…А яго слава засталася

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

i

28 лютага 2016 года спаўняецца 400 гадоў з дня смерці Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, з нагоды чаго 26 лютага, у 11 гадзін у касцёле Божага цела адбудзецца ўрачыстае набажэнства, якое ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. пасля гэтага мерапрыемствы, прысвечаныя знамянальнай падзеі, працягнуцца ў замку Ра-дзівілаў. У Нясвіж у гэты дзень запрошаны члены сям’і Радзівілаў, а таксама святары разам з прыхажанамі з тых месцаў, дзе Мікалай Радзівіл Сіротка фундаваў касцёлы, замкі, кляштары і шпіталі  — з Міра, Дзераўной, Чарнаўчыц, Свержаня і інш.

«Усё дабро айчыны разам з гэтым чалавекам у труну пайшло”,  — напіша сваім дзецям пасля пахавання Сіроткі Ян Караль Хадкевіч. Крыху пазней пра князя скажуць, высока адзначыўшы яго вартасці і заслугі, у некалькіх радках ёмка і дакладна выразіўшы яму сваё шанаванне: “Узнёс святыні Богу, крэпасці Айчыне, калегію для навук, прыстанак для гаротных і ўцекачоў ад свету, быў славаю ў баю, святлом у радзе, адведаў і пазнаў зямлю. Калі б мы мелі двух такіх мужоў, без цяжкасці перагналі б Італію”. Сучасны ж польскі  гісторык  Ежы Пашэнда лічыць (і не без падстаў!), што Сіротка “ў будаўнічай і мецэнацкай дзейнасці пераўзышоў усіх сваіх продкаў і амаль нічога не пакінуў дарабляць сваім нашчадкам”. І з ім цяжка не пагадзіцца, бо ўсе тыя аб’екты, дзеля наведвання якіх сёння ў наш горад і прыязджаюць шматлікія госці, мы маем менавіта дзякуючы Сіротку: гэта па ініцыятыве князя, на яго сродкі і пад яго кіраўніцтвам у горадзе былі пабудаваны замак і касцёл, Ратуша і жаночы манастыр бенедыкцінак — першы, дарэчы, каталіцкі жаночы манастыр на тэрыторыі Беларусі, езуіцкі калегіум, мужчынскі манастыр бернардзінцаў, Слуцкая брама і гарадскія ўмацаванні. Нашчадкам такую грунтоўную і трывалую “базу” заставалася толькі берагчы і прымнажаць, што яны з большым ці меншым поспехам і рабілі.

Буйны землеўладальнік, першы ардынат нясвіжскі, мецэнат і дзяржаўны дзеяч, падарожнік і пісьменнік, бліскуча адукаваны і прадбачлівы, шчыры католік і патрыёт, добры бацька… Да асобы Сіроткі і яго ролі ў гісторыі і нашага горада, і нашай краіны можна ставіцца па-рознаму, спрачацца, прыводзіць аргументы і контр-аргументы, але адмаўляць відавочныя факты не прыходзіцца. Яны — упартая рэч, і гавораць самі за сябе.

“Лёгка быць харошым, калі маеш грошы”, — кажуць у народзе. У Сіроткі яны, вядома, былі, і немалыя, і дазволіць сабе ён мог шмат. Атрымаўшы ў васямнаццаць гадоў у спадчыну буйныя ўладанні бацькі, малады князь мог спакойна сабе “почивать на лаврах” і жыць у сваё задавальненне. Але выхаванне не дазваляла ды і становішча абавязвала. Сіротка не проста памнажаў багацці роду, ніколі не збіраў грошы дзеля грошай, а выгадна інвесціраваў іх, імкнуўся, каб родавае гняздо — Нясвіж — быў прыгожым і моцным, стаў цэнтрам культуры, мастацтва, асветніцтва і рамяства. І гэта яму ўдалося. Менавіта пры Сіротку Нясвіж дасягнуў такога ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця, дзякуючы якому ў 1586 годзе атрымаў Магдэбургскае права, якое давала гораду самакіраванне, судовы імунітэт, падатковыя льготы, магчымасць займацца рамяством, гандлем, ствараць рамесныя аб’яднанні і шмат іншых прэферэнцый. Пры ім жа горад атрымаў і свой герб, якім мы карыстаемся і па сённяшні дзень.

Менавіта Сіротка ўзвёў каменны Нясвіж і, не вельмі разлічваючы на гарадскія ўмацаванні, валы і рвы, набыў у неабходнай колькасці зброю, а потым заснаваў сваю асабістую майстэрню па вырабе гармат. Гэта Сіротка, даўшы гара-джанам шматлікія падаткавыя паслабленні, загадаў ім падтрымліваць у належным стане гарадскія ўмацаванні. Князь прывабліваў у горад рамеснікаў і гандляроў, заснаваў два буйныя кірмашы, слава пра якія разыходзіцца далёка за межы дзяржавы. У горадзе была адчынена школа, пабудаваны лазня, шпіталь, цырульня, пачалі працаваць рамесніцкія цэхі. Князь запрашаў у Нясвіж вядомых архітэктараў, вучоных, урачоў, ліцейшчыкаў. Дзякуючы яго намаганням, у горад прыехалі езуіты, што паўвека дагэтуль займаліся духоўным выхаваннем і асветніцтвам моладзі. У Нясвіжы адкрылася пачатковая школа граматыкі, з’явіўся школьны тэатр, быў пабудаваны калегіум езуітаў — другі пасля Полацкага, але не менш значны. Першы помнік архітэктуры барока на тэрыторыі Усходняй Еўропы — касцёл — пабудаваны ў Нясвіжы таксама дзякуючы князю, і родавая крыпта, што лічыцца трэцяй па колькасці пахаванняў сямейнай крыптай у Еўропе пасля Бурбонаў у Францыі і Габсбургаў у Аўстрыі, з’явілася пад касцёлам таксама намаганнямі князя. Дарэчы, сакрэт бальзамавання, што на працягу доўгага часу выкарыстоўваўся для муміфікацыі Радзівілаў, прывёз з Егіпта таксама Сіротка. Пачатак знакамітых радзівілаўскіх калекцый у замку паклаў таксама ён.

Амаль паралельна з забудовай Нясвіжа пачалася вялікая рэканструкцыя суседняга Міра. Узводзіліся жылыя дамы, у замку дабудоўваліся сцены і вежы, насыпаліся земляныя валы, ствараўся “італьянскі сад”. Дарэчы, прывілей на самакіраванне Сіротка надае Міру задоўга да таго, як Нясвіж атрымоўвае Магдэбургскае права, — у 1579 го-дзе. Фінансаваў Сіротка будаўніцтва касцёлаў, шпіталяў і ў іншых сваіх уладаннях: Дзераўной і Белай, Чарнаўчыцах і Новым Свержні. І гэта мы не ўзгадваем “дробныя” пабудовы на тэрыторыі ардынацыі: млыны, бровары, лазні, на што князь таксама выдзяляў грошы.

Наогул, ні ў адным са шматлікіх навуковых даследванняў, артыкулаў не сустракаецца ніводнага прыкладу, каб князь Сіротка хоць каму б адмовіў у дапамозе. Яе атрымоўвалі ўсе, хто звяртаўся да Сіроткі. Вельмі клапаціўся князь і пра медыцыну, якую і сам вывучаў у Еўропе. Першыя шпіталі з’явіліся ў Нясвіжы менавіта пры ім. Сіротка быў чалавекам, які клапаціўся не толькі пра сябе, але і пра іншых. І можаце не зга-джацца, але цвёрда веру, што адзін з асноўных прынцыпаў паспяховага бізнесу князь ведаў добра: перад тым, як штосьці атрымаць, трэба адразу ўкласці. Ці не таму ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі яшчэ былі жывыя і пры памяці многія з тых гараджан, што жылі пры Радзівілах і нават працавалі ў іх, на крыху правакацыйнае пытанне “Калі было лепш, пры Радзівілах ці пры Саветах?” адказ быў аднолькавы: “Вядома, пры Радзівілах”. І пачатак таму быў закладзены яшчэ пры Сіротку. “Сацыяльны пакет” з часоў Сіроткі дазваляў гара-джаніну быць упэўненым, што яго не пакінуць у бядзе, што без даху над галавой у выпадку пажару ці іншага бедства ён не застанецца, што князь не адмовіць у дапамозе. І тое, пра што зараз з гонарам расказваюць у Ратушы турыстам, што ў Нясвіжы вякамі не было беспасажніц, прыдумаў і здзейсніў менавіта Сіротка. А калі ў цябе ёсць такія “гарантыі”, то і працуецца спарней, хай сабе і на князя.

У гэтым годзе будзе адзначацца яшчэ адна юбілейная дата — 430 гадоў таму была створана Нясвіж-ская ардынацыя, што праіснавала да 1939 года. Першым ардынатам нясвіжскім стаў Сіротка.

А ў хуткім часе — наступная круглая дата: 450 гадоў, як князь Сіротка вярнуўся да каталіцкай веры. І не толькі вярнуўся сам, але і пераканаў свайго брата Ежы перайсці ў каталіцтва. Ужо праз пяць год пасля гэтага Ежы стаў віленскім біскупам, а затым і кардыналам. Немалаважны штрых: у 1591 годзе Сіротка выступіў супраць таго, каб Ежы прызначалі кракаўскім біскупам (пазней ён ім, праўда, стаў), бо тады ў Вільна на гэту пасаду мог быць прызначаны паляк, а князю, як патрыёту сваёй краіны, гэтага вельмі не хацелася.

Так-так, Сіротка быў патрыётам сваёй краіны. І гэта пачуццё было ў князя вышэй за родавыя і палітычныя амбіцыі. Люблінскую ўнію Сіротка ўспрыняў адмоўна, але быў вымушаны падпісаць яе акт. “Няшчасная ўнія”, — называў яе Сіротка, а швагру Мікалаю Мілецкаму прама заявіў: “…Унія хутчэй раздражняе ліцвінаў, чым іх улаго-дзіла”. Нават унутраныя цяжкасці ў ВКЛ ён звязваў з прыняццем уніі, лічыў яе згубай “перад нашымі дзвярыма”. Негатыўнае стаўленне да ўніі Сіротка перанёс на палякаў. Свайму брату Ежы Сіротка нагадваў: “Ваша міласць Ліцвін, а не Паляк. Служы ВМ народу свайму, каб пра яго ведалі… Нябожчык, наш бацька, вельмі пра тое рупіўся, каб іншыя нацыі таксама пра Літву, як і пра Польшчу, ведалі. Няхай ВМ Ліцвінам, а не Палякам пішацца”. На соймах Сіротка неаднаразова выступаў за інтарэсы ВКЛ. Не такім ужо высакародным і бездакорным быў Сіротка, але патрыётам ён быў, безумоўна.

У 1577 годзе на чале прыватнага атрада Сіротка выступіў на берагі Дзвіны абараняць межы ВКЛ ад войскаў Івана Грознага. Геройствам князь не вызначаўся, але сам факт яго прысутнасці ў войску сведчыў, што Айчыну ён любіў не на словах. У 1579 годзе Сіротка зноў апрануў баявыя даспехі. Стэфан Баторый летам выступіў з войскам на адваяванне ў маскоўскага войска Полацка. Канешне, Сіротка не мог адсядзецца дома: “То ж стан мой рыцарскі патрабаваў ад мяне, каб я Каралю Пану майму процісупольнага айчыны непрыяцеля дапамог”. Сіротка і яго брат Альбрэхт выставілі атрад у 700 вершнікаў. Для абароны Айчыны Сіротка не шкадаваў ні грошай, ні здароўя. Паводле сваіх абавязкаў маршалка дворнага Сіротка мог непасрэдна не ўдзельнічаць у баях, але пайшоў на штурм. За гераізм Баторый надаў Сіротку 25 кастрычніка 1579 года пасаду маршалка вялікага ВКЛ. Потым быў паход на Пскоў, цяжкае раненне, страта зроку. І слова, якое даў князь: калі здароўе вернецца, ён здзейсніць паломніцтва ў Святую Зямлю. Слова сваё князь стрымаў.

Не адну краіну князь наведаў, пакуль трапіў у Святую Зямлю. І добра бачыў, што пра яго роднае Вялікае Княства Літоў-скае мала ведаюць за яго межамі. Здавалася б, ну якая справа князю да таго, ведаюць пра яго краіну ў свеце ці не?! Сёння некаторым нашым суайчыннікам гэта ўсё роўна. Але не такі быў Радзівіл. Ён вырашыў выправіць становішча. У 1600 годзе ён запрасіў узначаліць Нясвіж-скую друкарню знакамітага картографа Томаша Макоўскага, які стварыў першую карту ВКЛ. Князь і да гэтай справы адносіўся грунтоўна — калі рабіць, то рабіць добра, або не рабіць зусім. На яго сродкі і пры яго асабістым удзеле ў канцы 1580-х гадоў праведзены тапаграфічныя і гідра-графічныя работы на ўсходзе Рэчы Паспалітай, ад Віслы да Дняпра. Здымкі Дняпра былі выкананы ад вытокаў да вусця. На карту былі таксама пакладзены і прытокі Дняпра — Друць, Беразіна са Свіслаччу, Прыпяць з рэкамі яе басейна. Знайшлі сваё адлюстраванне і палескія балоты, Нёман з Віліяй і Шчара, Заходняя Дзвіна і Дзісна, дробныя прытокі ўсіх гэтых рэк і шмат іншых геаграфічных аб’ектаў. Карта ВКЛ па сваёй дакладнасці пераўзыходзіла як папярэднія, так і многа больш познія карты.

А праз год пасля карты была надрукавана і кніга самога Сіроткі, вядомая нам зараз як “Перагрынацыя”, якая перажыла 19 перавыданняў на шматлікія мовы свету і з цікавасцю чытаецца і сёння. Гартаеш яе і не перастаеш здзіўляцца, да чаго ж рознабаковых захапленняў быў чалавек. У падарожжы ўсё яму было цікава: і жывёльны і раслінны свет, і муміі, і клімат, і гісторыя, і звычаі, і вынаходніцтвы, асаблівасці вя-дзення гаспадаркі, прычыны эпідэмій і шмат іншага. Як сказаў аднойчы адзін з турыс-        таў: “Так, не вузкапрофільны быў ваш князь!” Трэба адзначыць, што да сярэдзіны 19-га стагоддзя кніга была амаль адзінай кры-ніцай ведаў пра краіны Усходу, і падарожнікі выкарыстоўвалі яе ў якасці дапаможніка пры паездках у гэтыя краіны.

Князь вельмі доўга ішоў да свайго  асабістага шчасця. Сямейнае жыццё яго не было бязвоблачным. Ажаніўся Сіротка перад Калядамі 1584 года, і было яму ўжо 35 гадоў. Ці то стаміўся быць адзін, ці то закахаўся — мы пра гэта ўжо не даведаемся. Яго выбранніцы — Эльжбеце Яўфіміі Вішнявецкай — было 15, пражылі яны разам дванаццаць гадоў, на свет з’явілася дзевяць дзяцей. Смерць маладой жонкі вельмі ўзрушыла князя, і, у адрозненне ад большасці сваіх продкаў і нашчадкаў, ён больш не жаніўся. Давялося яму перажыць і смерць сваіх дзяцей. Князь сам выхоўваў тых сваіх дзяцей, што засталіся жывымі, ды яшчэ і чатырох пляменнікаў-сірот.

Сіротка быў добрым бацькам сваім дзецям. У апошнія гады жыцця ён адышоў ад дзяржаўных спраў, і яго часта бачылі акружаным дзецьмі. Вядома, князь мог быць яшчэ шчаслівым у каханні. Графічныя выявы Сіроткі, што дайшлі да нас, нічога такога асаблівага ў знешнасці князя нам не паказваюць. Але ж тым не менш раман са знакамітай Маргарытай Наварскай, больш вядомай нам як каралева Марго, у жыцці князя меў месца. Як сведчыць гісторыя, жанчына гэта магла дазволіць сабе выбіраць мужчын. І калі выбрала Радзівіла Сіротку, значыць, было за што. (І не кажыце пра грошы. Вось ужо ў іх то яна дакладна не мела патрэбы).

Сіротка пакінуў сваім дзецям наказ, напісаны на беларскай мове, (і гэта таксама паказальны момант!): “Не лянуйцеся вучыцца і Айчыне служыць, намагацца таго, каб быць добрым слугой ВКЛ. Паводзьце сябе перад кожным сціпла, не з боязі або нягоднасці, а з-за прыроджанай цноты. Як агню і заразы паветранай, сцеражыцеся страт незваротных, свавольнага жыцця і безразважнага п’янства, распусты, строяў альбо ўбораў пышных, слуг новых, маладых, недасведчаных і іншых рэчаў спакуслівых і прывабных у маладосці”. Ці многія сучасныя бацькі так настаўляюць сваіх дзяцей?!

Труну з целам князя неслі, а таксама ішлі за ёю жабракі, якія сабраліся з усёй акругі. Пахаваць сябе князь завяшчаў у простым адзенні пілігрыма, бо, як ніхто іншы, разумеў словы, што сам абраў для сваёй жа эпітафіі: “Перад Богам мы зусім не рыцары, а ўсяго толькі пілігрымы-падарожнікі”.

Цяпер неяк модна стала не проста  ўсё падвяргаць сумненню, а абліваць брудам, бэсціць і ганьбіць. І пра Сіротку чаго толькі не даво-дзіцца чытаць у тым жа інтэрнэце, і не толькі ў ананімных каментарыях, што ўжо не здзіўляе, але і ў “сур’ёзных”, як яны сябе самі пазіцыяніруюць, артыкулах. А ўжо чаго толькі не наслухаешся ў замку падчас экскурсій, якія суправаджаюць прыезджыя экскурсаводы. Маўляў, і хварэў князь “неадназначнаю” хваробаю, якую “як Калумб каларадскага жука з Амерыкі ў Еўропу, з Еўропы ў Беларусь прывёз”, і жаніцца баяўся з-за гэтага, і нашчадкі таму хутка паміралі, і процьму грошай патраціў на набыццё пратэстанцкіх кніг, абы толькі вогнішчы ў Нясві-жы ў “малую Варфаламееўскую ноч” былі ярчэйшыя і вышэйшыя, і з пратэстанцкіх святароў здзекваўся, і брата падбухторыў святаром стаць, абы свае ўладанні за яго кошт пашырыць… Працягваць можна доўга. І, пры гэтым, заўважце, грошы на імені Сіроткі зарабляць гэтыя гіды не грэбуюць. Але не судзі, ды не судзімы будзеш. І яшчэ. Успомніце, як заканчваецца фільм “Троя”, што нядаўна зноў паказвалі па тэлевізары: “Усіх забудуць, а яго слава застанецца. І гаварыць будуць: яны жылі ў часы Ахілеса”. Тое ж можна сказаць і пра Сіротку — многіх забыліся, а пра Сіротку помняць. Як у Нясвіжы — то кожны дзень успамінаюць. І хай той, хто любіць выцягваць усякі бруд на паверхню, выстаўляючы яго як ісціну ў апошняй інстанцыі, спачатку зробіць для сваёй сям’і і сваёй Айчыны хаця б мільённую долю таго, што зрабіў Сіротка, а тады ўжо дазваляе сабе якія б то ні было выказванні.

Ірына ЦІХОНКА,

г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.