Аношкаўскія таленты

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Узорны ансамбль “Аношкаўскія музыкі”

Узорны ансамбль “Аношкаўскія музыкі”

“Я асабліва хачу адзначыць  дзіцячы ансамбль

“Аношкаўскія  музыкі”, творчасць якога дае нам

магчымасць дакрануцца да народнага мастацтва”.

(З выступлення Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстай

цырымоніі ўручэння прэмій “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльных прэмій

Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва 12 студзеня 2016 г.)

Год культуры ў нашай краіне адкрыўся вялікай урачыстасцю, цудоўным святам у Мінску. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльныя прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. І вельмі важна, што побач з прадстаўнікамі такіх мэтраў культурнага жыцця нашай краіны, як Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны акадэміч-ны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на сцэне Палаца Рэспублікі стаялі і нашы землякі — прадстаўнікі ўзорнага ансамбля гарманістаў “Аношкаўскія музыкі”. Дыплом лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Аляксандр Лукашэнка ўручыў кіраўніку ансамбля Аляксею Андросіку, якога суправаджалі на сцэне юныя музыканты —  9-гадовы Ягор Антановіч і 11-гадовы Уладзіслаў Юрашчык.

— Атрымаць такую прэмію — гэта вельмі ганарова. Гэта высокая ацэнка працы і педагогаў, і дзяцей. Прэміі наогул атрымліваць прыемна, і тым больш з рук Прэзідэнта краіны… Мы ўдзячны за такую ўзнагароду.  Удвая значна, што такая падзея адбылася ў год 30-годдзя нашай школы мастацтваў. Нам далі знаць, што стаім на правільным шляху. Перш чым стварыць ансамбль, мы доўга думалі, якім ён павінен быць. Хацелася, каб гэта была свое-асаблівая зорачка, адметная ад іншых. І не памыліліся. Наша зорачка ярка заззяла на музычным небасхіле. Выбар гармонікаў, народнай музыкі аказаўся самым правільным. Мне асабіста такая музыка бліжэй, бо я сам — “народнік”. Мы дорым слухачам народную музыку ў граматным выкананні, — расказаў карэспандэнту “НН” дырэктар Аношкаў-скай дзіцячай школы мастацтваў Віктар Высоцкі. Яшчэ такая ўзнагарода — аванс для нашай будучай работы.

 

Візітоўка ансамбля гарманістаў “Аношкаўскія музыкі”

Год нараджэння  —1997-ы.

Першы кіраўнік — Віктар Наумчык. З лютага 2011 г. ім кіруе Аляксей Андросік. 

Звання “ўзорны” ўдастоены ў 2001 г.

Па выніках работы за 2005 г. — стыпендыят фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

У 2012 г. Аляксей Андросік стаў пераможцам прафсаюзнага рэспубліканскага конкурсу “Лепшы па прафесіі сярод моладзі, якая працуе ў аграгарадках”.

Ансамбль — уладальнік амаль 100 дыпломаў        розных узроўняў.

За 19 гадоў існавання ансамбля праз яго прайшло  каля 30 навучэнцаў Аношкаўскай ДШМ.

Музычныя інструменты, якія выкарыстоўваюцца калектывам, — гармонікі, акарына, беларуская дуда, барабан, бубен, басэтля, жалейкі, дудачкі. А таксама чыгункі, каса, пральная дошка, шархун.

Ансамблю апладзіравалі ў Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі, Францыі, Турцыі

 

 

Пасля ўрачыстасці ў Палацы Рэспублікі “Аношкаўскія музыкі” бралі ўдзел у святочным канцэрце, а дакладней — вакальна-харэаграфічнай яго кампазіцыі “Калядная карусель”. Зноў жа — разам са знакамітымі калектывамі: заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь дзіцячым ансамблем танца “Равеснік” Рэспублікан-скага палаца культуры прафсаюзаў, Дзяржаўным ансамблем танца Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча і заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем народнай музыкі “Бяседа” Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Леаніда Захлеўнага.

— Для нашай вясковай школы мастацтваў, для нашых дзяцей — такі вялікі гонар, — гаворыць Віктар Высоцкі.

Юныя музыкі выступаюць на высокім узроўні. Але гэтаму папярэднічае вельмі цяжкая, карпатлівая работа. Адточваецца не толькі музычнае майстэрства, а і сцэнічныя паводзіны, пачуццё рытму, пластыкі. На сцэне павінна быць шоу, якое захопіць гледача. Таму прысутнічаюць тры складнікі паводзін юных ар-тыстаў: іграць, прытанцоўваць і ўсміхацца ад душы, шчыра. Усе ўдзельнікі ансамбля займаюцца ў класе харэаграфіі, іх вучаць трымацца свабодна, натуральна, без заціснутасці, без хвалявання. Каб карцінка адпавядала зместу музычнага твора, каб адчувалася гармонія. Дзякуючы кіраўніку ансамбля, гэта і дасягаецца. Калі ў старэйшых удзельнікаў ансамбля ўсё адшліфавана да аўтаматызму, то ў маленькіх толькі  ідзе напрацоўка прафесіяналізму. І ўявіце, колькі ад іх патрабуецца вытрымкі, смеласці, працавітасці, настойлівасці… А яны ж яшчэ дзеці…

Хлопчыкі стараюцца. І паспяваюць усюды. Дзіцячых забаў не цураюцца — зімой, напрыклад, ходзяць на заснежаную горку за паўтара кіламетра ад Аношак. Мароз, снег, сонца, свежае павет-ра надаюць добры настрой. І ўрокі вучаць належным чынам, ведаюць: пачнеш горш займацца — у ансамбль не возьмуць.

“Аношкаўскім музыкам” сімпатызуюць усе, хто іх чуе і бачыць. Бо нельга не захапляцца іх віртуознай ігрой,  манерай выканання, непасрэднасцю і ад-крытымі  ўсмешкамі. Хлопчыкі не проста выконваюць тую ці іншую мелодыю. Яны яе пражываюць, укладваючы душу і сэрца. Дарослая заліхвацкасць і дзіцячая абаяльнасць выклікаюць замілаванне. А той факт, што калектыў з’яўляецца яркім носьбітам народнасці, духоўнай і культурнай спадчыны нашых продкаў, надае яму значнасці.

— Дзе вы, Віктар Яўгенавіч, назбіралі такіх талентаў?

— Ля вытокаў народнасці — у нашых вёсках. З Каменкі быў Сяргей Кізін. З Казлоў — Вадзім і Максім Пракарына. Яны ўжо закончылі школу мастацтваў, выйшлі з саставу “Музыкаў”. Цяпер з Казлоў ходзіць Уладзіслаў Юрашчык. Дарэчы, у нашай школе раней вучыліся яго бацька Дзмітрый і мама Наталля, вучыцца старэйшая  сястра Даша. Астатнія хлопчыкі ансамбля — з аграгарадка Аношкі.

Усяго ў ансамблі 20 чалавек, узрост — ад 6 да 16 гадоў. У асноўны састаў зараз уваходзяць згаданыя вышэй Ягор Антановіч і Уладзіслаў Юрашчык, а таксама Валерый Дыдышка, Антон Антановіч, Мікіта Брытвіч, Арцём Шаўчэнка, Дзяніс Була, Аляксей Акулік і Арцём Дзеравяга, які ўжо закончыў вучобу ў Аношкаўскай ДШМ, займаецца ў Баранавіцкім каледжы мастацтваў, але дапамагае калектыву, удзельнічае ў канцэртах. Арцём наогул таленавіты. У Аношках асвоіў ігру на баяне, гармоніку, фартэпіяна. Дзевяць гадоў наведваў школу мастацтваў. У маі гэтага года збіраецца паехаць на вельмі прэстыжны міжнародны конкурс баяністаў і акардэаністаў у нямецкі горад Клінгенталь, куды  прыязджаюць самыя знакамітыя выканаўцы. Застаецца пажадаць нашаму земляку ўдалага выступлення.

Ёсць што абмеркаваць дырэктару Аношкаўскай дзіцячай  школы мастацтваў Віктару Высоцкаму і кіраўніку ансамбля, выкладчыку школы  Аляксею Андросіку

Ёсць што абмеркаваць дырэктару Аношкаўскай дзіцячай
школы мастацтваў Віктару Высоцкаму і кіраўніку ансамбля, выкладчыку школы Аляксею Андросіку

Усяго ж праз ансамбль за 19 гадоў яго існавання прайшло каля 30 чалавек, выпускнікоў Аношкаўскай школы мастацтваў.

— Віктар Яўгенавіч, а што ансамбль выконваў на сцэне Палаца Рэспублікі?

— “Малаедаўскую польку”. Гэта мясцовы твор. Зараз раскажу, як ён трапіў да нас. Некалі ў вёсцы Малаеды былі свае музыканты. Ігралі шмат чаго. І вось адзін матыў, полечку, неяк найграў Лёшу Андросіку на гармоніку яго дзядуля-самавучка. Аляксей сеў, зрабіў аранжыроўку для свайго калектыву.

Сённяшні кіраўнік ансамбля Аляксей Андросік раней сам быў яго ўдзельнікам, уваходзіў у першы састаў. Іграў на шумавых інструментах. Па класе акардэона вучыўся ў Нясвіжскай ДШМ, бо ў Аношкаўскай школе тады не было класа акардэона (яго адкрылі ў 2009 годзе). Потым юнак закончыў Мінскі каледж мастацтваў, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Папрацаваў выкладчыкам у Сноўскай ДШМ. А калі прапанавалі месца ў Аношках, перайшоў сюды. На гармоніку іграць ён не ўмеў, але ж давялося навучыцца, калі паставілі  кіраўніком ансамбля. І летась, выступіўшы сольна на прэ-стыжным міжнародным фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, стаў лаўрэатам ІІІ ступені. А выступалі там масцітыя выканаўцы, напрыклад, такія, як гарманіст Іван Сухі з украінскага горада Жашкава. Аляксей апраўдаў давер свайго настаўніка і калегі Віктара Высоцкага, які настойліва раіў маладому чалавеку выступіць з сольным нумарам.

Узорны ансамбль гарманістаў “Аношкаўскія музыкі” прывёз з леташняга фестывалю ў Паставах Дыплом І ступені. Чарговая ўзнагарода дабавілася да многіх іншых, што былі дагэтуль. У тым ліку да двух Дыпломаў ІІ ступені, заваяваных раней на гэтым жа конкурсе.

Наогул, мінулы год быў для іх калектыву багатым на паездкі. У чэрвені выкладчык Аношкаўскай школы  мастацтваў Ірына Саленік вазіла ў польскія Пулавы танцавальны ансамбль “Сонейка” на Міжнародны фестываль харэаграфічнага дзіцячага  мастацтва. А ўзорны ансамбль гарманістаў, які там выступаў раней, быў запрошаны асобна ў якасці ганаровага госця.

У ліпені “Аношкаўскія музыкі” ўдзельнічалі ў Дні горада ў латвійскім Ауцэ. У жніўні — на “Дажынках” у польскім Тарнаве. Іх з задавальненнем слухаюць у сваім раёне, вобласці, рэспубліцы. Так, летась, у лістападзе, выступалі на абласных дажынках у Вілейцы. У кастрычніку, на Пакровы, у  Дзень Маці, удзельнічалі ў дабрачынным канцэрце-марафоне ў Салігор-ску, куды іх запрасіў епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній. Запрашалі юных музыкаў таксама на святы вёсак Каменка, Казлы. За год у калектыву выходзіць каля 70 выступленняў рознага кшталту.

Ансамбль стаў візітоўкай культурнага жыцця Нясвіжчыны. Таму, калі старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра ў 2015 годзе даручыў абнавіць ва ўстановах культуры вобласці фонды музычных інструментаў, Нясвіжскі райвыканкам прапанаваў Нясвіжскую і Аношкаўскую дзіцячыя школы мастацтваў. Такім чынам, за сродкі абласнога бюджэту першай закуплены цымбалы, электрагітара, лічбавае фартэпіяна і дзве домры, другой — 7 гармонікаў і 2 акардэоны, з разлікам іменна  на ўзорны ансамбль. Музычныя інструменты паступілі ў школу  перад Новым годам, і па спецыяльную прэмію Прэзідэнта  нашы таленавітыя землякі паехалі ўжо з новенькімі гармонікамі.

Акрамя спецыяльнай прэміі, удзельнікі ансамбля “Аношкаўскія музыкі” атрымалі яшчэ і падарункі ад Кіраўніка дзяржавы. Іх пасля канцэрта хлопчыкам уручыла  прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант.

— Хацелася б сказаць аб тым, як актыўна нам дапамагае аддзел  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, — гаворыць Віктар Высоцкі. — Заўсёды для паездак выдзяляе транспарт. Вось і цяпер у Мінск ездзілі на аўтобусе аддзела культуры, з суправа-джэннем аўтамашыны ДАІ. Бацькам юных музыкантаў прыемна ведаць, што дзеці пад наглядам, што дарослыя клапоцяцца пра іх, і ўсё будзе ў парадку. Дарэчы, бацькі нам давяраюць сваіх дзяцей, калі летам вывозім іх на Нёман, на Бярэзіну. 3-4 дні жывём у палатках, рыхтуем кашу, юшку ў кацялках на кастры, адпачываем. Але хлопчыкі хутка пачынаюць сумаваць без сваіх звычайных заняткаў музыкай, і тады наладжваем канцэрт. Добрым сябрам нашых дзяцей стаў вадзіцель аўтобуса аддзела Віктар Віктаравіч Несцер.

— Чым адметным збіраецеся адзначыць сёлета Год культуры?

— Справім 30-годдзе Аношкаўскай  дзіцячай школы мастацтваў. Хацелася б дастойна прадэманстраваць нашы напрацоўкі. А іх у нас шмат. Акрамя “Аношкаўскіх музыкаў”, добра выступаюць той жа танцавальны ансамбль “Сонейка”, які аб’ядноўвае 30 дзяцей, аркестр духавых інструментаў, працуе клас народна-прыкладнога мастацтва — не ўсе ж дзеткі могуць іграць  і танцаваць, ёсць і іншыя захапленні. Проста ўзорны ансамбль “Аношкаўскія музыкі” заявіў пра сябе вельмі ярка, самабытна і стаў такім знакамітым. Наогул, будзем працаваць далей.

Не хавае свайго задавальнення  атрыманай узнагародай і кіраўнік ансамбля Аляксей Андросік:

— Канешне, вельмі прыемная такая  падзея. Прыемна, што ацэнена работа нашага калектыву. Дзеці задаволены і рады. Бо многа сіл было затрачана і бацькоўскіх, і дзіцячых, каб на ўсіх узроўнях выступаць дастойна. Я ўдзячны бацькам дзяцей, родным маім і Віктара Яўгенавіча за разуменне.

Гляджу, як мае выхаванцы  растуць, сталеюць. Літаральна праз паўгода пасля таго, як прыходзяць у ансамбль, ужо бачны іх веды, уменне, адказнасць. бу-дзем і далей старацца, дабівацца новых поспехаў, новых узнагарод.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.