Аношкаўскай школе мастацтваў — 30 гадоў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На сцэне — зорка і гонар школы, узорны ансамбль  “Аношкаўскія музыкі”, лаўрэат спецыяльнай прэміі  Прэзідэнта  Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры  і мастацтва, які радуе гледачоў сваёй творчасцю ўжо 19 гадоў

На сцэне — зорка і гонар школы, узорны ансамбль
“Аношкаўскія музыкі”, лаўрэат спецыяльнай прэміі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры
і мастацтва, які радуе гледачоў сваёй творчасцю ўжо 19 гадоў

У Аношкаўскай дзіцячай школе мастацтваў адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 30-гадоваму юбілею гэтай установы. На яго сабраліся навучэнцы і выпускнікі, бацькі і педагогі, адным словам, усе тыя, у чыім жыцці школа мастацтваў у Аношках пакінула той ці іншы след.

Яе гісторыя пачалася ў 1986 годзе, калі па ініцыятыве тагачаснага старшыні калгаса “Новае жыццё” Міхаіла Саленіка ў цэнтры гаспадаркі была адкрыта дзіцячая музычная школа. Міхафіл Васільевіч быў дальнабачным чалавекам, які клапаціўся не толькі пра вытворчыя паказчыкі, але і пра тое, каб працаўнікі гаспадаркі і іх дзеці прыцягваліся да культуры, каб мелі падтрымку ў імкненні да творчасці.

Дырэктар Аношкаўскай ДШМ  Віктар Высоцкі

Дырэктар Аношкаўскай ДШМ
Віктар Высоцкі

У першым радзе — пачэсныя госці свята: настаяцель храма святой праведнай Ганны вёскі Аношкі іерэй Васілій Краеў, старшыня Казлоўскага сельвыканкама Алег Яраш,  начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры  і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Круглік

У першым радзе — пачэсныя госці свята: настаяцель храма святой праведнай Ганны вёскі Аношкі іерэй Васілій Краеў, старшыня Казлоўскага сельвыканкама Алег Яраш, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры
і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Круглік

Дырэктарам школы, які, дарэчы, кіруе ёю і дагэтуль, стаў таленавіты, мэтанакіраваны педагог Віктар Высоцкі, чалавек, для якога музыка была і застаецца сэнсам жыцця. Віктар і Святлана Высоцкія і правялі 30 гадоў таму першы набор у школу па класах баяна, фартэпіяна і духавых інструментаў. На сродкі гаспадаркі былі набытыя музычныя інструменты і метадычная літаратура, ня-гледзячы на цяжкасці з жыллём, праўленне калгаса выдзеліла ўсім настаўнікам школы добраўпарадкаваныя кватэры.

Добрая традыцыя ўвагі да школы з боку кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі працягваецца і зараз — з нагоды юбілею ААТ “Новае жыццё” аказала дапамогу школе ў набыцці неабходнага абсталявання.

Калі ж вярнуцца ў гісторыю, то першы набор школы склаўся з 60 вучняў. У вялікі свет музыкі іх вялі настаўнікі Святлана Высоцкая (фартэпіяна), Валерый Міхайлаў (баян), Аляксандр Добыш (духавыя інструменты). Праз год прыбылі поўныя сіл і энергіі маладыя спецыялісты Ірына Крывулец, Іна Андросік, Леанід Чарноў. У 1989 годзе калектыў школы папоўніла маладая сям’я Ірыны і Віктара Наумчыкаў.

Сярод гасцей юбілейнага мерапрыемства — заснавальнік і першы кіраўнік ансамбля “Аношкаўскія музыкі” Віктар Наумчык, дзякуючы якому  калектыў праз 4 гады пасля  заснавання атрымаў званне “ўзорны”. Побач з ім — яго вучаніца,  выпускніца школы Кацярына Масло

Сярод гасцей юбілейнага мерапрыемства — заснавальнік і першы кіраўнік ансамбля “Аношкаўскія музыкі” Віктар Наумчык, дзякуючы якому
калектыў праз 4 гады пасля
заснавання атрымаў званне “ўзорны”. Побач з ім — яго вучаніца,
выпускніца школы Кацярына Масло

Цесна супрацоўнічае са школай настаяцель храма Святой  Праведнай Ганны вёскі Аношкі іерэй Васілій Краеў, які ў гонар юбілею падарыў установе  выяву Багародзіцы —  абраз Казанскай Божай Маці. Пад кіраўніцтвам  айца Васілія на базе ДШМ  ужо 16 гадоў дзейнічае  нядзельная школа

Цесна супрацоўнічае са школай настаяцель храма Святой Праведнай Ганны вёскі Аношкі іерэй Васілій Краеў, які ў гонар юбілею падарыў установе
выяву Багародзіцы — абраз Казанскай Божай Маці. Пад кіраўніцтвам айца Васілія на базе ДШМ ужо 16 гадоў дзейнічае нядзельная школа

Іграе Арцём Дзеравяга

Іграе Арцём Дзеравяга

З адкрыццём класаў харэаграфіі (настаўнік — Ірына Саленік) і мастацкай творчасці (настаўнік — Алена Барысава) Аношкаўская музычная школа была пераўтворана ў дзіцячую школу мастацтваў.

Гэтыя і іншыя факты з гісторыі ўстановы былі ўзгаданыя на свяце. Вядома, у такі дзень нельга было абысціся без ушанавання віноўнікаў урачыстасці. Так,  начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Круглік уручыў Ганаровую грамату райвыканкама дырэктару школы Віктару Высоцкаму, Грамату аддзела — выкладчыкам Ірыне Наумчык, Ірыне Саленік, Леаніду Чарнову, кіраўніку ўзорнага ансамбля “Аношкаўскія музыкі” Аляксею Андросіку. Свае віншаванні калектыву школы адрасавалі таксама галоўны спецыяліст названага аддзела, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры Ніна Бяганская, дырэктар Нясвіжскай ДШМ Ядвіга Туркова, старшыня Казлоўскага сельвыканкама Алег Яраш, настаяцель храма святой праведнай Ганны вёскі Аношкі іерэй Васіль Краеў, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Новае жыццё” Іна Сцяпура, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Грыцкевічы” Алена Леўшык. У суседніх з Аношкамі Грыцкевічах, дарэчы, адкрытыя класы духавых інструментаў, акардэона і фартэпіяна, дзякуючы якім вясковыя дзеці і там могуць знаёміцца са светам музыкі пад кіраўніцтвам кваліфікаваных педагогаў.

Увогуле ж творчасць самых юных — гэта асаблівае мастацтва. У ім — дыханне радасці ад пазнання цудоўнага, непаўторная прыгажосць і шчырая цеплыня дзіцячых сэрцаў. Гэтай цеплынёй удзельнікі святочнага канцэрта, выхаванцы Аношкаўскай ДШМ, дзялі-ліся з гледачамі шчодра і шчыра. Зала горача апла-дзіравала аркестру духавых інструментаў пад кіраўніцтвам Леаніда Чарнова, тытулаванаму ўдзельніку розных міжнародных конкурсаў танцавальнаму калектыву “Сонейка”, якім кіруе Ірына Саленік, сямейнаму фартэпіяннаму дуэту ў складзе  Марыі і Ганны Ходар і ўсім без выключэння юным і дарослым артыстам. Цікавы той факт, што, акрамя Марыі і Ганны, шматдзетная сям’я Ходар “падарыла” школе цэлых шэсць вучняў: Аляксея, які ўжо закончыў навучанне, Елісея, Анастасію і Ксенію. Усе яны — выхаванцы Святланы Высоцкай.

Настаўнік тэорыі музыкі  і фартэпіяна Ірына Наумчык атрымала Грамату аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за шматгадовую  плённую працу па эстэтычным выхаванні дзяцей і моладзі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву

Настаўнік тэорыі музыкі
і фартэпіяна Ірына Наумчык атрымала Грамату аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за шматгадовую
плённую працу па эстэтычным выхаванні дзяцей і моладзі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву

Марыя і Ганна Ходар выконваюць “Ганну-польку” Іагана Штрауса

Марыя і Ганна Ходар выконваюць “Ганну-польку” Іагана Штрауса

Яшчэ адна славутасць школы —   танцавальны калектыў “Сонейка”,   якім ужо 17 гадоў кіруе Ірына Саленік

Яшчэ адна славутасць школы —
танцавальны калектыў “Сонейка”,
якім ужо 17 гадоў кіруе Ірына Саленік

Дарэчы, за тыя гады, што ў Аношках існуе школа мастацтваў, тут утварылася нямала сямейных дынастый, для якіх школа стала родным домам, у які прыходзяць пакаленне за пакаленнем. Аб гэтым гаварыла ў сваім віншаванні выпускніца школы Наталля Дзеравяга, сын якой Арцём закончыў гэтую ж школу і зараз вучыцца на другім курсе Баранавіц-кага каледжа мастацтваў. У маі ён прыме ўдзел у самым прэстыжным сусветным конкурсе баяністаў у нямецкім Клінгенталі. Выступленне Арцёма стала выдатным музычным падарункам усім прысутным.

Акрамя Наталлі Дзеравяга, шмат цёплых слоў сваім выкладчыкам сказалі са сцэны і выпускнікі Аношкаўскай ДШМ Кацярына Масло і Яўген Дзяшчэня.

Асабліва радуе педагогаў школы і той факт, што некаторыя іх вучні вярнуліся ў родную школу ўжо настаўнікамі, скончыўшы сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гэта такія, як Наталля Антановіч, Сяргей і Вікторыя Карачун, Аляксей і Кацярына Андросік. Аляксей Андросік, сам былы ўдзельнік славутага ансамбля “Аношкаўскія музыкі”, вось ужо пяць гадоў працягвае справу свайго настаўніка Віктара Наумчыка — натхняе і вучыць гарманістаў.

Свята завяршылася фінальнай песняй у выкананні вучняў і педагогаў школы, якая сімвалізавала 30 гадоў сумеснай творчасці і педагагічнага пошуку, 30 гадоў высокага прафесіяналізму і вялікай любові да дзяцей. Юбілей — гэта не толькі падвядзенне вынікаў, гэта і погляд у будучыню. А значыць, жыццё Аношкаўскай ДШМ будзе працягвацца, і кожны дзень будуць пісацца новыя старонкі яе гісторыі.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.