Тэатр абсурду

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

алкоголь

Алкагалізм — гэта параджэнне варварства, якое мёртвай  хваткай трымае чалавецтва з часоў сівой даўніны і збірае з яго жахлівую даніну, з’ядаючы маладосць, падрываючы сілы, прыгнятаючы энергію, знішчаючы лепшы цвет роду людскога.

Джэк Лондан.

Наколькі меў рацыю вядомы класік англійскай літаратуры, мы пераконваемся амаль кожны дзень. Згубны ўплыў п’янства на чалавека  разбурае  душу, здароўе, сям’ю. Асабліва непрыемна бачыць у алкагольным тумане маладых. Стаім мы неяк у двары нашага дома (па вуліцы Ракасоўскага) і бачым, як па дарожцы перамяшчаецца з цяжкасцю малады мужчына: такі п’яны, што ледзь цягне ногі, а яны раз’язджаюцца, не трымаюць, потым ён усё-такі губляе раўнавагу і падае спінай на асфальт. Нам стала не па сабе ад такой карціны, глядзім вакол, ці падніме хто. Не, хаця непадалёк стаялі мужчыны. Мабыць, ім не навіна падобная сітуацыя, таму і не спяшаюцца на дапамогу. Зрэшты, іх можна зразумець: навошта столькі піць, каб не  магчы хадзіць? На жаль, гэтага пытання п’яны чалавек сабе не задаваў, калі налягаў на спіртное. А дарэмна, бо яго становішча агіднае не толькі для выпадковых відавочцаў. Як сустрэнуць яго дома, як “абрадуе” ён маці ці жонку?  І яшчэ шэраг негатыўных нюансаў: прапітыя грошы, непрыемны выгляд, жудасны “водар”, цяжкая галава, пякотка ў страўніку. Пералік падобных  наступстваў  можна працягваць, іх ведаюць усе аматары спіртнога, аднак вывадаў не робяць. Залежнасць ужо зрабіла сваю чорную справу, ад яе цяжка пазбавіцца. Праўда, калі моцна захацець, то можна. Для гэтага ёсць маса метадаў і варыянтаў, ад лячэння ў нарколага да кадзіравання. Але самае важнае — каб чалавек сам свядома ўзяўся за сваё здароўе, пачаў  змагацца  са згубнай звычкай.

Я думаю: вось каб хто-небудзь зняў на відэакамеру выгляд п’янага і потым яму паказаў. Ці падзейнічала б непрыгожая карцінка на аматара гарэлкі ацвераджальна ці не? Адказ можа быць неадназначны, але такі эксперымент, на маю думку, варта правесці. Магчыма, камусьці і стане сорамна.

А яшчэ  трэба сказаць, што прадстаўнікі моцнага полу слабыя духам (на шчасце, не ўсе, але многія): пры форс-мажорных абставінах яны хапаюцца за бутэльку, наіўна думаючы, што спіртное дапаможа расслабіцца ці вырашыць нейкую праблему. Як сведчыць жыццёвы вопыт, гэта вялікая памылка, наадварот, колькасць непрыемнасцей павялічваецца.

Пэўную лепту ў справу антыалкагольнай прапаганды ўносяць сродкі масавай інфармацыі, якія змяшчаюць нямала тэматычных матэрыялаў, гутарак з урачамі, прыкладаў… Апошнім часам з’явілася ідэя наладжваць выставы з пустых бутэлек  з-пад віна і гарэлкі. Мне давялося бачыць падобную ў Доме культуры ў Ганцавічах, калі наш хор выязджаў туды з канцэртам. На прыгожа аформленых падстаўках у розных месцах асобнай залы стаяла мноства пустых бутэлек ад рознага роду алкагольных напояў. І пад кожнай зроблены характэрныя і дасціпныя надпісы. У прыватнасці, даволі красамоўныя: “Ад гарэлкі розум мелкі”, “Не разбі сваю мару”, “Не за гэтым жураўлі на Палессе ляцяць”, “Шукай ураджай не ў краме, а ў полі”, “Тэатр абсурду”, “Мужык п’е — паўхаты гарыць, жонка п’е — уся хата згарыць”, “Гібель архітэктуры”, “Канечны прадукт — морг” і г.д. Што ні кажы, а подпісы  трапныя і даволі выразныя, для тых, хто здольны думаць, гавораць пра многае. Арганізатары выставы здолелі сабраць многа тары з-пад спіртнога з такімі назвамі: “Дракула”, “Юнона”, “Тры мушкецёры”, “Цар Пётр”, “Чарадзей”, “Асоль”, “Несцерка” і яшчэ мноствам іншых. Сумна толькі, што кожны з гэтых напояў нясе для арганізма не толькі горыч фізіялагічную, але і псіхалагічную, асабліва для тых, хто не ведае меры. А ў тым, што сабраны пустыя ёмістасці, мне бачыцца сімвалічны сэнс: п’янства апустошвае як кішэні, так і мазгі, разбурае сем’і, заўзятыя наведвальнікі пітных устаноў губляюць работу, сяброў (акрамя сабутэльнікаў) і, нарэшце, чалавечае  аблічча.  Пра апошняе кажу не галаслоўна: летась у падвале нашага дома  часта начаваў бомж, на якога было страшна глянуць. Вывад празаічны: апусціцца проста, а падняцца вельмі нялёгка. Але ў канчатковым выніку ўсё залежыць ад чалавека, калі ён хоча быць чалавекам.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.