Пакуль жыве памяць

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фота 1

Фота 1

Як мы паведамлялі ў №16, у Нясвіжы прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 400-годдзю з дня смерці аднаго з самых выбітных дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі — князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Пасля імшы па ім у касцёле Божага Цела  памятныя мерапрыемствы прадоўжыліся культурнай імпрэзай у Гетманскай зале замка (фота 5).

Яна пачалася з падпісанння дагавора аб супрацоўніцтве паміж Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж” (фота 1). У знак пачатку супрацоўніцтва дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Сяргей Квачан перадаў музею-запаведніку “Нясвіж” у асобе яго дырэктара Сяргея Клімава электронныя копіі кніг Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў на шасці кампакт-дысках.

Нашчадкі сям’і Радзівілаў Мікалай і Мацей, якія жывуць у Польшчы, прывезлі ў Нясвіжскі замак выяву свайго радавога дрэва. На ім, як удакладніў князь Мацей, “не ўказаны толькі Станіслаў, які нарадзіўся ты-дзень таму”. Ён таксама перадаў музею-запаведніку “Нясвіж” копію партрэта Міхаіла Казіміра Радзівіла, арыгінал якога выпадкова знайшоў у Ліверпулі (фота 2), і карту Вялікага княства Літоўскага, зробленую ў XVII стагоддзі па ініцыятыве  Сіроткі, а таксама карту Нясвіжскай ардынацыі 1930-х гадоў. Пра апошнюю князь Мацей расказаў, што некалькі гадоў таму яе падарыла яму адна вельмі пажылая пані з Клецка. Ён адрэстаўраваў гэту карту і вырашыў, што лепшае месца для такога рарытэту — гэта Нясвіж.

Фота 2

Фота 2

Важнай часткай мерапрыемства стала прэзентацыя кнігі польскага даследчыка Томаша Кемпы (фота 3) “Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549 — 1616), віленскі ваявода”, якая выйшла ў варшаўскім навуковым выдавецтве “Сэмпер” у 2000 го-дзе.

Дырэктар замкавага комплексу “Мір” Вольга Папко прадставіла беларускі пераклад гэтай кнігі, сказаўшы:

— Праца Томаша Кемпы для мяне і маіх калег стала настольнай кнігай. Зараз яе змогуць прачытаць усе, хто пажадае. У адрозненне ад польскага выдання 2000 года, па нашай просьбе Томаш Кемпа дапоўніў выданне навейшымі знаходкамі, а беларускія вучоныя Аляксей Шаланда і Анастасія Скеп’ян унеслі свае ўдакладненні. Упершыню ў ім публікуюцца лісты Сіроткі, якія знайшла ў пінскім Музеі гісторыі Беларускага Палесся загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава.

Свае словы аб рабоце над кнігай сказалі таксама сам яе аўтар, прафесар Томаш Кемпа, прадстаўнік выдавецтва “Сэмпер” Рэната Врубель, перакладчык сяргей Петрыкевіч, навуковы рэдактар Аляксей Шаланда.

Падчас памятнага мерапрыемства не быў забыты і бацька Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі — Мікалай Радзівіл Чорны, выбітная асоба “залатога стагоддзя” Вялікага княства Літоўскага. Яму прысвечаны зборнік навуковых прац Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” “Мікалай Радзівіл Чорны (1515 — 1565): палітык, дыпламат, мецэнат”. Прэзентацыю зборніка правёў намеснік дырэктара ДУ “НГКМЗ “Нясвіж” Зміцер Яцкевіч.

Цікавым працягам тэмы вяртання каштоўнасцей замка на сваё гістарычнае месца, якая была закранута на пачатку мерапрыемства, стала прэзентацыя ў былой Рыцарскай, а зараз Залатой, зале паўдаспеха часоў М.К. Сіроткі.

Фота 3

Фота 3

Намеснік дырэктара музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Егарэйчанка агучыў факты з гісторыі новага экспаната:

— У 1926 — 1928 гадах Радзівілы прадалі на заходніх аўкцыёнах больш за 230 прадметаў са сваёй калекцыі. Іх набылі нью-ёркскі Метраполітэн-музей, лонданскі Брытанскі музей, парыжскі музей Арміі, некаторыя рэчы трапілі ў Чыкага. Праз аўкцыён “Christie’s” паўдаспех быў куплены для калекцыі Джона Хігінса ў штаце Масачусетс, якую зараз сталі часткова распрадаваць. Вось мы і набылі, а па сутнасці, вярнулі рарытэт з ЗША ў Нясвіж.

Радзівілаўская калекцыя зброі і даспехаў, да якой належыць гэты паўдаспех, была адной з найбольш багатых ва Усходняй Еўропе. Яна налічвала некалькі тысяч прадметаў, у тым ліку ўнікальныя шэдэўры самых вядомых еўрапейскіх збраёўнікаў XVI стагоддзя. Пачатак гэтай калекцыі быў пакладзены Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам.

Падрабязней аб знаходцы расказаў даследчык гісторыі зброі Юрый Бохан (фота 4).

Фота 4

Фота 4

Фота 5

Фота 5

Адна з удзельнікаў культурнай імпрэзы прафесар Вольга Бажэнава адзначыла, што род Радзі-вілаў налічвае ўжо 17 пакаленняў і ў кожным з іх былі яркія асобы, даследванне жыцця і дзейнасці якіх дае магчымасць узбагачаць сучасную беларускую гістарычную навуку.

Увогуле падчас памятных мерапрыемстваў, прысвечаных 400-годдзю з дня смерці Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, прагучала вельмі шмат цікавай навуковай інфармацыі. Сведкамі гэтай гістарычнай працы зараз з’яўляюцца і самі прадстаўнікі славутай сям’і. Нездарма пан Мацей Радзівіл адзначыў:

— Радзівілы заўсёды клапаціліся пра захаванне культурных традыцый. Прыемна, што ў Беларусі ёсць тыя, хто захоўвае створанае маімі продкамі.

І хочацца верыць, што гэта заўсёды будзе так, бо толькі той народ мае будучыню, які захоўвае сваю гістарычную памяць.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Наталлі  ЕРМАШЭНКА.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.