Прывітанне з Галіччыны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У снежні 2015 ва ўкраінскім горадзе Жоўква адбыўся IV трансгранічны форум журналістаў, які праходзіў у рамках падвядзення вынікаў рэалізацыі Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна» на 2007 —2013 гады. У рабоце форуму прыняла ўдзел дэлегацыя журналістаў рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі Мінскай вобласці. Прапаную вашай увазе, паважаныя чытачы, свае ўражанні, ацэнкі і некаторыя высновы аб мерапрыемстве удзельнікам якога стаў і я.

Ідзе форум

Ідзе форум

Дэлегацыя Мінскай вобласці

Дэлегацыя Мінскай вобласці

Асноўнай мэтай Праграмы з’яўлялася падтрымка трансгранічных працэсаў прыгранічных тэрыторый Украіны, Польшчы і Беларусі. Рэалізацыя праграмы дае магчымасць прыцягнуць у Рэспубліку Беларусь фінансавыя сродкі для ажыццяўлення сумесных праектаў. Мерапрыемствамі, запланаванымі ў рамках Праграмы, была прадугледжана аб’ява конкурсных набораў праектных заявак для вылучэння грантаў на ажыццяўленне праектаў (сума гранта складае да 90% ад агульнага кошту праекта). Паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва і развіццё экалагічнага турызму — гэта самыя важныя аспекты трансгранічных праектаў, якія былі рэалізаваны ў Брэсцкай вобласці.

Асаблівую актыўнасць брэсцкіх устаноў і арганізацый у рамках Праграмы Еўрасаюза пацвярджае таксама той факт, што менавіта яны былі ініцыятарамі і лідарамі чатырох праектаў і партнёрамі ў дзесяці мікрапраектах. Уздоўж  правабярэжжа Буга створаны 200-кіламетровы веласіпедны шлях. Дзве бальніцы ў Брэсце аснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем. Дзеці з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі вучацца і лечацца ў мадэрнізаваным рэабілітацыйным цэнтры. Агульны кошт праектаў — 42 млн. еўра. Фінансавая дапамога ЕС склала 37 400 000 еўра.

У Гродзенскай вобласці рэалізавана 18 трансгранічных праектаў. Шэсць з іх — па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання. Праекты тычыліся паляпшэння магчымасцей устаноў у лячэнні дыхальных органаў, інфаркту, анкалагічных захворванняў, выратавання жыцця ў экстранных выпадках, а таксама ўкаранення сучаснага метаду тэлеметрычнага лячэння. Тры бальніцы былі аснашчаны больш чым 120 камплектамі дыягнастычнага абсталявання. Агульны кошт праектаў — 30 800 000 еўра. Фінансавая дапамога з ЕС склала 27 100 000 еўра.           Трансгранічнае супрацоўніцтва будзе працягнута на перыяд 2014 — 2020 гадоў, а атрымаць перавагу ад такога ўзаемадзеяння змогуць людзі, якія пражываюць у чатырох ваяводствах Польшчы, чатырох абласцях Беларусі (уключаючы Мінскую) і шасці абласцях Украіны. У Праграме еўрапейскага супрацоўніцтва могуць удзельнічаць дзяржаўныя органы ўлады, установы любога тыпу, некамерцыйныя грамадскія арганізацыі. Арыентыровачны бюджэт новай Праграмы перавышае 183 000 000 еўра, якія будуць выкарыстаны для рэалізацыі чатырох тэматычных мэтаў: садзейнічання мясцовай культуры і захавання гістарычнай спадчыны; павышэння даступнасці рэгіёнаў, развіцця трывалага і ўстойлівага да кліматычных уздзеянняў транспарту, камунікацыйных сетак і сістэм; агульных выклікаў ў галіне абароны і бяспекі; садзейнічання кіраванню межамі і кіравання бяспекай, мабільнасцю і міграцыяй.

Любы нясвіжанін, які ўпершыню пабываў у Жоўкве, можа папросту атрымаць адчуванне «дэжа вю», настолькі падобныя гэтыя гарады. Іх радніць не толькі агульная гісторыя (уладальнікамі Жоўквы адзін час былі Радзівілы), добрыя і спагадлівыя гараджане, але і імкненне гэтых полісаў да развіцця.

Выгляд на гарадскую ратушу Жоўквы

Выгляд на гарадскую ратушу Жоўквы

Годам заснавання Жоўквы лічыцца 1597, хоць права на гэтае імя горад атрымаў толькі ў 1603 годзе ад караля Жыгімонта ІІІ. У тым жа 1603 Жоўква атрымала Магдэбургскае права, якое вельмі дапамагло ёй у хуткім развіцці. Як вядома, атрымаць гэтую прывілею было не так і проста. У выпадку з Жоўквай, вырашальную ролю ў прыняцці каралём такога рашэння узяў Станіслаў Жалкеўскі, асоба вядомая, але вельмі неадназначная.

Станіслаў Жалкеўскі нарадзіўся ў 1547 годзе ў вёсцы Турынка, недалёка ад Жоўквы.  Кар’ера ў яго склалася вельмі нядрэнная. У 1588 годзе ён стаў польным каронным гетманам, а ў 1608 яшчэ і ваяводам кіеўскім. З 1613 пан Станіслаў займае пасаду вялікага кароннага гетмана, а ў 1617 і зусім становіцца канцлерам. Гетман камандаваў польскімі войскамі ў Лівонскай вайне, праз год пасля якой кароль і дазволіў яму заснаваць Жоўкву. У актыве Станіслава Жалкеўскага, акрамя перамогі над бунтаўнікамі Мікалая Забжыдоўскага ёсць і больш важкая вікторыя — над Васіліем Шуйскім, пасля якой гетман узяў Маскву.

З 1611 Жалкеўскі кіруе дзеяннямі арміі супраць туркаў і татараў, і знаходзіцца на Падоле да самай смерці, якая наступіла ў 1620 годзе, пасля паразы польскага войска ў бітве пад Цэцорай, якая стала апошняй бітвай гетмана.

Горад Жоўква, па задумцы Станіслава Жалкеўскага і яго жонкі, павінен быў ўвасобіць у сабе разважанні сярэднявечных філосафаў Томаса Мора і Тамаза Кампанэлы аб «ідэальным горадзе». Дарэчы, Радзівіл пры будаўніцтве Нясвіжа выкарыстаў тыя ж ідэі. Ідэальны горад павінен быў спалучаць у сабе цудоўную архітэктуру, аптымальную арганізацыю грамадскага жыцця і абаронныя збудаванні, здольныя абараніць ад непрыяцеля. Ці атрымалася гэта ў яго — цяжка сказаць. Архітэктура, якая дайшла да нас, радуе, абаронныя збудаванні — таксама. Пра арганізацыю жыцця меркаваць цяжка. Адно вядома дакладна: у горадзе жылі, акрамя палякаў, таксама армяне, габрэі і, вядома, украінцы. Кіраваў горадам магістрат, члены якога выбіраліся насельніцтвам і зацвярджаліся ўласнікам горада.

За архітэктурную частку адказвалі два Паўла — Шчаслівы і Рымлянін, а таксама яшчэ адзін архітэктар са Львова — Амбражэй Прыхільны. Пасля таго, як Жоўква некаторы час належала Давыдавічам, яе ўладальнікам стаў кароль Польскі Ян ІІІ Сабескі.  Жоўква стала яго любімай рэзідэнцыяй, тут ён праводзіў мноства часу і ніколі не шкадаваў грошай.

Мясцовы касцёл святога Лаўрэнція нават называлі «малым Вавелем», так добра яго ўпрыгожылі пры Яне ІІІ. У гэтым касцёле, дарэчы, пахаваны прадстаўнікі і роду Жалкеўскага, і Сабескіх. Але не толькі гэты касцёл упрыгожваў горад. Усяго ў Жоўкве было пяць цэркваў, чатыры касцёлы і сінагога. Пра гэты касцёл ёсць сэнс сказаць яшчэ некалькі слоў. Мала хто ведае, што менавіта тут Ян Сабескі атрымаў ордэн Святога Духа, асвечаны меч і капялюш ад Людовіка 14-га, а яго жонка Марыя — «Залатую Ружу» ад Папы Рымскага Інакенція 11-га.

Касцёл святога Лаўрэнція. Сапраўды падобны на наш Фарны касцёл?

Касцёл святога Лаўрэнція. Сапраўды падобны на наш Фарны касцёл?

Уяздная брама

Уяздная брама

Касцёл ўпрыгожвалі воінскія атрыбуты, у тым ліку і карціны «Бітва пад Венай», «Бітва пад Хоцінам», «Бітва пад Паркані», «Бітва пад Клушына». Першыя тры ўсхвалялі подзвігі Яна Сабескага, а чацвёртая — Станіслава Жалкеўскага ў баі супраць маскавітаў. На жаль, пры Саюзе тут былі і ваенкамат, і складскія памяшканні. Зараз касцёл яшчэ трэба аднаўляць. Дамініканскі сабор Жоўквы вядомы тым, што ў ім пахаваны брат Яна, Марк Сабескі. Сінагога ў Жоўкве, у свой час была адным з самых буйных у Еўропе рэнесансных абаронных збудаванняў. Дата пабудовы — 1692, пазней, ў 1833 годзе была рэканструявана пасля пажару. У 1938 годзе пасля чарговай перабудовы значна страціла ў абаронным дачыненні, але тады-то гэта было ўжо не так прынцыпова. Цяпер ёю займаецца Нью-Ёркскі Фонд Сусветных Помнікаў, які ўнёс сінагогу ў спіс «100 помнікаў свету, якія знаходзяцца ў пагрозлівым стане».

Замак у Жоўкве

Замак у Жоўкве

Дахі горада

Дахі горада

Пасля Сабескіх Жоўква перайшла да Радзівілаў і паволі стала губляць былую славу і значэнне. У савецкі час горад называўся Несцераў ў гонар лётчыка, які здзейсніў тут падчас Першай сусветнай вайны першы ў гісторыі паветраны таран. Жоўкву абышлі бокам і хуткі рост насельніцтва, і індустрыялізацыя, дзякуючы чаму гарадскі ансамбль пачатку XVII стагоддзя застаўся практычна некранутым. У цяперашні час цэнтральная частка горада мае статус гісторыка-архітэктурнага запаведніка (як і Нясвіж).

За арганізацыю паездкі на Украіну і бадзёры настрой падарожнікаў хачу падзякаваць эксперту Брэсцкага трансгранічнага інфацэнтра Марыне Ківель.

Дзмітрый ЯШЧАНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.