Тры сустрэчы на Уздзеншчыне

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

130

Той, хто спяшаецца з-пад Брэста, Баранавіч ці з Нясвіжчыны ў стольны Мінск, за кіламетраў 20 да сталіцы міжволі адзначыць, што дзесьці там, за вокнамі аўтамабіля ці поезда, у палях-паплавах — Уздзеншчына. Знаўца літаратуры прыгадае Паўлюка Труса, Кандрата Крапіву, аматар музыкі — Адама Русака, гісторык — Магдалену Радзівіл ці Аляксандра Ельскага. Але гэта ўсяго на хвіліну, бо змяняюцца краявіды, увагу займае прадчуванне ста-ліцы. І толькі калі няспешна павандруеш па гэтым краі, угледзішся ў наваколле, зацікаўлена ўнікнеш у гутаркі падчас сустрэч, зможаш  ацаніць яго зусім інакш — высока і годна.

Мне надарылася нядаўна такая шчаслівая магчымасць, калі адпачывала ў санаторыі “Пад’ельнікі” (да таго ж, была ўганараваная званнем 22-тысячнай наведніцы гэтай здраўніцы).

Сустрэча першая. Калізей

у Наднёмане

Мы любім нашы рэкі, славім іх песнямі, але са школьных гадоў не прывучаны, а таму  і не маем імпэту пабачыць іх вытокі. Мо таму  не заўсёды разумеем і шануем роднае глыбока і да канца. Малую радзіму Нёмана, разложыстыя паплавы, дзе ён бярэ пачатак, пабачыла ўпершыню. Адзначыла: дужага сына нара-джае гэтая зямля, шчодрая на жыватворную вільгаць; сілы яго мацнеюць, нібы ў казачнага волата, хваля ад хвалі. Каля Наднёмана гэта ўжо рака — плынь, здольная несці на сваім хрыбце плыты да лесасплаву, нездарма ж колішні наднёманскі гаспадар меў для гэтага свой рум. пакідаю берагі нёманскай плыні і кірую да маляўнічых руін сядзібы Якуба Наркевіча-Ёдкі, ушанаванага пры жыцці і амаль забытага за сённяшнім часам. Яны зачароў-ваюць і ўзрушаюць болей, чым палацы, выштукаваныя і адглянцаваныя самай адмысловай рэстаўрацыяй. Падаецца, яна тут і не патрэбна — пакінулі ж у Рыме, як ёсць,   Калізей, у Грэцыі — Акропаль, у Нямеччыне — Берлін-скую сцяну. Сузіранне эстэтыкі наднёманскіх руін, як і там, спрыяе развагам пра мінулае і сучаснасць, імгненнае і вечнае. Падаецца, што і нябачнае, але ўсяіснае электрычнае поле Якуба Наркевіча-Ёдкі працінае прастору парка і ваколіц, нейкім магнетычным чынам прыцягвае да сябе нават пасля таго, як пакінеш гэтыя мясціны. Толькі патрэбна больш інфармавання,  сталага добраўпарадкавання і догляду, а то яшчэ і краязнаўчага пошуку. Пашчасціла ж мне ў вёсцы Віркова запісаць гісторыю пра фурмана, які доўга працаваў у Ёдкі, але пасля вырашыў пайсці на іншы хлеб. Непакоіўся чалавек: як паставіцца да гэтага гаспадар? Якуб Антонавіч засмуціўся, але ніколькі не пакрыўдзіўся, ці мо з далікатнасці не выявіў крыўду, а на развітанне так шчодра надзяліў дарункамі былога работніка, што аб гэтым памятаюць дасёння.

Сустрэча другая. Аляксандр Мікітка

Ад знаёмага пачула: знайсці гэтага чалавека ў райцэнтры зусім няцяжка. Маўляў, каго ні спытаеш, ці не кожны ведае, падкажа і пакажа. А папулярнасці Аляксандру не займаць таму, што, маючы свой бізнес, ды не абы-які, а машынавытворчы, сельскагаспадарчы, ён трымае цесную сувязь з грамадска-культурнымі справамі, ладзіць дабрачынныя праекты дзеля славы раёна, гісторыі свайго краю. Наша сустрэча засведчыла: так, шчодрыя людзі на Уздзеншчыне не звяліся. Шчодрыя на  грама-дзянскі імпэт, цікавыя ідэі, разуменне мясцовых каштоўнасцяў. Разглядаем калекцыю выдадзеных Мікіткам календароў-постэраў, асабліва адзначаем апошні, на 2016 год, прысвечаны сядзібе Наркевіча-Ёдкі ў Наднёмане. З густам і вельмі плакатна, а галоўнае — пазнавальна: рабіць рэкламу аб’екту будучага паломніцтва турыстаў, найперш беларусаў, асабліва моладзі, здольныя людзі, якія ў гэтую будучыню вераць і набліжаюць яе. На знаёмства прэзентую “сваё” выданне: каляндар нясвіжскіх краявідаў з вядомай серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына” (2015).

Гаспадар офіса прафесійна заварвае каву, налівае гасцям, адказвае на пытанні. Прыглядаюся да партрэта на сцяне. Неверагодна! Ну, ніяк не чакала ў працоўным кабінеце бізнесоўца ўбачыць знаёмыя, поўныя шляхетнасці рысы Магдалены Радзівіл, той самай, што памагла Максіму Багдановічу выдаць ягоны літаратурны помнік — “Вянок”. Аляксандра Мікітку, несумненна, натхняе гэткі ўзор і прыклад, дарэчы, далёка не адзіны, больш дакладна, адзін з мноства… Трапіце ва Узду — не прамініце вуліцу, у назву якой не кіне папроку нават самая скептычная душа, — вуліцу Магдалены Радзівіл. Слухаю Аляксандра ды радуюся за добрую памяць і ў гістарычным летапісе горада, і ў тым жа плакатна-каляндарным фармаце: з партрэта глядзела прыгожая жанчына, выбітная мецэнатка, якая трывала трымалася каранёў, родных Кухцічаў. І рухала, маючы любоў і запавет продкаў, беларускую культуру. Хіба ж не прыклад для нашчадкаў!

Самае, здавалася б, безна-дзейнае і разам з тым высакароднае: звязаць мінуўшчыну і будучыню. Для Аляксандра гэта асэнсаваны і спланаваны выбар.

Сустрэча трэцяя.

З лірычным

аўтографам

Прыняць з рук аўтара, журналіста, былога рэдактара раённай газеты Віктара Сабалеўскага кнігу ягонай лірыкі было яшчэ адной прыемнай нечаканасцю. Газетны радок, загартаваны на будзённых хроніках, пераважна гаспадарчых, вытворчых, зазвычай несумяшчальны з вобразным паэтычным словам. Таму, калі разгарнула старонкі апошняга зборніка вершаў “Табою я жыву”, была ўзрадавана і асветлена іншай высновай: газетчык-рэдактар і паэт з тонкімі, прачулымі інтанацыямі — цалкам сумяшчальныя. У вершах, стылёва разнастайных, па-мастацку аздобленых свежым, сакавітым родным словам, — філасофія светабыцця,  вечная тэма кахання, мелодыка настальгіі, дасціпная самаіронія. Адчуваеш: у багатым даробку сталага журналіста і паэта — сама-сцвярджэнне неардынарнай асобы, спасціжэнне рэчаіснасці ў прыгожым пісьменстве, праца руплівай, узнёслай душы. За-кладку пакідаю на старонцы, дзе радкі, як дзівоснае зямное сузор’е:

Дубы мацуюць неба,

А ландышы зямлю.

У гэтым краі трэба

Часцей казаць “люблю”.

Як хораша, трапна сказана! Хочацца запомніць, запісаць, прачытаць сябру… З радасцю павязу  літаратурную знаходку дамоў, на родную Нясвіжчыну.

Ад рэдакцыйных работнікаў на сяброўскі ўспамін маю некалькі нумароў “раёнкі”. З цікавасцю пазнаёмілася. Сярод іншага пацешыла і тое, што газета цалкам выходзіць па-беларуску, што галоўным героем для журналістаў застаецца чалавек і яго справа, што на старонках шмат месца адводзіцца гісторыі краю, яго культурнай спадчыне, прыродаахоўнай дзейнасці…

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.