Каб рагатала ўся Беларусь

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

krapiva

Я ў мастацкім агародзе

Толькі марная трава,

А якая? Смех, дый годзе:

 Я, пякучка-крапіва.

К. Крапіва.

Слынны байкапісец Кандрат Кандратавіч Атраховіч (Крапіва) нарадзіўся  5 сакавіка 1896 года. Яго малая радзіма — вёска Нізок Уздзенскага раёна.

Біяграфія будучага Майстра багатая на падзеі. Ён удзельнік Першай сусветнай вайны (1915—17),  вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, закранула яго і   савецка-фінляндская вайна 1939-40 гг.  У Вялікую Айчынную вайну працаваў у франтавых газетах “Красноармейская правда”, “За Савецкую Беларусь” (1941-42),   рэдагаваў сатырычную газету-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну” (1943—45), якая ў пасляваенны час стала папулярным часопісам “Вожык” і дзеля станаўлення якога сатырык аддаў шмат ўвагі.

Літаратурная дзейнасць К. Крапівы пачалася яшчэ ў 1922 годзе.  Першым творам стаў вершаваны фельетон “Жылі-былі”. З гэтага часу ў друку і пачалі з’яўляцца яго сатырычныя вершы, фельетоны, байкі. Сатырык не стамляўся высмейваць адмоўныя рысы ў характары беларусаў, спажывецтва, абывацельшчыну, бескультурнасць, бюракратызм, кар’ерызм, прыстасавальніцтва. Яго раннія сатырычныя творы ўвайшлі ў зборнікі “Асцё” і “Крапіва” (1925). Неўзабаве вялікай папулярнасцю ў чытачоў сталі карыстацца зборнікі “Байкі”, “Ухабы на дарозе”, “Калючы строй”.

Байкі К. Крапівы  стануць самабытнай з’явай у беларускай літаратуры 20-30-х гг. Байка — эпічны жанр, нездарма яе справядліва лічаць сатырычнай камедыяй у мініяцюры. I ўсё ж камічнага эфекту, такога, каб “рагатала ўся Беларусь” (выраз пісьменніка Івана Навуменкі)  сатырык дасягае,  толькі спалучыўшы трапнасць і загадкавасць алегорыі з выдатна створанай камічнай сітуацыяй.

Развіваў аўтар і жанр сатырычна-гумарыстычнай паэмы (“Шкірута”, “Хвядос — Чырвоны нос”). Шырокую вядомасць набыла сатырычная камедыя “Хто смяецца апошнім”, з адмоўных герояў якой мы смяяліся яшчэ ў школе. Дарэчы, байкі, памфлеты і вершаваныя фельетоны байкапісец стварае і ў Вялікую Айчынную вайну. Яны потым увойдуць у зборнік “Смех і гнеў”.

Сатырык паставіў перад сабой мэту “ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім пад-правіць”. Для яго самай   дзейснай зброяй стаў злы, здзеклівы смех. Абібокі, прыстасаванцы, падхалімы, п’яніцы, махляры, самаўпэўненыя і пыхлівыя дурні — гэта далёка не поўны спіс яго антыгерояў.

Многія  ўласныя афарызмы байкапісца ператварыліся ў прыказкі, прымаўкі, атрымалі агульнанародную вядомасць: “Другі баран — ні “бэ”, ні “мя”, а любіць гучнае імя” (“Дыпламаваны Баран”), “Каб сонца за-сланіць — вушэй асліных мала” (“Сава, Асёл ды Сонца”), “Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч” (“Заява”), “Бывае іншы раз і з нашым братам, што галаву заменьваюць мандатам” (“Мандат”).

Байкі, як і патрабуе гэты жанр, у  К. Крапівы “населены” беларускімі жывёламі і птушкамі (свіннямі, парсюкамі, валамі, цялятамі, сабакамі, варонамі, совамі, зайцамі), бічуюць адсталыя людскія звычаі, п’янства, забабоны, пляткарства, асу-джаюць бюракратаў, раскрадальнікаў народных здабыткаў, падхалімаў.

Крыкуноў, саманадзейных людзей,  прагных  да славы, ды “вузкіх у плячах”,  высмейвае  аўтар у байцы “Саманадзейны Конь”, дзе ў якасці эпіграфа ўжывае народную прыказку “Вялікаму каню — вялікі хамут”. Конь, які быў “з сабаку, можа, так, мо з добрае шчаня”, скардзіцца на ўсё сяло, што хамут “нібы не да яго”, патрабуе ад Гаспадара вялікага хамута.  І вось мізэрны Конь упрогся ў воз, які цягнуў ламавік.  Воз жа не скрануўся з месца, а “пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі, і затрымаўся ён аж ледзь на жываце”.  Зразумела, што ў вобразе Каня ўвасоблены рысы крыкуноў, людзей з прэтэнзіямі, якім не па заслугах “веліччу быць хочацца заўсёды”.

У вобразе дыпламаванага Барана сатырык высмеяў ваяўнічую шэрасць і глупства, падкае да розных знешніх “атрыбутаў” яе “выключнасці”: званняў, дыпломаў, пасад, чыноў. Праз ганарыстага Парсюка паказана ўся небяспечнасць пыхлівых і ганарыстых, бо такія пазбаўлены сама-крытыкі, здольнасці бачыць, “што ў самога на лычы”, затое вельмі падазроныя, пом-слівыя: “і так ён Падсвінака грызянуў, што той за сажняў пяць адскочыў”.

Сябры! Перачытаем байкі таленавітага сатырыка! Упэўнены: сатыра і ў сённяшнім жыцці-быцці карысная, хоць нярэдка чамусьці і падзабытая намі…

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.