“Вясна трывогі нашай…”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

i

26 красавіка споўніцца 30 год

з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Вясна 1986 года стала, бадай, адной з самых горкіх  і нешчаслівых у гісторыі беларускага народа. Гэта сонечна-квітнеючая пара звычайна лашчыць сэрца, цешыць душу, прыносіць надзею, радасць, весялосць. А тут — неабсяжная бяда!.. Ядзерны выбух  стаў страшным пакараннем Жыццю — прынёс  радыяцыйнае апраменьванне, смяротныя пакуты, бежанства, анкалагічныя хваробы, інвалідаў, якія нарадзіліся пасля аварыі… Крыжы на вокнах чарнобыльскіх хат — гэта працяг вайны ў  свядомасці майго народа.  Былі пахаваны цэлыя вёскі. Сам дзень 26 красавіка  1986 г. увайшоў у сусветную гісторыю як адзін  з самых трагічных ў  ХХ ст.  У адну гадзіну 23 хвіліны  ўзарваўся чацвёрты рэактар ЧАЭС. Пазней гэта аварыя была прызнана першай у свеце тэхнагеннай катастрофай  з найвышэйшым (сёмым) узроўнем небяспекі па міжнароднай шкале ядзерных здарэнняў.

Чарнобыльскі пажар  быў бачны за некалькі дзясяткаў кіламетраў. Пажар, у якім гераічна гублялі свае жыцці пажарныя і ўсе тыя, хто змагаўся з наступствамі выбуху ў першыя гадзіны і дні пасля трагедыі.  Гэта ўжо сёння мы можам казаць: Чарнобыль — народны подзвіг. Подзвіг людзей, якія сталі на барацьбу з грозным, нябачным ворагам: кожны дзень неслі небяспечныя вахты каля         ядзернага рэактара, ачышчалі забруджаныя палі, сады і жыллё,  прымалі ў сябе перасяленцаў.

Кажуць, назвы ў многім з’яўляюцца сімвалічна-гаваркімі. Так і ў назве ўкраінскага горада Чарнобыль, мусіць, закладзены трагічны сэнс, нават страшнае прадказанне: чорная быль, чорны боль, было (жыццё ў мінулым  часе). На жаль, ужо і 30-годдзе Чарнобыльскай трагедыі, якое прыпадае на квітнеючую вясну-2016, — гэта зусім не тыя гады, дзесяцігоддзі, што забыліся, а сучасныя, досыць драматычныя наступствы. Гэта боль беларускага, украінскага, рускага і іншых народаў, боль, ад якога халаднее на сэрцы і  шчыміць душа — за лёс самой Бацькаўшчыны, за лёс будучых пакаленняў. Вось так і стаў Чарнобыль чорным сімвалам Беларусі. Але мне хочацца верыць, што   яму не ўдасца выцесніць белы сімвал нашай сінявокай старонкі — мірнага бусла. Мы  сталі не толькі яго ахвярамі, але і мужнымі  людзьмі, здольнымі  перажыць гэтую навалу.

Светлыя легенды, насуперак усяму, і ў ХХІ ст. згадваюць дзівосную і духмяную  кветку  “чарнобыль”,  якая, лічыцца,  мае цудадзейную сілу. Нашы продкі шукалі яе, як і папараць-кветку, каб ратаваць сябе ад хвароб, няшчасцяў, каб даць сабе даўгалецце, мудрасць. Там, дзе іх было шмат, дзе над стэпам стаяў іх духмяны пах,  і пасяліліся людзі, каб дыхаць на поўныя грудзі, набірацца здароўя. І  назвалі гэта месца Чарнобылем… Горкая легенда!

Чарнобыль разбурыў адвечныя сувязі чалавека і прыроды-матухны. Мы страцілі гармонію, адчуванне суладнасці з навакольным светам.  Вельмі багатае  на прыродныя дарункі  Палессе, на жаль, больш за ўсё забруджана   радыяцыяй.  Зорка Палын  стала злой зоркай нашага  лёсу. “Радыяцыя — нябачны акупант”, — заўважыў паэт Анатоль Грачанікаў. Алесь Адамовіч, выступаючы ў Японіі ў красавіку 1990 г., так  сказаў пра трагічны разлом часу: “Да Чарнобыля і пасля Чарнобыля — гэта рознае светаадчуванне, гэта па-новаму небяспечныя шляхі чалавецтва ў будучыню”.

Ва ўжо досыць працяглы час пасля чарнобыльскага роздуму  з’явілася больш  за 500 вершаў, дзясяткі паэм,  больш за паўсотню твораў прозы і драматургіі.  Вершы і паэмы больш як 60 паэтаў уключаны ў зборнік “Зорка Палын”. Творы, якія з’явіліся пасля наведвання майстрамі слова  чарнобыльскіх мясцін, склалі кнігу “Прайсці праз зону”. Існаваннем  у зоне выпрабоўвае герояў Васіль Быкаў  у аповесці “Воўчая яма”. У 1990 г. выйшаў зборнік “Зона бяды” (укладальніца  Тамара Чабан). Паэт Мікола Мятліцкі склаў зборнік публіцыстыкі “Чарнобыльская рана”.

За дзесяцігоддзі пасля аварыі пра Чарнобыль у беларускай паэзіі з,явіліся такія творы, як “Чорная быль” Сяргея Законнікава, “Одзіум” Янкі Сіпакова, “Аварыя сумлення” Анатоля Зэкава, “Пажар слязы” Валянціны Аколавай, “Здзічэлае рэха вясны” Антаніны Хатэнка, “Зона” Сяргея Давідовіча  і іншыя. Матывы чарнобыльскага гора  гучаць і ў паэтычных кнігах Рыгора Барадуліна “Самота паломніцтва”, “Міласэрнасць плахі”, Ніла Гілевіча “Жыта, сосны і валуны”, Максіма  Танка “Мой каўчэг”,  Васіля Зуёнка “Лета трывожных дажджоў”, “Чорная лесвіца”, “Пісьмы з гэтага свету”  і іншых. Беларуская проза таксама мае  прыкметныя набыткі ў даследаванні  Чарнобыля, пра што сведчаць пісьменніцкая публіцыстыка Алеся Адамовіча, дакументальныя аповесці Васіля Гігевіча і Алега Чарнова “Сталі воды горкія”, Алеся Крыгі “Выбух над Прыпяццю”. Нельга не адзначыць і  раманы “Злая зорка” Івана Шамякіна,  “Бежанцы” Віктара Карамазава, аповесці “Родны кут” і “Еўка” Барыса Сачанкі, “Пярэварацень” Васіля Гігевіча, “Краем Белага шляху” Віктара Карамазава.

“Чарнобыльская малітва” Святланы Алексіевіч з’яўляецца  непрыдуманай, дакументальнай кнігай.          Твор перакладзены больш чым на дваццаць моў, яго параўноўваюць з уздзеяннем шокатэрапіі: настолькі моцнае ўражанне ён выклікае. Кніга  С. Алексіевіч — гэта  збор гісторый людзей, чый лёс зачапіў Чарнобыль, аповеды ліквідатараў, жыхароў  зоны адчужэння, жонкі пажарніка з дружыны, людзі якой першымі трапілі на месца аварыі  і першымі  ж загінулі ад промневай хваробы, гісторыя маці, у якой дзіця нарадзілася  калекам. Многіх з  рэспандэнтаў пісьменніцы  ўжо няма ў жывых.

Сябры, перачытайце гэтыя творы ў сёлетні трагічны “юбілейны” год!

І ўсё ж напрыканцы мне хочацца ўзгадаць аптымістычныя радкі паэта-прарока  Уладзіміра Дубоўкі:

О Беларусь, мая шыпшына,

Зялёны ліст, чырвоны цвет!

У ветры дзікім не загінеш,

Чарнобылем не зарасцеш…

Памяць пра гэтую катастрофу ў нашых душах і сэрцах не згасае. Яна служыць напамінам пра тое, што ўсе мы, зямляне, у адказе за ўсе справы на зямлі Бацькаўшчыны — вялікія і малыя!  Жыццё, нягледзячы ні на што,  працягваецца, яно заўсёды мацней за смерць.

Няхай  вёсны нясуць суайчыннікам толькі радасць, шчасце і на-дзею на лепшае. Няхай адзінства Чалавека і Прыроды будзе разумным і бессмяротным!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог, краязнаўца.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.