З дабрынёй і надзеяй

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Г.А. Галабурда  ў сваім рабочым кабінеце

Г.А. Галабурда ў сваім рабочым кабінеце

Сёлета спаўняецца 25 гадоў, як раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” узначальвае Галіна Антонаўна Галабурда. Напярэдадні праваслаўных Каляд — 5 студзеня — яна адзначыла свой юбілей. Нягледзячы на паважаны ўзрост, гэта абаяльная няўрымслівая жанчына можа стаць добрым прыкладам бадзёрасці і любові да жыцця і для нашмат маладзейшых сваіх зямлячак.

У яе жыцці, як і ў многіх з нас, былі шчыльна сплецены радасці і нягоды, працоўныя будні і святы, якія яна і зараз стараецца, па-магчымасці, ствараць для іншых. А ўзаемадзейнічаць з людзьмі гераіня гэтага аповеду пачала досыць рана — адразу пасля школы пайшла працаваць бібліятэкарам у Нялепаўскую сельскую бібліятэку. Тады гэта была яшчэ хата-чытальня (цяпер нават слова такое вельмі рэдка даводзіцца чуць), якая працавала да адзінаццаці вечара. Позна даводзілася ісці дадому, але работу сваю дзяўчына шчыра палюбіла — і лю-дзей, і кнігі, і невядома, што больш. Затым выйшла замуж за хлопца з суседніх Сваяціч, Ляхавіцкага раёна, і працягвала хадзіць на работу з хаты мужа за шэсць кіламетраў пешшу па палявой дарозе ў любое надвор’е. Летам выручаў мапед. Вадзіцельскага пасведчання тады на яго не патрабавалася, і Галіна Антонаўна, бывала, брала з сабой і дваіх малых сыноў, з імі разам заязджала на хутар да бацькоў.

— Аднойчы, — узгадвае яна, — вязу ад бацькоў жывую курыцу, яйкі, малако, а перада мной і за мной ся-дзяць мае сыны. І тут насустрач — чараду кароў з пашы гоняць. А тады ж многа ў вёсцы кароў было. І не абмінуць тую чараду, і не аб’ехаць. Мы тут разгубіліся і пападалі. Што пабілася, што разлілося, і смех, і грэх. Толькі гэта цяпер смешна, а тады было страшна. Толькі я нават здзівілася — хлопцы мае ўсталі, атрэслі пыл і нават не заплакалі. Я ім сказала: “Малайцы, касманаўтамі бу-дзеце!” Вось так некалі даводзілася дзяцей гадаваць, зараз умовы зусім іншыя…

Ужо маючы сям’ю, дзякуючы падтрымцы мужа, мая суразмоўца скончыла завочна Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, увогуле заўсёды любіла быць, як кажуць, на плыні жыцця — была сакратаром камсамольскай ячэйкі, дэпутатам сельскага савета. Аднойчы паехала на веласіпедзе ў Нясвіж на камсамольскі сход і трапіла пад такі праліўны дождж, што апынулася на бальнічным ложку з дыягназам “востры рэўматызм”. А ў руках ужо была пуцёўка на сусветны фестываль моладзі і студэнтаў, што праходзіў у 1957 годзе ў Маскве. Аднак хвароба распарадзілася па-свойму, і паехаць Галіна Антонаўна не змагла. Спачатку, вядома ж, засмуцілася, аднак даволі хутка змірылася з гэтым, маўляў, значыць, наканавана пабываць у Маскве некаму іншаму. І сапраўды, паехала другая дзяўчына, якая затым падрабязна расказала, што і як было на фестывалі.

Г.А. Галабурда разам з членамі праўлення  РА ГА “БелТІ” падчас паездкі ў Сынкавіцкую царкву  ў 2014 годзе. Здымак з  асабістага архіва Г.А. Галабурды

Г.А. Галабурда разам з членамі праўлення
РА ГА “БелТІ” падчас паездкі ў Сынкавіцкую царкву
ў 2014 годзе. Здымак з асабістага архіва Г.А. Галабурды

20 гадоў жыцця прысвяціла мая суразмоўца Нялепаўскай бібліятэцы, а калі ў Нясвіжы стварылася цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, яе перавялі ў Нясвіж, дзе яна адпрацавала яшчэ 20 год — бібліятэкарам-класіфікатарам у аддзеле камплектавання цэнтральнай раённай бібліятэкі. Усяго яе працоўны стаж — 41 год.

Вельмі цёпла ўзгадвае Галіна Антонаўна свайго мужа Вітольда Антонавіча, якога не стала сем месяцаў таму. Ён валодаў рэдкім майстэрствам пячніка, рабіў і печы, і каміны, што ўвайшлі ў моду пасля печак. Але самае галоўнае — майстэрствам любіць людзей, і сваіх, і чужых. І сынам перадалося тое ж самае: ветлівасць, чалавечнасць, уменне шанаваць не толькі бацьку і маці, але і іншых людзей. Толькі, як кажа Галіна Антонаўна, мусіць, нельга, каб усё было добра, каб чалавек толькі ўсміхаўся. У Казахстане, куды трэба было ехаць па размеркаванні пасля вучобы, трагічна загінуў у выніку няшчаснага выпадку іх малодшы сын Іван. Такія раны да канца не зажываюць, і зараз Галіна Антонаўна без слёз пра гэта не можа гаварыць.

Суцяшэннем бацькам застаўся старэйшы сын Вітольд, які разам з сям’ёй жыве ў Баранавічах і працуе на адказнай пасадзе на чыгунцы. Яго сыны Іван і Раман і ўнучак Мікіта (для Галіны Антонаўны — праўнук) сталі дастойным працягам добрага роду.

А сама яна, даўно ўжо выйшаўшы на заслужаны адпачынак, працягвае штодня хадзіць на работу — працаваць на карысць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, імкнуцца калі не падарункам, то хаця б добрым словам і ўвагай паказаць ім, што яны не пакінутыя, не забытыя ў гэтым свеце. Вопыт такой работы ў яе быў ужо даўно: яшчэ да абрання на пасаду старшыні раённай арганізацыі ГА “БелТІ”, калі яе ўзначальваў Антон Антонавіч Сабірай, Галіна Антонаўна адпрацавала тры гады інструктарам таварыства, работу асвоіла і зразумела.

— За 25 гадоў, — гаворыць яна, — былі, вядома, складаныя моманты, але больш было добрага. Наша арга-нізацыя, дарэчы, самая буйная ў вобласці — 1011 чалавек — заўсёды знаходзілася на добрым рахунку. Мы развозім гуманітарную дапамогу, арганізоўваем розныя мерапрыемствы, ездзім на экскурсіі. Людзі, бывала, гаварылі: “Мы за ўсё жыццё столькі не паездзілі, як з вамі, выйшаўшы на пенсію”.

І сапраўды, абсалютная большасць членаў раённай арганізацыі ГА “БелТІ” — людзі шаноўнага ўзросту. Для маладых інвалідаў ёсць асобная арганізацыя. А вось для пенсіянераў гэта сапраўдная аддушына ў жыцці. Так, кожны год арганізуецца паездка ў славутыя Жыровічы, летась удзельнікі таварыства пабывалі і ў знакамітай Сынкавіцкай царкве Гродзенскай вобласці, пазалетась — на возеры Свіцязь, дзе праходзіла спартландыя, і ў іншых цікавых і вядомых гістарычных мясцінах Беларусі.

— Мы з Галінай Антоноўнай засядзецца на месцы доўга не можам, — гавораць яе падапечныя.

Галіна Антонаўна таксама з удзячнасцю ўзгадала, што шмат цікавых мерапрыемстваў праводзіцца сумесна з  раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у прыватнасці, з клубам “Альбом майго жыцця”, што працуе пры цэнтры. І гэта, напэўна, вельмі добра, таму што нездарма гаворыцца: “У    адзінстве — наша сіла”. Калі добрая справа падхоплена на розных узроўнях, то і вынікі яе больш уражваюць.

Галоўнае, каб знаходзіліся нераўнадушныя, адданыя сваёй справе людзі, такія, як Галіна Антонаўна Галабурда. Няхай жа ў нашай паважанай юбіляркі яшчэ доўга знахо-дзяцца сілы і жаданне, каб працаваць для тых, каму больш за ўсё патрэбны ўвага і дапамога, а арганізацыя, якую яна ўзначальвае, адчувае садзейнічанне і падтрымку.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.  

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.