Вершы не паміраюць

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

i

13 гадоў таму, у красавіку 2003 года, не стала нашага таленавітага земляка, паэта Віктара Трусевіча, удзельніка ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ён пайшоў з жыцця ва ўзросце, калі чалавек яшчэ поўны надзей, памкненняў і моцы, не дажыўшы месяца і чатырох дзён да свайго  сорак другога дня нараджэння.

Сын простых калгасных працаўнікоў, будучы паэт вырас у  вёсцы Затур’я, там жа, дзе нарадзі-ліся і выраслі яго бацькі. Кожны, хто зазірне ў яго вершы, заўважыць там і шчымлівую любоў да сваёй роднай зямлі, і неадольную трывогу за яе лёс, за лёс роднай мовы, за суайчыннікаў. Але самае важнае — чытач заўважыць у іх галоўнае, без чаго не жыве паэзія — дар  слова. Слова простага, чыстага і вельмі глыбокага. Як быццам прадчуваючы ранні абрыў свайго жыцця, Віктар Трусевіч напісаў за восем гадоў да сваёй смерці:

Адзіная мэта ў жыцці —

Патрэбным быць людзям,

 не лішнім.

Сумленна і годна прайсці

Адмераны шлях усявышнім.

Каб потым, калі пакідаць

Душа мая свет гэты будзе,

Мог шчыра без фальшу сказаць:

“І я чалавекам быў, людзі…”

Чым больш чытаеш, тым цяжэй паверыць, што паэт не меў адукацыі, хоць крыху набліжанай да філалагічнай — настолькі лёгка і да месца становяцца ў яго словы. А гэта сапраўды так.  Адвучыўшыся 8 класаў у роднай Затур’янскай школе, ён паступіў у Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Адтуль яго забралі ў армію.  Адслужыўшы як належыць далёка ад дому, у Архангельскай вобласці, Віктар працягнуў вучобу і закончыў тэхнікум на выдатна. Атрымаў накіраванне  на Нясвіжскую аўтабазу, дзе працаваў механікам.

А рукі, як і душу, меў залатыя. Бацька паэта ўспамінаў, што су-працоўнікі сына расказвалі, як той упарта рамантаваў  аўтобусы, нават самыя безнадзейныя. І, ня-гледзячы ні на што, не пераставаў пісаць вершы. Ужо ў час работы на аўтабазе пазнаёміўся з колішнім рэдактарам раённай газеты, а таксама з вядомым паэтам Паўлюком Пранузам. Яны вельмі прыхільна ставіліся да маладога аўтара, падтрымлівалі яго. Аднойчы Віктару нават прапанавалі  перайсці на работу ў рэдакцыю. Бацькі не былі супраць: “Думай сам”. А сын падумаў, падумаў ды адмовіўся. Маўляў,  вучыўся я на механіка і буду механікам. Гэта мая спецыяльнасць.

Як успамінала са слязамі на вачах маці паэта, на бяду ўжо, мусіць, вяло. “Каб жа ён, — казала, плачучы, Эмілія Францаўна, — змяніў тады работу, то пэўна, не патрапіў бы ў Чарнобыль”. Як усім вядома, выбухнула ў красавіку 1986-га, а ў жніўні Віктара адправілі ў ліку многіх такіх жа працаўнікоў у самае пекла. Там прызначылі начальнікам калоны грузавікоў, якія вывозілі па-літую радыяцыяй зямлю. Віктар сачыў за рэйсамі і рамантаваў машыны. Як “праменіла” ад тых машын і ад усяго наваколля ўвогуле, адзін Бог ведае.  Паэт прабыў у зоне аварыі месяц. Вярнуўся дадому з чорнымі плямамі на скуры рук і грудзей. “Што гэта на табе, сынок?” — здзіўляліся бацькі. А ён толькі рукой махнуў: — “А, пройдзе”.  Сапраўды, неяк само прайшло. Было тады хлопцу 25 гадоў. З дзяцінства, як успамінаюць бацькі, Віктар вызначаўся багатырскім здароўем, быў высокім і плячыстым. Ніколі не хварэў, страх як не любіў бальніц і дактароў. Да аварыі быў донарам, лічыў, што яго здаровая кроў патрэбна хворым людзям. А пасля Чарнобыля са здзіўленнем сказаў бацькам, што яго кроў больш не хочуць браць…

Прарабіўшы сем гадоў у Нясвіжы, пасля скарачэння аўтабазы вярнуўся у родны калгас электрыкам, падрабляў яшчэ і ў школьнай кацельнай. Не пераставаў пісаць вершы. Бацька паэта Віктар Францавіч успамінаў, што сын увесь свяціўся з радасці, калі ў друку з’яўляўся яго новы твор.

На жаль, у асабістым жыцці Віктара не ўсё было так радасна. Любая дзяўчына не дачакалася яго з арміі. Па ўсім было відаць, што ён моцна перажываў, але дараваць гэта так і не  змог. Былі і потым нейкія знаёмыя дзяўчаты, але нічым значным гэтыя сяброўствы не закончыліся. Бацькі непакоіліся, канешне, але на ўсе спробы сур’ёзна пагутарыць  Віктар усё жартаваў: “От, мама, патрэбна Вам нявестка. А як прывяду якую пустэчу, першая ж будзеце сварыцца”. Ці яшчэ так мог адказаць: “От закончу добрую кніжку і тады…”

А кніжкі сапраўды выходзілі, і асобныя вершы таксама часцяком друкаваліся. Былі яны і ў “Чырвонай змене”, і ў “Нашым слове”, і ў “Мінскай праўдзе”, і ў “Сельскай газеце”, і ў “Літаратуры і мастацтве”, і ў часопісе “Маладосць”. У 1994 годзе выйшаў зборнік “Пяром і сэрцам з Нясвіжам”, у 1995-м — “Нас слова Купалы да творчасці кліча”, “Нясвіжскія вытокі” і ў мінулым — “Датуль жыве народ”.

 

 

Да чытача

Заўжды спяшаўся я дадому,

Як да гаючае крыніцы,

Дзе ўсё жыццё сваё свядома

Я прагнуў нейкай таямніцы,

Шукаў адметных параўнанняў,

І на зямлі, і ў зорных высях…

Прабач, чытач,

Што на спатканне

З табой я крыху запазніўся.

 

***

Хто  ў палітыцы

вострыць пяро,

Хто лірычныя строчыць паэмы,

Я ж пішу, як заўжды, пра дабро.

Ці ж не гэта — асноўная тэма!

Няхай сабе часам сябры

Паціскаюць з усмешкай плячыма:

“Ты, браток, не хітруй, не мудры,

Бо нічога змяніць

не магчыма…”

Так. Было, ёсць і будзе дабро

Дыфіцытам найпершым,

напэўна.

Вось чаму я свой зноў агарод

Засяваю сардэчнасці зернем.

 

* * *

Калі адыходзіць Паэт

Навекі ў іншы Сусвет,

Здаецца, што плачуць наўзрыд

Знаёмыя і сябры.

А колькі эпітэтаў шмат,

У гонар яго і цытат!

І крытык гаворыць з жалем:

“Шкада, што не заўважалі…”

А я аб іншым сумую:

Шкада, што Паэт не чуе,

У іншы адбыўшы Сусвет

Які ён цудоўны Паэт…

 

* * *

Я часам думаю: навошта

я пішу?

Я не імкнуся ні да якіх лаўраў.

Дзеля чаго ж вярэджу

зноў душу?

Паверце: справа тут

не ў ганарары.

Не ў ганарары, а відаць,

найперш,

Сябры мае, прычына

 тут такая:

Мо, прачытаўшы хто

мой сціплы верш,

Душой хоць на хвіліну акрыяе.

 

* * *

Акружаная стрэламі ракет,

Начыненых трацілам і уранам,

Зямля мая ўзіраецца ў Сусвет,

Трывожнымі вачамі, ўсхвалявана.

Якой ёй быць: у шуме

быстрых рэк,

Ці ў попеле, жахлівым

і атрутным?..

Задумайся, нарэшце, чалавек

Бо лёс яе ў тваіх руках магутных.

 

* * *

Што такое шчасце, вецер?

— Шчасце — гэта жыць,

А яшчэ паўсюды весткі

Добрыя насіць.

— А няшчасце што такое?

Чуеш?.. Адкажы!..

— …Дым пажараў над зямлёю

Попелам кружыць.

 

Першае спатканне

Нават вецер сціх пад вечар,

І злагодзіўся мароз.

Крочу к любай на сустрэчу

Між заснежаных бяроз.

І трапеча ў хваляванні

Сэрца птушкай маладой…

Наша першае спатканне,

Быццам першы снег зімой.

Віктар ТРУСЕВІЧ.

 

 

 

 

Бяда грымнула нечакана. Напрадвесні Віктар, які ніколі не лячыўся ва ўрача, а грып праганяў добрым потам, стаў моцна кашляць. Потым як быццам  прайшло, але стаў адчуваць слабасць, страціў апетыт. Аднойчы прыйшоў з работы зусім знясілены. Бацька стаў патрабаваць, каб сын ехаў да ўрача, але той не хацеў, усё спісваў на грып. Вечарам, калі адкрыўся моцны насавы крывацёк, усё ж вызвалі хуткую. Забралі ў бальніцу. Адтуль праз дзень далі накіраванне ў абласную бальніцу ў Бараўляны. Абследавалі там, затым у інстытуце радыяцыйнай медыцыны. Букет хвароб быў страшны. Мінскія дактары пацвердзілі дыягназы нясвіжскіх. Бацькі не хацелі ў гэта верыць. Віктар Браніслававіч паехаў у Мінск, спадзеючыся на дапамогу знаёмага доктара. Адказ тога можна коратка выказаць так: “Твайго сына забіў Чарнобыль. А пражыў ён пасля яшчэ 17 гадоў толькі таму, што меў ад прыроды вельмі моцнае здароўе. Слабейшыя людзі ўжо даўно паўміралі. А дапамагчы яму цяпер немагчыма”.

Праз месяц і два дні  пасля звяртання ў бальніцу Віктара Трусевіча не стала. Так заўчасна згасла яшчэ адна зорачка беларускай паэзіі. Згасла, але не загінула, бо з намі засталіся яго вершы. А вершы — не паміраюць.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.