35 гадоў — на службе ЖКГ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

1

Сярод дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу ад Нясвіжчыны — Алена Уладзіміраўна Сінкевіч, начальнік жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка “Нясвіж” раённага ўнітарнага  прадпрыемства “Нясвіжская ЖКГ”. Алена Уладзіміраўна — чалавек  паважаны ў калектыве. У 2012 годзе яе  ўзнагародзілі Граматай Міністэрства ЖКГ і нагрудным  знакам “Ганаровы работнік  жыллёва-камунальнай  гаспадаркі”. Атрымала ганаровае званне  “Чалавек года Міншчыны-2013”.

Несвіжане добра ведаюць Алену Сінкевіч. Яна тут нарадзілася.  Закончыла СШ № 1. У 1977 годзе паступіла ў Мінскі энергетычны тэхнікум. Паспяхова закончыла  яго ў 1981-м і прыйшла  працаваць у Нясвіжскую жыллёва-камунальную гаспадарку — прадпрыемства няпростае, са сваёй складанай спецыфікай. Але Алена не пабаялася гэтых цяжкасцей. Сваю працоўную дзейнасць пачала тэхнікам домакіравання. Потым былі  розныя пасады на ўчастку. З ліпеня 2001 года Алена Уладзіміраўна працуе начальнікам ЖЭУ ў райцэнтры.

35 гадоў стажу на адным месцы — тэрмін немалы. І Алена Уладзіміраўна набыла вялікі працоўны вопыт. Прытым не толькі ў тэхнічным плане, але і ва ўзаемаадно-сінах з людзьмі: як кіраўнік з падначаленымі, як работнік ЖКГ — з жыхарамі. Да кожнага трэба знайсці свой падыход, умець выкарыстаць, накіраваць веды і майстэрства людзей на аператыўнае  і якаснае выкананне тых ці іншых работ. Яна адначасова і патрабавальная, і добразычлівая.

На балансе ЖЭУ знаходзіцца 130 жылых дамоў. Яе ўчастак адным з першых наладзіў работу па заяўленчым прынцыпе “Адно акно”. Вялікую ролю адыгрывае  ў рабоце ЖКГ інстытут стараст, ад якіх у многім залежыць якаснае ўтрыманне  жылога фонду, своечасовая ліквідацыя тых ці іншых недахопаў. І хаця апошнім часам жыхары не вельмі ахвотна згаджаюцца на “пасаду” старшага па доме, у Алены Сінкевіч  усё ж ёсць свой актыў, на які  яна можа спадзявацца. Мая суразмоўца з задавальненнем называе  прозвішчы несвіжанак, лю-дзей энергічных, актыўных, неабыякавых: Людмілу Барысаўну  Ксянжук, Зінаіду Іванаўну Сахар, Ганну Іванаўну Шлык. Яны і пра недахоп падкажуць, і жыхароў арганізуюць, калі патрэбна, на добрую справу.

— Да ўсяго Алена Уладзіміраўна заўсёды падыходзіць творча. І валодае  дастатковымі ведамі па ўтрыманні жылога фонду, — гаворыць старшыня прафсаюзнага  камітэта Нясвіжскай ЖКГ Мікалай Аляксеевіч Прахода.  — Мне прыемна было прадстаўляць яе кандыдатуру на раённым  сходзе па вылучэнні  дэлегатаў народнага веча.

Алена Уладзіміраўна ганарыцца, што ёй аказалі  такі высокі давер — удзельнічаць у рабоце форуму, на  якім фактычна вызначаецца далейшы шлях развіцця нашай дзяржавы, шлях да лепшага жыцця людзей. Бо дзеля чалавека, яго дабрабыту і камфорту працуе і яна так многа гадоў.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.