Словам вострай сатыры

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

паэзія

Беларускі народ заўсёды непрымірыма ставіўся да сваіх ворагаў і бязлітасна высмейваў іх у сатырычных і гумарыстычных песнях. Вядомы на Беларусі і гістарычныя паданні пра мінулыя войны, асобныя бітвы, паўстанні. У беларускім фальклоры адлюстравана барацьба народа з польскай агрэсіяй, сялянска-казацкія паходы, вайна са шведамі, Айчынная вайна 1812 года. Аднак асабліва красамоўна гераізм і мужнасць, гарачы патрыятызм  народа здолеў адлюстравацца ў фальклоры Вялікай Айчыннай вайны. Народныя творы гэтага векапомнага часу заклікалі да барацьбы з гітлераўскімі захопнікамі, натхнялі воінаў Чырвонай Арміі і партызан на подзвігі. Вострая сатыра з’едліва  высмейвала фашысцкіх захопнікаў, мацавала ўпэўненасць у перамозе над ворагам.  Гэтыя творы з гушчы народнай паказвалі злачынствы фашыстаў, іх здзекі над насельніцтвам акупіраваных зямель. Да нас дайшлі і творы, дзе адлюстравана гаротнае паднявольнае жыццё людзей, якіх гітлераўцы выгналі на працу ў Германію.

У Вялікую Айчынную вайну шырока разгарнулася партызанская мастацкая сама-дзейнасць. Яе калектывы выступалі як агітбрыгады, агітатрады, мастацкія ансамблі, ансамблі песні і танца, партызанскі джаз-аркестр. У іх праграме былі  партызанскія песні, прыпеўкі,  прыказкі і прымаўкі, анекдоты, байкі, апавяданні,  легенды, сказы, казкі, вершы,  жарты, сатырычныя сцэнкі, урыўкі з драматычных п’ес, акрабатыка. У іх з’едліва высмейваліся Гітлер, Гебельс, Герынг, Гімлер, выкрывалася хлуслівая фашысцкая прапаганда. Карыкатурнае аблічча фюрэра выклікала ў слухачў і гледачоў знішчальны смех, які развейваў усе намаганні  гебельсаўскай прапаганды стварыць уяўленне пра вялікасць Гітлера.

Самы першы вядомы партызанскі канцэрт  адбыўся ў Гомельскім партызанскім атрадзе напрыканцы верасня 1941 г. Назаву толькі некаторыя калектывы: Лідскі партызанскі тэатр, агіткалектывы 1-й Мінскай партызанскай брыгады, штаба Мінскага партызанскага злучэння, 1-й Бабруйскай брыгады, 8-й Рагачоўскай спецыяльнай брыгады “Няўлоўныя”, 225-й брыгады Палескай вобласці, брыгады імя Леніна Пінскай вобласці. Дзейнасць партызанскіх калектываў актывізавалася ў 1943 г. У партызанскіх зонах выступалі таксама калектывы мірнага насельніцтва. А буйнейшы партызанскі калектыў — агітатрад імя Максіма Горкага — і пасля вайны працаваў пад назвай  Партызанскі атрад Вілейскай вобласці. Дарэчы, у 1945 г. ён быў рэарганізаваны ў прафесійны Маладзечанскі ансамбль песні і танца. На ўзор ліста запарожскіх казакоў турэцкаму султану было складзена сатырычнае пісьмо беларускіх партызан “Бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту дурному Адольфу Гітлеру”.  Нават афарыстычным мастацкім словам малявалася аблічча  наваяўленых “пераможцаў”: “Здраднік за агрызкі прадасць родных і блізкіх”, “Сабака віляе хвастом, а Гебельс — языком”, “Спяшаўся фашыст на нашы куры, а патрапіў на свае хаўтуры”, “Кожны куст для фашыстаў рызыка: трасе іх трасца, кідае ў дрыжыкі”.

Партызанскія песні — таксама вельмі спецыфічны песенны цыкл. Вядома больш за 20 аўтараў напеваў, каля 60 аўтараў тэкстаў,  каля 200 песенных тэкстаў.  Яны былі рознымі па сваіх вытоках: гэта і безыменныя народныя песні (“Ой, на лузе, пры дубочку”), гэта і творы самадзейных складальнікаў (“Песня пра Лаўскі бой” П. Ліпілы), гэта і фалькларызаваныя  ўзоры савецкай масавай песні (“На кані вараным” У. Захарава), гэта і  песні-пераробкі (шматлікія  цыклы песень на мелодыі “Па далінах, па загор’ях”, “Кацюша”). Былі песні асобных партызанскіх злучэнняў, маршы, гімны атрадаў і брыгад, апавяданні пра канкрэтных  герояў воінскіх фарміраванняў.  Партызанскія песні выконваліся сола ці хорам, нярэдка з акампанементам акардэона,  баяна, гармоніка,  гітары ці скрыпкі. Тэксты песень складаліся на беларускай і рускай мовах. Сярод песень  мы зной- дзем і гераічны заклік, і сатырычны памфлет-пародыю, і гумарыстычны  партрэт, і прыпеўку да танцаў, і гімн-марш, і песню-хроніку, і гераічную баладу, і прыпеўку-памфлет,  і лірычную песню-раманс (маналог, зварот да сябра, ліст да каханай).

Песні паланянак — гэта цэлы цыкл народных песень Вялікай Айчыннай, якія здолелі праўдзіва распавесці пра жыццё жанчын у нямецка-фашысцкай няволі і на акупіраванай тэрыторыі. Гэта творы пра мужнасць, няскоранасць, чалавечую годнасць беларускай жанчыны-патрыёткі, не зламанай фашысцкім здзекам. Тут мы знойдзем песні пра долю-нядолю, пера-працоўкі старых рэкруцкіх песень (“Каліна-маліна”, “Забуркуй, сівы галубочак”, “Ой, як цяжка ў няволі”), рускіх песень катаржан і ссыльных (“Глухой няведамай тайгою”, “Раскінулісь горы далёка”, “Хмары над лагерам сталі”). Песні паланянак, канешне ж, вельмі розныя і па форме: тут мы сустрэнем і песні-апісанні, і песні-лісты на Радзіму, у якіх дзяўчаты звяртаюцца да тых, хто астаўся на малой бацькаўшчыне, і заклікаюць адпомсціць фашыстам за здзекі і смерць.  Цэлы пласт — гэта песні-звароты да савецкага салдата. Распаўсюджваліся такія песні паланянак як вусна, так і праз лісты на ра-дзіму. Іх змяшчалі на старонках партызанскіх газет, рукапісных часопісаў, літаратурных альманахаў.

Гераіня з народнага асяроддзя гатовая хутчэй  памерці, чым скарыцца ворагу:

У няволю гнаці хоча

Ліхадзей закляты,

Ды яму я не скаруся,

Лепей утаплюся…

Адметна, што нямала такіх народных твораў было прысвечана героям  Вялікай Айчыннай К. Заслонаву, Ц.  Бумажкову, С. Каўпаку. Бязлітасная сатыра на фашысцкіх захопніках і іх памагатых, нянавісць да іх — усё гэта адпавядала думкам, пачуццям і настроям шырокай гушчы беларускага народа, які нават ва ўмовах акупацыі не скарыўся ворагу, а працягваў барацьбу. А надзённасць партызанскіх твораў рабіла іх надзвычай папулярнымі і спрыяла іх хуткаму распаўсюджанню сярод партызан і мірнага насельніцтва.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.