Многа снегу — многа хлеба

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

поле2DSCN1693

Снег кружыцца, лятае… Гляджу ў акно, любуюся гэтым белым танцам у паветры. І ўспамінаю далёкія мінулыя гады. 1969-ы… 1970-ы… Зімы тады былі такія снежныя, што вясковыя вуліцы  замятала да стрэхаў будынкаў. Жыхары маёй роднай Затур’і  пракопвалі ў гурбах тунэлі, каб трапіць у хлеў, пограб, да калодзежа. Каб прайсці па вуліцы, рыдлёўкамі высякалі ў гурбах прыступкі. Шлях да магазіна, пошты ці ФАПа для людзей пажылых быў нялёгкім, бо даводзілася па зацвярдзелых сумётах, як па дзюнах, падымацца ўверх і спускацца ўніз. Дзетвары і моладзі, канешне, усё было не па чым. Весела, з гульнямі, жартамі, хадзілі ў школу, у клуб, бавілі вольны час на свежым, марозным паветры.

Дарога для транспарту пракладвалася за вёскай, дзе снегу было  меней і ляжаў ён роўна. І галоўным транспартным сродкам служыў гусенічны трактар з вялікімі трактарнымі санямі. На іх вазілі з калгаснай фермы малако ў бідонах на малочны завод у Нясвіж. На сані  прымошчваліся пасажырамі і людзі, каму вельмі трэба было трапіць у райцэнтр.

Потым зімы сталі менш  снежнымі, і былі выпадкі, калі  нават Новы год сустракалі  без снегу. Хаця нам, жыхарам сярэдняй паласы, усё ж болей па душы вось такая чыстая, белая снежная зіма. З канькамі, лыжамі, санкамі, снежкамі, іскрыстым і пушыстым інеем на дрэвах.

Канешне, снегапад, а яшчэ горш — стыхія прыносяць праблемы дарожнікам, транспартнікам, камунальнікам, энергетыкам і прадстаўнікам іншых сфер народнай гаспадаркі, проста жыхарам гарадоў і вёсак.

Але ж ёсць і другі бок медаля. Снег — гэта крыніца вільгаці ў глебе. І сёлетняе яго адноснае багацце толькі радуе хлебаробаў. Бо засуха двух апошніх гадоў не проста псавала настрой тым, хто ўкладваў у зямлю грошы і сілы, каб атрымаць добры ўра-джай, а падстаўляла падножку эканамічную. Напрыклад, летась на плантацыі цукровых буракоў глядзець без жалю было немагчыма — расліны знемагалі ад смагі. А пажоўклая трава! А вымерзлыя ўчасткі азімага рапсу ў бясснежную зіму! Кожны аграном памятае такія вось “сюрпрызы” на палях.

Як ацэньваюць тэхнолагі зямлі сённяшнюю сітуацыю?

З гэтым пытаннем я звярнулася да галоўнага агранома ААТ “Новае жыццё” Міхаіла Канано-віча. Вось што ён расказаў:

— Восень стаяла цёплая, ішлі дажджы, потым ударыў мароз. Вось гэты момант мяне насцярожвае. Апасаюся, што месцамі выпаданне азімых будзе. А што снег закрыў пасевы, калі мароз даходзіў да мінус 23 градусаў — то гэта вельмі добра. Снегавы покрыў — сантыметраў 20 і болей. Прыйдзе вясна — будзем правяраць, як пасевы перазімавалі.

Больш аптымістычны прагноз у галоўнага агранома СВК “Агракамбінат Сноў” Аляксандра Шаманава:

— Будзем спадзявацца, што тая ледзяная скарынка не наробіць шкоды пасевам. А потым снег лёг на мёрзлую зямлю. Сярэдняя таўшчыня яго на палях — 25-30 сантыметраў. Па крайняй меры, марозы раслінам цяпер не страшныя. Думаю, усё будзе добра. Бо засуха за два гады запар прынесла нямала бед. А тут — шчодры снегапад. Ён дапаможа вырашыць экалагічную праблему.

У гаспадарцы ж усё ідзе сваёй чаргой. Кожны дзень або праз дзень на палі ад фермаў вывозяць арганіку. Занараджваюць   адзінак 6 — 10. За рабочы дзень на палі дастаўляецца каля 1000 тон угнаенняў. Участак поля, дзе ляжа бурт, спачатку ачышчаюць ад снегу і там складзіруюць кампосты, падбуртоўваючы іх трактарам, каб захоўваліся да вясны належным чынам, не прамярзалі, не гублялі пажыўных рэчываў. А ў вялікі мароз падбуртоўку вядуць каля фермаў, не напружваючы без патрэбы транспартную тэхніку.

Ідзе работа і ў бульбасховішчы. Як толькі знаходзяць пакупніка, затарванне клубняў і іх адпраўку арганізуюць у дзве змены.

У спецыяльных бункерах захоў-ваюць снаўчане элітнае насенне збожжавых культур. Тон 800 ачышчана, праверана, гатовае да пратручвання. Як элітгас, агракамбінат  рэалізуе насенне абавязкова пратручаным. “Сноў” гатовы  забяспечыць гаспадаркі Беларусі элітным насеннем. Адправіць яго сёлета да веснавой пасяўной змогуць 1,5 тысячы тон.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.