У гонар нясвіжскіх маэстра

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фрагмент канцэрта  ў замку. Выступае ансамбль флейтыстаў

Фрагмент канцэрта ў замку. Выступае ансамбль флейтыстаў

(Заканчэнне. Пачатак у № 38).

Першая ж сустрэча з музычным мастацтвам у рамках “Музаў Нясвіжа” чакала аматараў прыгожага на наступны дзень, у пятніцу, 21 мая, у гарадской ратушы. У канцэрце пад назвай “Шэдэўры беларускай музыкі для духавых інструментаў” слухачам былі прапанаваны творы старадаўніх і сучасных кампазітараў, якіх злучыла беларуская культурная прастора, — Антонія Радзівіла, Станіслава Манюшкі, Пятра Падкавырава, Аляксея Турчанкова, Генрыха Вагнера, Яўгена Глебава ў выкананні ансамбляў флейтыстаў і кларнетыстаў Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі”.

Маэстра Міхаіл Фінберг

Маэстра Міхаіл Фінберг

Вядучая канцэртаў класічнай музыкі Вольга Дадзіёмава

Вядучая канцэртаў класічнай музыкі Вольга Дадзіёмава

Вечарам таго ж дня ў РЦК адбылося ўрачыстае адкрыццё ХХІ свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”. Яно пачалося з адкрыцця ў фае Цэнтра сумеснай выставы твораў з пленэрнага фонду Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў “Родны абсяг у моладзевых даляглядах” і студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры ААТ “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод” пад назвай “Мая краіна — Беларусь”. Сёлетні рэгіянальны адкрыты пленэр юных мастакоў імя Міхася Сеўрука, які завяршыўся ў Нясвіжы літаральна перад пачаткам “Музаў”, быў прысвечаны тэме ранняга барока на Беларусі ў архітэктуры. Як зазначыла загадчык мастацкага аддзялення Нясвіжскай ДШМ Марына Канавалава, дзеці выканалі сваю задачу з уласцівымі толькі ім светлым поглядам на свет і чысцінёй пачуццяў, што і заўважалася ў адабраных на выставу карцінах.       

Сцэна са спектакля “Як скажаш, дарагая”

Сцэна са спектакля “Як скажаш, дарагая”

Па словах кіраўніка юных мастакоў з Мазыра Святланы Купрыянавай, сваю экспазіцыю яе выхаванцы прысвяцілі паўся-дзённаму жыццю беларусаў, адлюстравалі ў ёй утульныя куточкі Мазыра ў розныя поры года. Дарэчы, сёлета госці з Палесся ўпершыню прывезлі на выставу вельмі цікавыя работы ў тэхніцы графікі.

Пасля знаёмства з выставай мастацкі фэст прадоўжыўся гала-канцэртам беларускай музыкі “Беларускія віртуозы ў творчым руху”. Перад яго пачаткам прысутных у зале з адкрыццём свята мастацтваў павіншавалі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Ладышаў, намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Майсеня, мастацкі кіраўнік свята, прафесар Міхаіл Фінберг.

Фрагмент канцэрта  ў Ратушы. Выступае ансамбль кларнетыстаў

Фрагмент канцэрта ў Ратушы. Выступае ансамбль кларнетыстаў

У выкананні дуэта арфы і скрыпкі гучыць “Роздум” Маснэ

У выкананні дуэта арфы і скрыпкі гучыць “Роздум” Маснэ

Галоўны канцэрт свята мастацтваў стаў яшчэ адным пацвярджэннем таго, што ў выступленнях Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі” паўстае ўся панарама музычнага свету, і дзякуючы ўжо 21-му вяртанню гэтага аркестра ў Нясвіж  мы яшчэ раз адчулі загадкавасць нашай культурнай прасторы, якая злучае ў адзіны ланцуг мінулае, сучаснасць і будучыню. Затаіўшы дыханне, зала слухала лепшыя творы Станіслава Манюшкі і Натана Рубінштэйна, Міхаіла Ельскага і Віктара Войціка, Яна Голанда і Галіны Гарэлавай, Рымскага-Корсакава і Генрыха Вагнера.

Сапраўдным адкрыццём сёлетніх “Музаў Нясвіжа” стаў 11-гадовы навучэнец Мінскага музычнага ліцэя, выхаванец прафесара Мікалая Волкава Іван Майсеня. На канцэрце ў Ратушы і на гала-канцэрце ў РЦК ён бліскуча выканаў адзін з самых складаных твораў для трубы, за які бярэцца мала хто з дарослых музыкантаў, — чароўную п’есу на тэму італьянскай народнай песні “Венецыянскі карнавал”. Тут нельга не адзначыць, што прыметнік “чароўная” мы звычайна прыстасоўваем да слоў “флейта” або “скрыпка”, а юнаму віртуозу ўдалося даказаць слухачам, што гэта не зусім так. Чароўнай можа быць і труба. 

Юны віртуоз  Іван Майсеня

Юны віртуоз Іван Майсеня

Увогуле, у кожным з класічных канцэртаў святочнай імпрэзы была свая бліскучая перліна, прычым нават не адна, свая адметнасць і загадка, разгадаць якую дапамагала слухачам непараўнальная пастаянная вядучая “Музаў”, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава.

Яшчэ адной асаблівасцю сёлетніх “Музаў Нясвіжа” стала аднаўленне канцэртаў духоўнай музыкі ў Нясвіжскім фарным касцёле Божага Цела, якія не праходзілі тут у рамках фэсту больш за 10 гадоў. Да вялікай радасці вернікаў і проста аматараў вечнай музыкі ў сценах святыні ў выкананні струннага аркестра Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі” ізноў загучалі творы заходнееўрапейскіх і беларускіх класікаў, нібы падкрэсліваючы тое, што мастацтва па вялікім рахунку не патрэбна чалавеку для фізічнага існавання. Яно з’яўляецца падарункам Бога чалавеку, сімвалам яго стваральнай моцы, сімвалам таго, што чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму, а таму можа і сам ствараць прыгажосць. 

Канцэрт струннага аркестра ў касцёле Божага Цела

Канцэрт струннага аркестра ў касцёле Божага Цела

У сярэдзіне заключнага дня свята мастацтваў у Тэатральнай зале замка Радзівілаў адбыўся канцэрт “У гонар нясвіжскіх маэстра”, прысвечаны 270-годдзю Яна Голанда і 265-годдзю Мацея Радзівіла.

Гэтыя дзве асобы з’яўляюцца асаблівымі гістарычнымі постацямі для Нясвіжа. Напачатку 1780-х гадоў уладальнік Нясвіжа Караль Станіслаў “Пане Каханку” Радзівіл запрасіў Яна Голанда на пасаду дырыжора нясвіжскай капэлы. У тэатры Нясвіжа ў той час ставіліся многія класічныя творы замежных і мясцовых аўтараў. Менавіта тут Ян Голанд упершыню звярнуўся да оперна-балетных жанраў. У 1784 годзе ў Нясвіжы адбылася прэм’ера оперы Голанда “Агатка, або Прыезд пана”. Гэта была адна з першых опер, створаных і пастаўленых у Беларусі ў XVIII ст. Напісаная з нагоды прыезду ў Нясвіж караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, яна набыла асаблівую вядомасць і больш за сорак год ішла на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай. Лібрэта да оперы “Агатка” стварыў князь Мацей Радзівіл, які сам быў музыкантам-аматарам.  Арыентаваная на класічны стыль, опера разам з тым насычана мясцовым нясвіжскім фальклорам. У Нясвіжы кампазітар напісаў і іншыя творы — оперу “Чужое багацце нікому не служыць” і балет  “Арфей і Эўрыдыка” (або “Арфей у пекле”), а таксама кантату, прысвечаную Каралю Радзівілу.

З выставай твораў юных мастакоў  знаёмяцца начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Сяргей Ладышаў (злева), яго намеснік Святлана Баранок і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага  райвыканкама  Аляксандр Круглік

З выставай твораў юных мастакоў
знаёмяцца начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Сяргей Ладышаў (злева), яго намеснік Святлана Баранок і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага
райвыканкама Аляксандр Круглік

Фінал эстраднага канцэрта ў РЦК

Фінал эстраднага канцэрта ў РЦК

Гэта і іншая цікавая інфармацыя гучала на канцэрце ў каментарыях яго вядучай Вольгі Дадзіёмавай.

Завяршыліся “Музы Нясвіжа-2016” святочным канцэртам эстраднай песні і музыкі “Узгадваем любыя матывы”, які падараваў несвіжанам і гасцям горада джазбэнд Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі” і яго салісты.

Застаецца дадаць, што арганізацыя такога выдатнага асветніцка-мастацкага свята ў Нясвіжы стала магчымай дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта і проста жыхароў Няс-віжчыны, якія штогод збіраюцца на “Музы” з усіх куткоў раёна і прыводзяць на іх сваіх дзяцей. 

Маэстра Фінберг таксама выказаў асобую падзяку Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж” і яго дырэктару Сяргею Клімаву, загадчыку сектара “Ратуша” музея-запаведніка Наталлі Алісевіч, кіраўнікам цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы і раённага цэнтра культуры Людміле Вітко і Таццяне Лук’янчык, ксяндзу-пробашчу Нясвіжскага касцёла Божага Цела Пятру Шарко, індыві-дуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам, што аказвалі спонсарскую дапамогу ў правя-дзенні свята.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.