Школа, багатая гісторыяй

Поделитесь с друзьями
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Намеснікі дырэктара Аксана Клаўсюк,  Кацярына Чухлей і Вера Аляшкевіч

Намеснікі дырэктара Аксана Клаўсюк,
Кацярына Чухлей і Вера Аляшкевіч

Кожную раніцу, акрамя выхадных, хлопчыкі і дзяўчынкі спяшаюцца  ў ДУА «Ліпскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа», каб атрымаць сваю порцыю ведаў. Для іх школьная сцяжынка — дарога ў будучыню. Так цікава ісці па ёй… Але сёння давайце крыху зірнём назад, роўна на паўстагоддзя. Менавіта столькі спаўняецца Ліпскай сярэдняй школе ў гэтым годзе.

Імя дырэктара школы Аксаны  Аглашэвіч унесена ў раённую Кнігу Пашаны «Зоркі і таленты адукацыі Нясвіжскага раёна»

Імя дырэктара школы Аксаны
Аглашэвіч унесена ў раённую Кнігу Пашаны «Зоркі і таленты адукацыі Нясвіжскага раёна»

Як усё пачыналася

Гісторыя ўстановы пачынаецца з 1773, калі ў мястэчку Ліпа па ініцыятыве спадара Абуховіча была пабудавана царкоўнапрыходская школа. У 1888 годзе пачала дзейнічаць школа граматы, дзе навучаліся 25 хлопчыкаў. У хуткім часе на месцы сучаснай вёскі размясцілася царкоўна-прыходскае вучылішча. У 1939 годзе школе перадалі будынак былога маёнтка, дзе дзеці мелі магчымасць атрымаць сямігадовую адукацыю.

Тадышні старшыня калгаса «17 верасня» Уладзімір Галушка разумеў, што для забеспячэння далейшых поспехаў гаспадаркі неабходна клапаціцца аб адукацыі і культуры людзей. Так, па яго ініцыятыве ў 1965 годзе была пабудавана новая школа — трохпавярховая, вялікая, прыгожая, з інтэрнатам, спартыўнай і актавай заламі.

Дзень сучасны

У 2015 годзе Ліпская сярэдняя школа была рэарганізавана ў дзяржаўную ўстанову адукацыі «Ліпскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа». Сёння тут  навучаюцца і выхоўваюцца 145 дзяцей і працуе 31 педагог. Сярод школьнікаў — 26 % дзяцей з іншых населеных пунктаў.

На ўроку ў першакласнікаў

На ўроку ў першакласнікаў

У пакоі «Вывучэння бяспекі жыццядзейнасці» дзіцячага садка «Сонейка» Ксюша, Ваня, Андрэй, Мікіта, Даша і Арцём  распавядаюць, кім яны будуць, калі вырастуць

У пакоі «Вывучэння бяспекі жыццядзейнасці» дзіцячага садка «Сонейка» Ксюша, Ваня, Андрэй, Мікіта, Даша і Арцём распавядаюць, кім яны будуць, калі вырастуць

Народная творчасць для школьных актывістаў Аляксандра Налівайкі і Вольгі Сіняўскай — крыніца натхнення

Народная творчасць для школьных актывістаў Аляксандра Налівайкі і Вольгі Сіняўскай — крыніца натхнення

Будзем знаёмыя!

Установай адукацыі кіруе малады, таленавіты дырэктар    Аксана Аглашэвіч, у мінулым  — выпускніца Ліпскай сярэдняй школы. Сваю педагагічную кар’еру яна пачынала ў Высакаліпскім дзіцячым садзе, дзе некалькі гадоў працавала выхавальнікам групы падоўжанага дня, затым яшчэ чатыры гады выконвала абавязкі загадчыка. У ліпені 2015 года Аксане Канстанцінаўне была зроблена прапанова  стаць кіраўніком ДУА «Ліпскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа», якую яна прыняла з усёй адказнасцю.

— У тым, якой цяпер з’яўляецца школа, заслуга нашага калектыву, — адзначае Аксана Аглашэвіч. — Большасць педагогаў працуе тут не першы дзясятак гадоў — усе вельмі дружныя і адданыя сваёй справе. У гэтым навучальным годзе да нас прыйшлі тры маладыя спецыялісты, якія адразу ж сталі членамі нашай вя-лікай педагагічнай сям’і. Не забываем мы і настаўнікаў-ветэранаў, стараемся ўсім дапамагаць. Вялікую падтрымку ў вырашэнні розных пытанняў школе  аказвае ААТ «17 верасня».

— Наша ўстанова адукацыі мае багатую гісторыю, таму ўсе намаганні накіраваны на захаванне лідзіруючых пазіцый, — распавядае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Клаўсюк. — Працэс выхавання будуецца на грамадзянска-патрыятычным прынцыпе, а паколькі навучанне праходзіць на беларускай мове, развіццё роднага слова лічым прыярытэтнай задачай.

Вось так вітаюць гасцей навучэнцы Ліпскай сярэдняй школы. На фота: класны кіраўнік 1 класа Наталля Богуш разам са сваімі падапечнымі і будучыя выпускнікі

Вось так вітаюць гасцей навучэнцы Ліпскай сярэдняй школы. На фота: класны кіраўнік 1 класа Наталля Богуш разам са сваімі падапечнымі і будучыя выпускнікі

Школьная скарбонка

На рахунку ўстановы адукацыі нямала ўзнагарод і дасягненняў, ганаровае месца сярод якіх займаюць дыпломы рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. У школе ёсць багаты краязнаўчы куток з цікавымі экспанатамі. Дзеці ведаюць гісторыю кожнага з іх, як і гісторыю роднага краю. Музейнай працай і вывучэннем гісторыі вёскі іх заха-піла настаўнік працоўнага навучання Ала Лазюк. У вучняў Ліпскай школы шмат інтарэсаў: песні, танцы, дэкаратыўна-прыкладная творчасць, падрыхтоўка да ЦТ.

— Адным з плюсаў навучання ў сельскай школе з’яўляецца тое, што нашы вучні ведаюць адзін аднаго з дзяцінства, — заўважае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кацярына Чухлей. — Яны вельмі дружныя паміж сабой, актыўна ўдзельнічаюць у жыцці школы, а разам з імі і іх  бацькі.

Ахоп навучэнцаў факультатыўнымі заняткамі ў школе складае 100 працэнтаў. Сур’ёзная ўвага надаецца і ўмацаванню здароўя дзяцей, заняткам спортам. Каля школы ёсць стадыён, нават зімой ён не пустуе — хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем катаюцца на лыжах. Могуць і ў снежкі пагуляць, але нядоўга — дысцыпліна ў школе на высокім  узроўні. Вучні адказна адносяцца да вучобы, берагуць маёмасць школы, падтрымліваюць чысціню і парадак.

У ідэальным становішчы тут ўтрымліваецца і прышкольны ўчастак. Хто б ні зайшоў у школьны сад летам, захапляюцца яго прыгажосцю.

Немагчыма не згадаць і аб дзіцячым садку «Сонейка», які з нядаўняга часу ўваходзіць у склад навучальна-педагагічнага комплексу. Тут заўсёды цёпла і ўтульна, весела і камфортна. Для развіцця і выхавання дзяцей створаны ўсе ўмовы, і ўвага — ніякай чаргі!

 

Імі ганарыцца школа

Гонарам і славай школы з’яўляюцца яе выпускнікі: былы намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Ермак, начальнік ДРБУ № 168 Ігар Дуброўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Лазюк, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь  Людміла Фенько, дацэнт кафедры фармакалогіі і таксікалогіі ВДАВМ Зінаіда Раманчук, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод» Сяргей Апанасік, майстар спорту СССР, чэмпіён Беларусі па акадэмічнай грэблі Людмі-ла Качура, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Нясвіжскага райвыканкама, начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння ўпраўлення Таццяна Толсцік (Сланімская), траўматолаг-артапед Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Сяргей Худніцкі, член Нацыянальнай зборнай па міні-футболе Руслан Лазюк, дырэктар ААТ «ВішнявецАгра»  Віктар Худніцкі, галоўны ветэрынарны ўрач ААТ «17 верасня»  Валерый Яроцкі, механізатары Ігар Худніцкі, Юрый Клаўсюк, Сяргей Малец, Сяргей Каленік, Іван Зянько, загадчык МТФ вёскі Круты Бераг Наталля Філіпава, брыгадзіры паляводчых брыгад ААТ «17 верасня» сёстры Ірына і Валянціна Малец і шмат іншых.

Многія выпускнікі вярнуліся ў родную школу, доўгі час працавалі настаўнікамі, а некаторыя і сёння займаюцца навучаннем і выхаваннем дзяцей. Гэта Вольга і Аксана Клаўсюк, Ала Лазюк, Таццяна Пятроўская, Ганна Засулевіч, Ігар Булат, Жанна Малец,  Яніна Капытка, Аксана Аглашэвіч і малады спецыяліст навучальна-педагагічнага комплексу Вера Аляшкевіч.

Сённяшнія вучні таксама ўпэўнена заяўляюць пра сябе, дэманструючы глыбокія веды па школьных прадметах, актыўна ўдзельнічаючы ў справах школы. Гэта Павел Будчанін, Віялета Лепяціла, Аліна Капытка, Дзіяна Ліцкевіч, Уладзіслаў Худніцкі, Ірына Аляшкевіч, Вікторыя Несцер, Крысціна Межань, Ірына Барысава.

Дзякуй за добрасумленную і плённую працу, паважаныя настаўнікі-ветэраны! Вас памятаюць, шаноўныя Аляксандра Аляксандраўна Скрындзіеўская, Вера Уладзіміраўна Раманчук, Ядзвіга Іосіфаўна Мароз, Яўгенія Сяргееўна Кардаш, Данута Людвігаўна Сланімская, Ларыса Іванаўна Дылеўская, Тамара Карнееўна Пракапенка, Марыя Авер’янаўна Ігнатчык, Ванда Уладзіміраўна Талай, Людміла Канстанцінаўна Качура! Асобная падзяка адрасуецца былым дырэктарам школы — Палікарпу Раманчуку, Уладзіміру Раўбецкаму, Івану Квяткоў-скаму, Алегу Браткоўскаму, Валерыю Межаню і Ларысе Булат.

Першыя выпускнікі-медалісты — Вера Апанасік (1967-1968), Людміла Сцефановіч (1970-1971), Аляксей Шуста (1970-1971), Аляксандр Качура (1972-1973), Уладзімір Шуста (1972-1973), Павел Раманчук (1974-1975), Сяргей Худніцкі (1974-1975), Алег Сасноўскі (1975-1976), Людміла Фенько (1975-1976), Любоў Сасноўская (1977-1978).

За пяцьдзясят гадоў школа выпусціла 27 залатых і 15 сярэбраных медалістаў.

 

 

 

 

Цягнік успамінаў

Увечары 6 лютага дзверы Ліпскай сярэдняй школы будуць гасцінна расчынены для выпускнікоў розных гадоў і іх настаўнікаў. Для дарагіх гасцей падрыхтавана цікавая праграма: экскурсія па школе, выстава школьных фота-здымкаў, міні-музей школьных рэчаў, святочны канцэрт, шмат пазітыву і весялосці. Галоўны сюрпрыз — памятная экспазіцыя «Шлях даўжынёю ў 50 гадоў», якая прадстаўляе сабой цягнік, у вагонах якога едуць выпускнікі мінулых гадоў. Многія з іх знайшлі свой шлях у жыцці і ніколі не забудуць, чаму іх тут вучылі. Бо, як вядома, школа — гэта падмурак, які дае аснову на ўсё далейшае жыццё.

Наталля Ермашэнка.


Поделитесь с друзьями
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.