«Сёння мы шчаслівыя»

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны  Рыгор Антонавіч Куцэра свята Перамогі  сустракае разам са сваёй сям’ёй  і суайчыннікамі

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны
Рыгор Антонавіч Куцэра свята Перамогі сустракае разам са сваёй сям’ёй
і суайчыннікамі

Свой 90-гадовы юбілей адзначыў у гэтым го-дзе ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Антонавіч Куцэра. Слухаць яго апавяданні пра вайну вельмі цікава. Яны поўныя дэталяў — кожны такі ўспамін з’яўляецца неацэнным і ўнікальным! Можна сказаць, што ў жыцці нашага земляка было некалькі этапаў па абароне роднай Айчыны. Хвіліны першага адлічваюцца з чэрвеня 1941 года, калі па радыё  абвясцілі аб пачатку вайны. Рыгор Антонавіч якраз скончыў школу  — юнак, амаль хлопчык, ён не раздумваючы пайшоў бы на фронт, каб не ўзрост.

У чэрвені 1942 года яго разам з таварышамі прама на вуліцы запынілі немцы і без усякіх тлумачэнняў адправілі ў Германію — на прымусовыя работы. Там ён працаваў у гаспадароў Гембус, якія лічылі яго сваёй уласнасцю. У 1944 годзе разам з савецкімі ваеннапалоннымі яму ўдалося пакінуць тэрыторыю варожай краіны. Апынуўшыся ў Польшчы, яны сустрэліся з савецкімі войскамі, якія рухаліся на захад — вызваляць краіны Еўропы.

Другім этапам, адным з самых памятных у жыцці, стала служба ў арміі. Вайсковым палявым камісарыятам Рыгора Куцэру прызвалі ў Чырвоную Армію. Яго адправілі ў часць, якая стаяла на рацэ Нэйсе. Гэта быў 568 полк 149-й дывізіі 5-й арміі I Украінскага фронту. Рыгор Антонавіч быў сувязным паміж камандзірам узвода і камандзірам роты. Ішла падрыхтоўка да фарсіравання Нэйсе, Шпрэе — трэба было заняць горад Котбус, што знаходзіўся побач з Берлінам. Гэту нялёгкую задачу байцы выканалі паспяхова. Калі немцаў на тэрыторыі Германіі разграмілі, вайскоўцаў ад-правілі ў Чэхаславакію. Дзень Перамогі, 9 Мая, Рыгор Антонавіч сустрэў на Белай Гары пад Прагай. Вялікая Айчынная вайна скончылася, але служба для яго працягвалася. Рыгор Антонавіч служыў у Венгрыі, дзе прайшоў курсы шафёраў. Потым, пасля расфарміравання часці, трапіў у 44-ы гвар-дзейскі парадны полк, які знаходзіўся ў Аўстрыі. У Вене стаялі амерыканскія, англійскія, французскія і савецкія войскі. Яны дзяжурылі ў цэнтральнай камендатуры. Калі прыходзіла чарга дзяжурства савецкіх салдат, Рыгор Антонавіч вазіў туды варту. Ахоўвалі мост, цэнтральную радыёстанцыю. Даслужваў Рыгор Антонавіч ужо ў Саюзе, у Прыкарпацкай ваеннай акрузе. Сюды іх перакінулі на барацьбу з бандэраўцамі — трэба было абараняць мірных жыхароў ад бандытаў.

На родную Нясвіжчыну Антон Рыгоравіч вярнуўся, калі яму было 23 гады. У яго жыцці адкрыўся трэці фронт — аднаўленчы. Пасля вайны трэба было прыкласці ўсе намаганні, каб дапамагчы краіне дасягнуць даваеннага ўзроўню. Рыгор Антонавіч працаваў на розных прадпрыемствах. З 1973 года — слесарам па тэхнічным абслугоўванні аўтамашын у Нясвіжскай сельгастэхніцы —  цяперашнім ААТ «Нясвіжскі райаграсэрвіс». Працаваў выдатна — пра гэта сведчаць медаль «За працоўную доблесць», знакі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва 1975, 1976, 1979 гадоў, ганаровыя граматы. Нават пасля выхаду на пенсію Рыгор Антонавіч працягваў працаваць — да 80 гадоў быў вартаўніком у ААТ «Нясвіжскі райаграсэрвіс». Шмат гадоў ён узначальваў ветэранскую арганізацыю свайго прадпрыемства, з’яўляецца ганаровым членам прэзідыума раённага Савета ветэранаў. Сярод сваіх ваенных узнагарод галоўнымі лічыць  медаль «За адвагу» і ордэн Айчыннай вайны 2 ступені. Яго кіпучая натура не дазваляе яму сядзець без справы нават і цяпер. Наш зямляк багаты не толькі працоўнымі і ваеннымі дасягненнымі, але і сям’ёй: два сыны, 3 унукі і 3 праўнукі. Жыве ветэран з любімай жонкай Аляксандрай Рыгораўнай.

— Многа чаго нам прыйшлося перажыць, прайсці, выпрабаваць… Але сёння мы шчаслівыя, што пражылі такое цікавае і багатае на розныя падзеі жыццё, — кажуць Рыгор Антонавіч і Аляксандра Рыгораўна Куцэры. — Падзеі апошніх гадоў паказваюць нам усю важнасць пачуцця патрыятызму  і любові да Радзімы. Напярэдадні свята Перамогі хочацца пажадаць усім дабра, здароўя і мірнага неба над галавою!

Наталля ЕРМАШЭНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.