Усё — для кліента

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_1206

2016 год стаў знакавым для прыватнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг “Астрэйка”, даўно вядомага на Нясвіжчыне як абутковая майстэрня, што месціцца непадалёк ад гарадской лазні. Нават самыя пажылыя несвіжане памятаюць, як насілі туды здаваць у рамонт абутак яшчэ ў савецкія часы. Неўпрыкмет праляцелі гады, і вось у сёлетнім лістападзе споўніцца 20 гадоў, як былая дзяржаўная майстэрня стала прыватнай, займеўшы свайго гаспадара, а дакладней, гаспадыню — Таісу    Іосіфаўну Астрэйка. Як расказала ў нашай гутарцы сама Таіса Іосіфаўна, якая, дарэчы, скончыла ў свой час Мінскі тэхнікум лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці “тэхнолаг абутковай вытворчасці”, у гэтай майстэрні яна працуе з 1980 года.  І вось, калі ў грамадства пачало вяртацца паняцце аб прыватнай уласнасці, раённая ўлада пайшла ёй насустрач у імкненні весці добра знаёмую справу па-новаму. Умова была адзіная — захаваць рабочыя  месцы. Яна была выканана, і новую справу разам з гаспадыняй пачалі шэсць чалавек. У выніку майстэрня працуе, і прычым працуе паспяхова — па выніках раённага спаборніцтва за 2015 год, якія па традыцыі падводзяца на раённым злёце перадавікоў, ПУП “Астрэйка” выйшла пераможцам сярод прад-прыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці.

— Адразу было вельмі нялёгка,  — узгадвае Таіса Іосіфаўна. — Трэба было зрабіць рамонт у цэху, перакрыць дах, замяніць вокны. Але паступова мы, як кажуць, “выплылі”. Пачыналі працаваць на абсталяванні, што засталося ад “савецкай” майстэрні, затым купілі машыну для ўстаўкі замкоў, мадэрнізавалі машыну для зачысткі абутку. Гэта было самым неабходным, каб працаваць па-сучаснаму.

Зараз ПУП “Астрэйка”аказвае ўсе віды паслуг па рамонце абутку: акрамя звыклай для ўсіх замены набоек, тут выконваюць і буйны рамонт: мяняюць падэшвы ў любым абутку і абцасы, у тым ліку і мадэльныя. Абутак тут могуць і ўшыць, і замяніць супінатар, і ўмацаваць заднікі, і зрабіць кругавую прашыўку, і многае іншае. Вялікай папулярнасцю карыстаецца замена замкоў у ботах. У бліжэйшай будучыні плануецца пачаць перацяжку абутку з заменай верху, з заменай саюзак. Гэта паслуга можа быць зусім не таннай, таму яна будзе ўводзіцца адпаведна попыту.

Паслугі прадпрыемства “Астрэйка” даступныя не толькі гараджанам, але і вяскоўцам. Ужо 10 гадоў яно практыкуе прыём абутку ў рамонт у аддзяленнях паштовай сувязі ў вёсках і г.п. Гарадзея па дамове з раённым вузлом паштовай сувязі. Разнастайныя боты, туфлі і басаножкі прывозяць разам з поштай на сарціроўку і затым дастаўляюць да майстроў, якія іх рамантуюць і адпраўляюць назад на тыя аддзяленні, з якіх яны прыбылі.

— Гэта зручна і людзям, і нам, — гаворыць Таіса Іосіфаўна. — Ім не трэба лішні раз ехаць у Нясвіж, а ў нас ёсць работа. Шмат абутку паступае з Астровак, Высокай ліпы, Гарадзеі, нямала — з Лані, з Навасёлак. І мы такім супрацоўніцтвам з раённым вузлом паштовай сувязі вельмі задаволены.

Увогуле ж за мінулы год майстэрня Таісы Астрэйка абслужыла амаль 46 тысяч кліентаў. На пытанне, многа гэта ці мала, яна адказала, што, напрыклад, у “застойныя” савецкія часы іх было яшчэ больш, і быў пастаянны дэфіцыт матэрыялаў для рамонту. А зараз наадварот — матэрыялаў колькі заўгодна, а наведвальнікаў менш у параўнанні з тым часам.

— Напэўна, людзі ў большасці сваёй сталі жыць лепш, — гаворыць Таіса Іосіфаўна. — Але і тут усё па-рознаму: адзін купіць 2-3 пары не самага лепшага рыначнага абутку, паносіць іх і выкіне без шкадавання, а другі — адну пару больш дарагога з натуральнай скуры і будзе да апошняга яе даглядаць і рамантаваць.

А яшчэ, як вопытны абутковы майстар, мая суразмоўца заўважыла, што якасць абутку, у тым ліку і імпартнага, зараз увогуле саступае таму югаслаўскаму ці чэшскаму, на які ішло сапраўднае “паляванне” ў савецкія часы. Чаму так — цяжка сказаць, адна толькі тэндэнцыя прасочваецца яўна: калі раней людзі перш за ўсё хацелі, каб было практычна, то цяпер — каб прыгожа.

— Бывае, — гаворыць Таіса Іосіфаўна, трапляе да нас такая мадэль, што хочацца тому мадэльеру сказаць: “Каб ты, шаноўны, паспрабаваў яе сам адрамантаваць, то ты б яе ніколі такую не зрабіў”. Але ж выхаду няма — робім усё, што можам, каб не расчараваць кліента. Шмат стала абутку сумеснай вытворчасці, а што тычыцца таго, што выпускаецца ў Беларусі, то з лепшага боку хочацца адзначыць “Белвест”. Гэта дастойны абутак, зручны, на-дзейны і эстэтычны.

На пытанне аб галоўным складніку паспяховай работы свайго прадпрыемства мая суразмоўца адказала, што гэта, канешне ж, людзі, якія разам з ёю працуюць: Таццяна Пражэнік, Надзея Драчок, Вольга Мышалава, Ларыса Рымкевіч. Вопытныя, старанныя, добрасумленныя, сапраўдныя майстры сваёй справы. Шэсць гадоў таму да іх далучылася Надзея Дранчук, якую накіраваў аддзел занятасці. Пасля навучання ў Мінску маладая дзяўчына паспяхова пераймала сакрэты майстэрства ў старэйшых, і зараз яны чакаюць яе вяртання з дэкрэтнага водпуску.

У заканчэнне нашай гутаркі Таіса Іосіфаўна павіншавала свой калектыў з перамогай у раённым спаборніцтве сярод прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці і пажадала кожнай яго працаўніцы здароўя і добрых кліентаў, кліентам — паболей зручнага і прыемнага воку абутку ў гардэробе, а ўсім нам разам — міру, спакою і прыгажосці як звонку, так і ўнутры.

На фота: дырэктар ПУП па аказанні паслуг “Астрэйка” Таіса Астрэйка і адна з самых вопытных майстрых прадпрыемства Вольга Мышалава. 

Соф’я Любанец.

Фота

Наталлі ЕРМАШЭНКА.    

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.