З любоўю да слова

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

бел.літ

Дзеля захавання моў міжнародны фонд ЮНЭСКА абвясціў 21 лютага днём роднай мовы — каб хоць у такі дзень на ёй загаварылі, пра яе ўспомнілі.

Любоў да мовы, роднага краю, Бацькаўшчыны прыходзіць праз веданне літаратуры. Менавіта ў родным слове мы шукаем разуменне і прыгажосць, яно сагравае нашу душу і выклікае захапленне. І сапраўды, калі бярэш у рукі беларускую кніжку, пачынаеш адчуваць сябе так, нібы выехаў з шумнага, стамляючага, прасякнутага складанымі праблемамі свету на канікулы — да цішыні, спакою, прастаты. Такая наша беларуская кніга.

Паважаныя несвіжане, вы можаце аддаць пашану роднай мове тым, што пачытаеце добрую літаратуру на ёй. А якая гэта можа быць літаратура, вы даведаецеся зараз.

Генадзь Аўласенка. “Ключ, які нічога не адмыкае”.  Новая кніга прозы Генадзя Аўласенкі “Ключ, які нічога не адмыкае” мае падзагаловак “Рэальна-містычна-фантастычныя апавяданні”. І гэта сапраўды так. Бо, нягледзячы на тое, што зборнік апавяданняў можна вызначыць, як містычна-фантастычны, рэальнага на ягоных старонках не менш, чым уласна містыкі альбо фантастыкі. А месцамі — нават і больш… У зборнік увайшлі розныя паводле памеру і тэматыкі апавяданні. Усе яны (хоць і ў рознай ступені) знаходзяцца на хісткай і даволі размытай мяжы паміж “рэальным і фантастычным”. Толькі некаторыя з твораў (тыя, што пераступілі ўсё ж гэтую нябачную мяжу) можна аднесці да чыстай фантастыкі альбо сапраўднай містыкі.

Генадзь Бураўкін. “Нагаварыцца з зоркамі”. Прыхільнікам беларускай паэзіі адрасуецца новая кніга аднаго з найяскравейшых прадстаўнікоў славутага “філалагічнага пакалення” — паэта Генадзя Бураўкіна. У кнігу “Нагаварыцца з зоркамі” ўвайшлі выбраныя вершы апошняга часу (2010 — 2013 гадоў), большасць з якіх друкуецца ўпершыню.

Навум Гальпяровіч. “Сюжэт для вечнасці”. У кнізе прадстаўлены лепшыя творы розных гадоў, якія ярка сведчаць пра творчы здабытак вядомага паэта, празаіка, эстэта.

Для паэзіі і прозы Навума Гальпяровіча характэрныя шчырасць, высокі напал думкі, паважлівае стаўленне да роднага слова. Глыбокі лірызм прасякнуты грамадзянскай страснасцю, бо амаль у кожным радку — сыноўняя любоў да роднага Полацка, Беларусі. Гэта робіць творчасць аўтара адметнай і запамінальнай. Яна адзначана дыпломам рэспубліканскага творчага конкурсу “Лепшы твор 2008 года ў галіне паэзіі”, лаўрэатствам у шматлікіх іншых творчых конкурсах.

Уладзімір Гаўрыловіч. “Анёлак мой, Анёлак”. Творы Уладзіміра Гаўрыловіча — раман і дзве аповесці, змешчаныя ў кнізе, знітоўвае тэма кахання. Адрозненне твораў — у храналагічным фоне і гістарычных абставінах раскрыцця тэмы: у аповесцях — пачатак XXI стагоддзя, у рамане — 30-я гады мінулага стагоддзя, асноўнай падзеяй якіх стала калектывізацыя, з якой былі звязаны часцей за ўсё лёсы не-шчаслівыя і адначасова такія незабыўныя па сваім унутраным чалавечым харастве.

Падзеі, адлюстраваныя ў творах У. Гаўрыловіча, адбываюцца ў глыбінцы Палесся.

Віктар Марціновіч. “Мова”. Вядомы беларускі пісьменнік, журналіст, мастацтвазнаўца Віктар Марціновіч прадстаўляе на суд чытачоў свой новы раман “Мова”. Раман, які называюць “баевіком” пра беларускую мову, аўтар адносіць да жанру сацыяльнай фантастыкі. Такіх твораў у беларускай літаратуры няшмат. Дзеяннне рамана разгортваецца ў будучыні. Пры гэтым, раман вельмі актуальны.

Пісьменнік інтрыгуе тых, хто яшчэ не чытаў раман:

— Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.

Прыемнага чытання!

Алёна ЧУХЛЕЙ,

загадчык Нясвіжскай раённай дзіцячай бібліятэкі.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.