«Пайшла Каляда з канца ў канец!»

SDC10661

Каляднікі ў Нясвіжы  і аграгарадку Заазер’е  не навіна — жыхары горада добразычліва  ставяцца да гэтай цудоўнай беларускай традыцыі.  Вось і работнікі раённага цэнтра народнай  творчасці падрыхтавалі  цікавы, заснаваны  на народных традыцыях  сцэнарый, у які ўвайшлі калядныя і хрысціянскія песні, традыцыйныя беларускія калядныя гульні.

У гурт увайшлі 10 чалавек: Сымоніха з Сымонкам, апранутыя ў беларускае нацыянальнае адзенне, каза, лекарка казы, мядзведзь, цыган і цыганкі, механоша, зорканоша. Сваімі падскокамі, гульнямі ды танцамі яны павесялілі не адзін дзясятак людзей. Кожны ўдзельнік каляднага гурту запамінаўся і сваім каларытным адзеннем, і выкананнем  роляў. Цыгане гадалі і выраблялі розныя штукі, мядзведзь выконваў загады гледачоў, Сымонка іграў беларускія полькі, а гаспадары ахвотна танцавалі з каляд-нікамі. Сымоніха ўспомніла старадаўнюю цікавую калядную гульню «Яшчар», якая вельмі спадабалася гледачам. Больш за 40 хвілін цягнулася выступленне гурту ў кожнай хаце, і вельмі прыемна было бачыць слёзы радасці на вачах у гаспадароў, таму   што людзі старэйшага ўзросту змаглі  ўспомніць сваё  дзяцінства, а маленькія  гледачы з цікавасцю глядзелі тэатралізаванае прадстаўленне і як маглі падпявалі нам. Вельмі прыемна было чуць словы падзякі і запрашэнне прыйсці на наступны год яшчэ.

Цяжка падлічыць колькасць лю-дзей, якія бачылі і чулі нашых калядоўшчыкаў. Мо іх была сотня, а мо і болей, калі лічыць усіх, хто сустракаўся на шляху каляды. Над ёю зіхацела калядная зорка, якая была выраблена майстрамі цэнтра творчасці. Несвіжан на вуліцах было шмат, многія дапытваліся, адкуль наш гурт. У адказ на такія пытанні я віншавала гараджан са святам,  і мы спявалі калядную песню “Пайшла Каляда з канца ў канец!” Аўтамашыны віталі нас сваімі гудкамі.

На мой пагляд, такія мерапрыемствы вельмі неабходныя, паколькі яны дапамагаюць адраджаць нашы нацыянальныя традыцыі і абуджаць найлепшую чалавечую якасць — шчодрасць душы.

Наталля БОГУШ,

загадчык раённага цэнтра

народнай творчасці.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.