“Жыццю трэба радавацца”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

IMG_0229

Напэўна, многія з нашых паважаных чытачоў здзівяцца, калі пачуюць, што сёння можна папросту пагутарыць з чалавекам, што скончыў сярэднюю школу ў 1946 годзе і на свае вочы бачыў, як яго адна-класнікі ў імкненні атрымаць вышэйшую адукацыю ехалі да Баранавіч на даху поезда (у вагоны ўсе не змяшчаліся), а ўжо адтуль — у Мінск, як многа сярод абітурыентаў было людзей у ваеннай форме, якія толькі што прайшлі вайну. Сведка ўсяго гэтага —  былы галоўны санітарны ўрач нашага раёна Сцефаніда Ігнатаўна Кісялёва, якой учора споўнілася 90 гадоў.

Яна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Вялікая Быхаўшчына, што на мяжы з Клеччынай. Вёска тады мясцілася на хутарах, да суседняга райцэнтра было недалёка, таму і пайшла дзяўчына ў Клецкую сярэднюю школу, якую закончыла з марай стаць урачом. Зараз яна з удзячнасцю ўспамінае свайго бацьку, які, хоць і быў простым селянінам, вельмі хацеў, каб дачка добра вучылася і выйшла, як кажуць, “у людзі”.

— Помню, — узгадвае мая суразмоўца, як хочацца бегчы на танцы, а бацька не пускае: “Кніжачку, кажа, кніжачку вазьмі”. І я чытала.

На шчасце, мары бацькі і дачкі супалі, і, нягле-дзячы на вялікі конкурс, у якім удзельнічала шмат дэмабілізаваных, дзяўчына паступіла ў Мінскі медыцынскі інстытут. Факультэт тады быў толькі адзін — лячэбны, і ў 1951 годзе яна закончыла яго. Накіраванне давалі ў Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці педыятрам, але ехаць туды вельмі не хацелася — у маладога спецыяліста ўжо была сям’я і маленькае дзіця, якое ў чатыры месяцы забрала да сябе бабуля, каб даць дачцэ магчымасць спакойна здаць дзяржэкзамены. Паколькі свабоднага месца педыятра ў Нясвіжы не было, Сцефанідзе Ігнатаўне прапанавалі адразу ўзначаліць санітарную службу раёна, дзе тэрмінова быў патрэбны кіраўнік. Яна вырашыла, што гэта адзіны выхад, каб застацца на радзіме, і адказала згодай.

З усёй добрасумленнасцю і адказнасцю, атрыманай у спадчыну ад бацькоў, малады санітарны доктар узялася за работу. Тады і падумаць не магла, што гэта работа захопіць яе так, што стане справай усяго жыцця. 38 гадоў Сцефаніда Ігнатаўна кіравала санстанцыяй, а ўсяго санітарнай службе аддала без малога паўстагоддзя, канчаткова па-кінуўшы работу ў толькі ў 1999 годзе.

Зараз цяжка сабе ўявіць умовы і абстаноўку, у якой ёй даводзілася працаваць, але і зараз яна памятае ўсё так, нібы яно было ўчора.

— У раёне хапала дыфтэрыі, адзёру, коклюшу, шкарлятыны, то тут, то там успыхвалі ачагі сыпнога і брушнога тыфу, чаго толькі не было, — узгадвае Сцефаніда Ігнатаўна. Самым страшным было, калі паміралі дзеці, бывала, і некалькі ў адной сям’і, часцей за ўсё ад дыфтэрыі. Прышчэпкі рабіліся хаатычна: дзе ўкалолі, дзе — не, а калі і ўкалолі, то забыліся дзе. Сістэма была не адпрацаваная, і з гэтым трэба было нешта тэрмінова рабіць.

І яна пачала з падворнага пераліку дзяцей ад нараджэння да 12 гадоў. Ездзіла па раёне на веласіпедзе, які некалі купіў ёй бацька, і на спадарожным транспарце. Хадзіла па хатах сама, угаворвала тых, хто адмаўляўся ад прышчэпак, падключыла да гэтай работы сваіх работнікаў і фельчараў на медпунктах.

А тыфозныя ачагі! У кожным з іх галоўны санітарны ўрач павінна была пабываць сама. З сабой медыкі везлі дэзкамеру, дзе прасмажвалася ад вошай адзенне людзей з пашкоджаных зон. Як пры ўсім гэтым бяда абышла яе саму — адзін Бог ведае.

Аднак, мусіць, нездарма кажуць: “Смеласць гарады бярэ”. Упартая праца Нясвіжскай санітарнай службы не прайшла бясследна: апошні выпадак дыфтэрыі ў нашым раёне быў зарэгістраваны ў 1957 годзе, звялася да мінімуму, а ў наступныя гады і зусім была ліквідавана захваральнасць на  коклюш, по-ліяміэліт, адзёр і іншыя небяспечныя інфекцыі.

З году ў год умацоўвалася і матэрыяльная база санслужбы. Калі ў 1953 годзе вялікім шчасцем стала набыццё каня для паездак па раёне, то на пачатак 80-х у санстанцыі ўжо было некалькі дэзкамер і легкавы транспарт для аператыўнай работы, у штаце працавалі ўрачы ўсіх неабходных профіляў.

Да заслуг Сцефаніды Ігнатаўны трэба аднесці  і тое, што яна сама пастаянна паглыбляла і ўдасканальвала свае веды ў справе, за якую  адказвала, і вяла за сабой іншых: Нясвіж-ская санэпідстанцыя стала школай перадавога вопыту па арганізацыі харчавання сельгасрабочых, гігіене дзяцей і падлеткаў, арганізацыі прышчэпачнай справы. На яе базе праводзіліся абласныя семінары па абмене вопытам работы па шэрагу раздзелаў, яна была практычнай базай для інстытута ўдасканальвання ўрачоў па агульнай гігіене. Матэрыял, у якім абагульняліся дасягненні па арганізацыі прышчэпачнай работы і ліквідацыі дыфтэрыі ў нашым раёне, быў апублікаваны ў часопісе “Эпідэміялогія. Мікрабіялогія. Імуналогія”. Сцефаніда Ігнатаўна дзялілася вопытам работы на рэспубліканскіх канферэнцыях: у Гродне — па правядзенні работы па ліквідацыі дыфтэрыі ў раёне, у Вільнюсе — аб рабоце па барацьбе з вострымі кішэчнымі інфекцыямі, у Гомелі — па прыцягненні грамадскасці да руху за высокую санітарную культуру.

Разам са сваім кіраўніком высокім прафесіяналізмам вызначаўся і калектыў Нясвіжскай СЭС: яе работнікі ўдзельнічалі ў абласных конкурсах “Лепшы па прафесіі”, на лепшую санэпідустанову і займалі ў іх прызавыя месцы.

Самай жа дарагой сваёй узнагародай Сцефаніда Ігнатаўна лічыць званне “Выдатнік аховы здароўя”.

—Часам, бывае, падумаю, — сказала падчас нашай гутаркі мая суразмоўца, — а ці шчаслівы я чалавек? І сама сабе адказваю: “Так, шчаслівы”! З нашай вёскі толькі два чалавекі закончылі інстытут. І няхай на вучобу з сабой можна было з дому ўзяць толькі кавалачак сала і булку хлеба сваёй выпечкі, але ж я вывучылася, адпрацавала, выгадавала дзвюх дачок і пляменніка, дачакалася траіх унукаў і чатырох праўнукаў. дом, у якім я зараз жыву, мы пабудавалі разам з мужам.  На жаль, яго няма ў жывых ужо 15 гадоў. Мне не сорамна сустракацца з людзьмі, з якімі даводзілася мець справу.

Мяркуючы па ўсім, добры прыклад Сцефаніды Ігнатаўны паўплываў і на наступныя пакаленні яе сям’і: яе старэйшая дачка таксама пайшла ў медыцыну, стала ўрачом-тэрапеўтам, а яе сын, унук маёй суразмоўцы, зараз працуе ўрачом у Італіі. Малодшая дачка закончыла факультэт прыкладной матэматыкі БДУ, да выхаду на пенсію працавала інжынерам-праграмістам у абласной санэпідстанцыі. Розныя спецыяльнасці выбралі і праўнукі Сцефаніды Ігнатаўны, аднак усіх іх аб’ядноўвае яе наказ: “Трэба быць справядлівым і працаваць сумленна, дзе б ты ні рабіў”.

Яна сама так жыла заўсёды і гэтаму ж вучыла і сваіх дзяцей.

Увогуле, павучыцца ў гэтай цікавай жанчыны можна многаму, напрыклад, сіле волі і духу, з якімі яна ідзе па жыцці, а таксама разуменню багацця і беднасці.

— Багацце робяць не грошы, — гаворыць мая суразмоўца. — Багаты той, хто робіць дабро іншаму чалавеку. А калі чалавек мае грошы, але яму ўсё мала і мала, ён не ўмее радавацца таму, што ў яго ёсць, то ён самы што ні на ёсць бядняк.

Ахвотна падзялілася Сцефаніда Ігнатаўна і сакрэтам даўгалецця, які, праўда, яна ніякім сакрэтам і не лічыць:

— Жыццю трэба радавацца, якое б яно ні было. Нават калі ў нечым не вельмі радасна, перавярні гэта, перакруці так, каб і ў ім знайсці нешта добрае, і ўбачыш, што гэта і сапраўды добра. І я ўсім цяпер кажу: “Бачыш сонца, бычыш неба, бачыш зямлю — падзякуй Богу і парадуйся!”

І такой шчырай усмешкай пацвердзіла свае словы, што не засталося ніякага сумнення ў тым, што ўсё сказанае — праўда.

Я глядзела ў радасныя, поўныя думак і ўспамінаў вочы Сцефаніды Ігнатаўны, на яе, абаяльны, нягледзячы ні на якія гады твар, і разумела, што за плячыма гэтай невялічкай і вельмі моцнай духам жанчыны гады тытанічнай працы, тысячы выратаваных тымі самымі пасляваеннымі прышчэпкамі дзіцячых жыццяў ды і многа чаго іншага, што не змесціцца ў рамкі газетнага артыкула.

…Яна ўсміхалася, і без слоў станавілася ясна: калі ў цябе ёсць радасць — у цябе ёсць усё.

З юбілеем Вас, Сцефаніда Ігнатаўна!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота наталлі Ермашэнка.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.