайнаў і капалак. Каб займацца ім, давялося распрацоўваць адпаведнае  тэхналагіч-нае абсталяванне.

Праз год, у 69-м, прызначылі  галоўным інжынерам. Канешне, работы было вельмі многа, таму што толькі пачалі рамантаваць бульбаўборачныя  камбайны для ўсёй рэспублікі. Абсталявання ніякага, запчастак не было, даводзілася шмат займацца рэстаўрацыяй, асабліва валоў і транспарцёраў. У гэты час мне давялося, упершыню ў сістэме “Сельгастэхнікі”, арганізоўваць выраб дэталей —  розных утулак — з металічнага парашку. Гэта была мая ініцыятыва і распрацоўка. Звязаўся з політэхнічным інстытутам, яго супрацоўнікі аказалі дапамогу. Мы закупілі  абсталяванне і запусцілі ўчастак па выпуску дэталей. Наш участак парашковай металургіі быў  адзі-ны ў рэспубліцы, на адным з заводаў у Мінску падобны толькі пачыналі ствараць. Гэта стала вялікай падмогай для рамонту, мы маглі ўкамплектоўваць камбайны.

Перад калектывам стаяла задача нарошчваць аб’ёмы работы майстэрні, і мне давялося  ехаць на Украіну, вывучаць спосаб вырабу металічнай сеткі для агароджы. Гэта цяпер яе многія выпускаюць, у тым ліку і прыватныя майстры. А ўпершыню  вырабляць пачалі  мы ў “Сельгастэхніцы”. Вялікі ўклад у распрацоўку тэхналогіі ўнеслі нашы рацыяналізатары Сяргей Уладзімі-равіч Булгакаў і Аляксандр Аляксеевіч Швака. З іх дапамогай вытачылі неабходныя  дэталі, стварылі абсталяванне для вырабу сеткі.

— У “Сельгастэхніцы” працавала шмат цікавых людзей, умельцаў, вялікіх прафесіяналаў. Назавіце і іншых паплечнікаў, з кім ажыццяўлялі свае ідэі.

— Безумоўна, гэта Герой Сацыялістычнай Працы Мікалай  Мікалаевіч Герман, слесар па наладцы паліўнай апаратуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Міхаіл Міхайлавіч Чырко, таксама слесар па рамонце і рэгуліроўцы паліўнай апаратуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР слесар Генадзь Паўлавіч Клюсілаў. Працавалі ў той час таксама слесары Мікалай Іванавіч Мяленька, Мікалай Мікалаевіч Яроцкі і многія іншыя.

Мы стварылі сваё канструктарскае бюро па распрацоўцы і рэстаўрацыі дэталей, якое ўзначальваў Станіслаў Альбінавіч Шарамета. Бюро праіснавала паўтара  года. Закрылася, калі ў ім адпала неабходнасць — з заводаў пачало паступаць болей запасных частак для сельгасмашын.

Рамонтны фонд нашай “Сельгастэхнікі” быў даволі вялікі. Камбайнамі і капалкамі застаўлялі  ўсю тэрыторыю. За зіму  мы ўсё гэта “перапрацоўвалі” і да сезону ўборкі бульбы  ўжо нічога не заставалася. Тэхніку па гаспадарках мы развозілі самі, сваім транспартам. Так што работы хапала ўсім.

І колькасныя, і якасныя паказчыкі калектыву былі даволі ўнушальныя, і ў 1971 годзе ён быў узнагароджаны ордэнам леніна, а ў 1979-м і 1981-м — пераходнымі Чырвонымі сцягамі ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ з занясеннем на Усесаюзную Дошку гонару на ВДНГ СССР. Ганаруся, што пашчасціла працаваць у такім калектыве. Яшчэ пазней, у 84-85 гадах, Нясвіжская сельгастэхніка двойчы атрымлівала такія сцягі.

— Пасля Ваша працоўная дзейнасць набыла новы віток…

— У 1974 годзе прыехаў да нас на прадпрыемства першы сакратар Нясвіжскага райкама партыі Кім Фёдаравіч Сінічкін і сказаў: “Мікалай Антонавіч, трэба ўзначаліць Гарадзейскае аддзяленне “Сельгастэхнікі”. Трэба дык трэба. Так пачалася мая дзейнасць па ахове раслін, унясенні ў глебу ўгнаенняў. Калектыў там сфарміраваўся вельмі добры. Пабудавалі вытворчую базу, пачалі нарошчваць аб’ёмы вытворчасці.

Вялікая ўвага ўдзялялася ў тыя гады павышэнню ўрадлівасці зямлі. Мы вельмі шмат нарыхтоў-валі тарфакрошкі  для арганічных угнаенняў. Быў адзін год, калі яе за лета назапасілі 600 тысяч тон, і ўсю трэба было за зімовы перыяд вывезці на фермы калгасаў і саўгасаў, дзе яе кампасціравалі, а ўжо пасля вывозілі на палі і ўносілі ў глебу для павышэння яе ўрадлівасці. І вось калі наступала зіма, то гэта быў для нас вельмі гарачы перыяд. Трактары і машыны гулі на ўсіх тарфяных  пляцоўках — апошніх у раёне было сем.

У 1976 годзе наша арганізацыя стала называцца “Гара-дзейскае аддзяленне сельгастэхнікі па хімічным абслугоў-ванні”. У 1979-м яе ператварылі ў Нясвіжскае раённае вытворчае аб’яднанне  па аграхімічным абслугоўванні сельскай гаспадаркі (“Сельгасхімію”), мяне прызначылі старшынёй. На гэтай паса-дзе адпрацаваў да 1983 года. Гэта былі самыя цікавыя, самыя напружаныя гады работы. Мы атрымлівалі, згодна з фондамі раёна, усе мінеральныя ўгнаенні, якія потым, па размеркаванні ўпраўлення сельскай гаспадаркі, вывозілі ў калгасы і саўгасы. Часта самі ж уносілі іх у глебу. Поў-насцю займаліся вапнаваннем кіслых глебаў — гаспадаркі гэтага не рабілі.  Хімічнай апрацоўкай пасеваў таксама займалася толькі  “Сельгасхімія”. У гаспадарках  тады яшчэ не было тэхнікі для ўнясення хімічных прэпаратаў. Уся апаратура знаходзілася ў нас.  Канешне, яна была самая дапатопная. Цяперашняя, у параўнанні з той, што мелі мы, — проста цуд. Хімікаты ўносілі вентылятарнымі распырсквальнікамі. Прэпарата больш заставалася ў паветры, чым  трапляла на пасевы.  Тады не было яшчэ тэхналагічнай каляіны,  тэхніка хадзіла проста па пасевах. Высокай якасці работы дабіцца  было цяжка, таму нашы рацыяналізатары пачалі думаць, як  дабіцца, каб прэпараты прыносілі большую карысць. І прыдумалі. Зрабілі ў сябе чатыры штангі, якіх у раёне яшчэ не было, і пачалі ўносіць ядахімікаты непасрэдна на расліны. Такім чынам, дабіліся добрых вынікаў на праполцы.

У тыя ж часы давялося нам уносіць бязводны аміяк. Атрымлівалі яго ў спецыяльных цыстэрнах, уносілі ў глебу спецыяльнай тэхнікай. Работа была вельмі няпростай, шкоднай і для здароўя людзей, і для жывёльнага свету. Добра, што гэты метад праіснаваў нядоўга — недзе з год. У большасці ж уносілі аміячную ваду, тымі штангамі, што самі зрабілі. Але навука рухалася наперад, з’явіліся новыя формы  ўгнаенняў і новыя спосабы іх унясення, не такія агрэсіўныя.

Мінеральных угнаенняў у рэспубліцы не хапала. Даводзілася шукаць іх самім. Памятаю, ездзіў са старшынёй калгаса “17 верасня” Рыгорам Паўлавічам  Сасноўскім аж у Маскву, “прабівалі” гэтыя тукі — па 5, па 6 тысяч тон звыш фондаў.

Для зніжэння кіслотнасці глебы многа займаліся нарыхтоўкай дэфекату на пляцоўках цукровага  камбіната, дзе складзірава-ліся адходы перапрацоўкі цукровых буракоў.  Мы яго там сушылі, вывозілі на палі гаспадарак і ўносілі ў глебу. Гэта таксама значна паляпшала яе  стан, бо дэфекат служыў і арганічным угнаеннем, і вапнавым матэрыялам.

Напэўна, створаны намі у той час пэўны задзел павышэння ўрадлівасці глебы дапамагае ў нейкай ступені і зараз атрымліваць высокія ўраджаі сельгаскультур.

— Ведаю, што пра Нясвіж-скую сельгасхімію, як і пра Нясвіжскую сельгастэхніку,  ішла добрая слава…

— Так. Я ўжо гаварыў, што там падабраўся вельмі зладжаны калектыў. З высокім пачуццём адказнасці. Напрыклад, у вясновы час даводзілася працаваць на калгасных палях на хімічнай праполцы увесь светлавы дзень, без выхадных, таму што  нельга было ўпусціць аптымальныя  тэрміны гэтага аграпрыёму. Кожны разумеў: усё трэба зрабіць для павышэння ўра-джаю.  З якім патрыятызмам працавалі людзі! Ніколі не лічыліся з часам. Хочацца назваць Адама Адамавіча Ярашэвіча, Міхаіла Дзмітрые-віча Базыльчука, Зянона Станіслававіча Гардзіевіча, Міхаіла Баляслававіча  Главінскага, Міхаіла Міхайлавіча Даменікоўскага. Маім намеснікам па хімізацыі працаваў Іван Уладзіміравіч Дашко, чалавек вельмі адказны.

Наша “Сельгас-хімія” была на  добрым рахунку і ў рэспубліцы, і ў Саюзе. На яе базе праводзілі ўсесаюзны семінар па аграхімічным абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Прысутнічалі старшыні абласных аб’яднанняў “Сельгасхіміі” з усё нашай тады вялізнай краіны. Стварылі школу перадавога вопыту, і да нас прыязджалі вучыцца з усяго Савецкага Саюза. А я з Анатолем Мікалаевічам Бычакам, у той час ён быў першым сакратаром райкама партыі, у сваю чаргу, ездзілі на  ўсесаюзны семінар па агра-хімічным абслугоўванні сельскай  гаспадаркі ў Харкаў. На тым се-мінары прысутнічаў Міхаіл  Сяргеевіч Гарбачоў, які курыраваў сельскую гаспадарку, працуючы сакратаром у ЦК КПСС.

Наш раён па ўсіх паказчыках быў лепшым у вобласці, атрым-ліваў пераходныя Чырвоныя сцягі. Намаганні калектыву Нясвіж-скай сельгасхіміі таксама былі адзначаны дзяржавай. Яе ўзнагародзілі  пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. Пазней, калі “Сельгасхімію” ўзначальваў ужо Анатоль Фядосавіч Клімовіч, яна яшчэ раз атрымала  такі пераходны сцяг. Многія работнікі таксама былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

У 83-м годзе мяне прызначылі начальнікам упраўлення сель-скай гаспадаркі. Аб’ёмы работы і адказнасць, безумоўна, павялічыліся, але гэта не было  для мяне новым, бо і дагэтуль працаваў поплеч з кіраўнікамі і спецыялістамі. У той час пачалі будаўніцтва свінагадоўчага комплексу на 24 тысячы галоў у Лані, комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы ў саўгасе “Гара-дзейскі”, будаваўся комплекс у Дубейках. Мне давялося курыраваць гэтыя будоўлі, пастаянна праводзіць там планёркі.

У канцы 83-га стаў старшынёй выканкама раённага Савета дэпутатаў. Фронт работ аказаўся намнога большы: і сельская гаспадарка, і прамысловасць, і добраўпарадкаванне, і будаўніцтва. Шмат мы будавалі ў тыя гады…

— Думаю, варта сказаць нашым чытачам, што і Вы маеце дзяржаўныя адзнакі за сваю карпатлівую працу. 1970 год — медаль “За доблесную працу”, 1982 год — медаль “За працоўную доблесць”, нагрудны знак “Ударнік 11-й пяцігодкі”, Ганаровая грамата рэспубліканскага  вытворчага навуковага  аб’яднання “Белсельгасхімія”, 1985 год — сярэбраны медаль Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, 1989 год — Ганаровая грамата Мінскага абласнога камітэта партыі і аблвыканкама, 2000 год — Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь…

На працягу двух скліканняў землякі  выбіралі Вас дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў.

Мікалай Антонавіч, Вы працавалі разам з людзьмі, у тым ліку і вышэйшымі па пасадзе, з якімі  вырашалі розныя пытанні. Хто пакінуў у душы  самы адметны след?

— У нашым раёне працаваў такі выдатны чалавек, як Мяфодзій Мікалаевіч Бандарчык. У 1976 — 1981  гадах ён быў першым сакратаром  РК КПБ. Пра яго засталіся добрыя ўспаміны. Я заўсёды знаходзіў з ім агульную мову. Мяфодзій Мікалаевіч з павагай адносіўся да мяне, часта запрашаў да сябе, цікавіўся работай нашай “Сельгасхіміі”.

Самыя цёплыя ўспаміны засталіся пра  Рыгора Міхайлавіча Лазара, упраўляючага “Сельгастэхнікі”, які быў маім першым настаўнікам  на данай вытворчасці: як ён трымаў дысцыпліну, як нацэльваў калектыў на высокую культуру вытворчасці! Ва ўсіх цэхах, памятаю, расставілі на падаконніках кветкі, добраўпарадкавалі прыцэхавыя пляцоўкі, высадзілі шмат кветак на вуліцы. Было чыста, прыгожа і ўтульна. Пераняўшы ўсё, потым я ўкараняў  гэта і ў “Сельгасхіміі”. Там таксама было шмат кветак.

З Мар’янам Зеліслававічам Івашкевічам, які ўзначальваў абласное  ўпраўленне аховы здароўя, разам праводзілі планёркі падчас будаўніцтва бальніцы ў Гарадзеі. Гэта таксама быў разумны, памяркоўны, добры чалавек.

Калі я працаваў у “Сельгасхіміі”, да нас прыязджаў намеснік міністра  сельскай гаспадаркі Хусаінаў. Недзе ў 1984 ці 1985 годзе як старшыня райвыканкама сустракаў на Нясвіжскай зямлі старшыню Савета Міністраў БССР Бровікава, суправаджаў яго ў Сноў, да Аляксанкіна, гутарылі пра справы раёна.

І самая незабыўная сустрэча — з першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Міронавічам Машэравым. Неяк выклікалі нас — першых сакратароў РК КПБ, старшынь райвыканкамаў, кіраўнікоў “Сельгасхіміі” і “Сельгастэхнікі” з усёй Беларусі — і ён проста ў полі пад Мінскам праводзіў рэспубліканскую нараду перад пачаткам пасяўной кампаніі. Пётр Міронавіч абышоў усіх удзельнікаў па крузе, павітаўся за руку. Гэта было так прыемна, хвалююча!

— Падчас паездкі ў Мала-дзечна на абласное свята, напэўна, сустрэліся з былымі калегамі, знаёмымі?

— Сустрэўся з Анатолем Мікалаевічам Рубанікам, былым старшынёй Клецкага райвыканкама, Анатолем  Міхайлавічам Жукам, былым першым намеснікам старшыні Мінаблвыканкама, які курыраваў сельскую гаспадарку, з Аляксеем Еўдакімавічам  Забалотным, былым старшынёй Смалявіцкага райвыканкама, з Уладзімірам Гіляравічам  Гаркуном, былым першым сакратаром Дзяржынскага РК КПБ — цяпер ён з’яўляецца першым намеснікам  Старшыні Выканаўчага камітэта, Выканаўчым сакратаром СНД. Пагаварылі, паўспаміналі…

Сустрэчу Мінаблвыканкам арганізаваў на высокім узроўні. Запрасілі шмат  заслужаных лю-дзей, якія ўсё сваё жыццё аддалі вытворчасці АПК. Для нас, пенсія-нераў, гэта — як напамін аб значнасці таго, што мы некалі зрабілі, прынеслі карысць народнай гаспадарцы краіны. Добра, што нас не забываюць.

— Мікалай Антонавіч, ёсць яшчэ адзін жыццёвы аспект, пра які я проста не магу не распытаць у Вас. Бо гэта звязана з падзеямі  Вялікай Айчыннай вайны, з цяжкім пасляваенным часам. Летась мы святкавалі 70-годдзе Перамогі над нямецкім фашызмам, шмат гаварылі і пісалі пра тыя ліхія гадзіны, пра гераізм нашых людзей. Але размоў пра іх ніколі не будзе замнога, бо вельмі  адпакутаваў беларускі народ.

Вы ж нарадзіліся ў 1939-м. Дзіця вайны…

— Я нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, у Беластоцкім  ваяводстве (пазней — вобласць), на тэрыторыі, якая належала ў той час  панскай Польшчы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька, сваякі, суседзі выкапалі на нашай сядзібе вялікую яму, зверху паклалі таўшчэзныя бярвенні — атрымаўся бліндаж. Мы ў ім жылі, бо ў нашай хаце жылі немцы.

Памятаю, як у 44-м савецкія самалёты бамбілі Беласток, як “кацюшы” лупілі па горадзе, калі гналі фашыстаў назад, на захад. Мы з бацькам ляжалі ў баразне, ён закрываў мяне сваім целам, каб не параніла асколкам.

Пасля вайны Беласток адышоў Польшчы. Мае бацькі не змаглі там жыць і ў 1945-м вы-ехалі. Такіх беларусаў, якія не захацелі заставацца на землях, што ўвашлі  ў састаў Польшчы, было шмат. Бацька запісаўся ехаць у Сумскую вобласць Украіны. Заехалі — а там нічога няма. Людзі галадаюць. І мы, не выгружаючыся з вагонаў, пераехалі на Міншчыну, у Клецкі раён. Тут ужо былі беларусы, што пераехалі з захаду раней, яны запрасілі нас, каб трымацца ўсім разам. Мы пасяліліся ў вёсцы Кухчыцы, у былым панскім доміку Лабоцкіх. Тры пакоі і кухня на дзве сям’і. У нас — двое дарослых і пяцёра дзяцей, у суседзяў — двое дарослых і чацвёра дзяцей. Цяжка жылося ў галодны і халодны пасляваенны час. Асабліва цяжка стала, як я пайшоў у школу. Абуцца, апрануцца не было ў што. Сумку маці пашыла з мешкавіны. І толькі ў 4 класе бацька даў мне афіцэрскую сумку, якую яму, брыгадзіру калгаса, падарыў нехта з ваенных, што вярнуўся з фронту. Было столькі гонару, столькі радасці!

Бацька, Антон Іосіфавіч, 25 гадоў адпрацаваў брыгадзірам у калгасе “Савецкая Беларусь”. І я малым хадзіў у калгас, каб зарабіць, на што жыць, што есці. У 11-12 гадоў абганяў канём бульбу. Хадзіў з іншымі дзецьмі ў поле капаць карані каксагызу — у калгасе вырошчвалі гэтую падобную на дзьмухавец расліну, карэнне якой выкарыстоўвалі для вырабу каўчука. У 3-4 класе ўжо капалі  калгасную бульбу.

Зімы стаялі халодныя, снежныя, у сакавіку-красавіку такая здаралася паводка, што не прабрацца. Хадзіць жа ў школу трэба было з хутара, за тры кіламетры. Гумавага абутку не мелі. Але — хадзілі. І вучыліся з “агеньчыкам”. У нашай сям’і было тры браты і ўсе выбіліся, як кажуць, у людзі. Адзін мой брат стаў афіцэрам, другі — лётчыкам першага класа. Безумоўна, адыгралі сваю ролю веды і тая настойлівасць, з якой мы гэтыя веды атрымлівалі. Дарэчы, 10-годку я заканчваў у Клецку, прытым у вячэрняй школе, бо ў дзённай не хапала месцаў. Чалавек дзесяць нас хадзіла на заняткі, дамоў вярталіся ў 12 ночы. Жадаючых мець адукацыю было многа. Мы хацелі вучыцца.

Мікалай Антонавіч закончыў свой няспешны аповед. Колькі яго ведаю, заўсёды бачыла вось такім — спакойным, вытрыманым, разважлівым і добразычлівым. З пачуццём уласнай годнасці. Чалавекам, які валодае вялікай унутранай культурай. Сапраўдным інтэлігентам. Застаецца дадаць, што Мікалай Антонавіч 57 гадоў пражыў са сваёй жонкай Надзеяй Леанідаўнай у каханні і згодзе. Яны выгадавалі дзвюх дачок, маюць унука і трох унучак — усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Род працавітых, творчых, цікавых людзей  працягваецца.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.