Адзначаючы 20-годдзе веча…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

флаг-герб-

Учора размаўляў з чалавекам,  на першы погляд, досыць адукаваным, добрым спецыялістам, аднак ён вельмі песімістычна выказаўся пра Усебеларускі народны сход. Мне не зразумелая такая пасіўная грамадзян-ская пазіцыя некаторых суайчыннікаў.

А я лічу, што толькі сумеснымі намаганнямі, а не толькі дзякуючы дакументам урада, мы зможам палепшыць наша жыццё — яго матэрыяльную і духоўную платформу.   Як вядома, на гэты сход кожныя пяць гадоў выбіраюцца лепшыя з лепшых прадстаўнікоў народа — як кіраўніцтва, так і звычайныя працаўнікі з розных галін народнай гаспадаркі. І глыбока сімвалічна, што гэты сход адбываецца ў адным з самых знакавых месцаў Беларусі — у Палацы Рэспублікі, дзе традыцыйна праходзяць самыя  важныя дзяржаўныя мерапрыемствы.

Мне думаецца, што менавіта гэты сход — важная форма дэмакратыі беларускага народа. І таму нельга ставіцца да яго правядзення пасіўна і абыякава. Дарэчы, першы сход, у якім бралі ўдзел каля пяці тысяч дэлегатаў,  адбыўся 19-20 кастрычніка 1996 года. Так што  сёлетні год юбілейны —  мы адзначаем 20-годдзе сучаснага беларускага веча.

Што ж змянілася за гэтыя два дзесяцігоддзі? Канешне, многае. Мы, сучаснікі,  былі сведкамі прагрэсіўных і красамоўных крокаў нашай Бацькаўшчыны наперад. Сярод дасягненняў папярэдняй пяцігодкі нельга не назваць  інтэнсіўнае жыллёвае будаўніцтва, шырокамаштабнае развіццё сістэмы аховы здароўя, адукацыі і культуры. Дарэчы, было пабудавана больш як 25 млн. кв.м жылля. Па гэтым паказчыку  Беларусь, безумоўна, лідар сярод краін СНД.

Беларусь здолела  захаваць вядучую ролю прамысловай краіны на постсавецкай прасторы. А такія ганаровыя  маркі, як БелАЗ, МАЗ, Гомсельмаш, МТЗ працягваюць удасканальваць свае пазіцыі. І мы не спыняемся, бо ведаем: тое, што  добра сёння, заўтра ўжо — учарашні снег… Пры ўсіх складанасцях галоўнай задачай застаюцца мадэрнізацыя нацыянальнай вытворчасці на інавацыйнай аснове, стварэнне прамысловага кластара прадпрыемстваў і вытворчасцей, якія б эфектыўна  выкарыстоўвалі  танную электраэнергію. І ў нас  паспяхова ўзводзіцца атамная электрастанцыя ў Астраўцы.

Аграпрамысловы  комплекс — гэта тое, чым мы па праву можам ганарыцца. Беларуская сыравіна — на вагу золата.   Многія гаспадаркі атрымліваюць ураджай збожжавых  вышэй 100 ц/га.  Неблагія паказчыкі і ў жывёлагадоўлі. У нас усё робіцца дзеля таго, каб Беларусь стала сапраўды моцнай, квітнеючай дзяржавай.

Як вядома, пяты Усебеларускі  народны сход пройдзе ў Мінску   22-23 чэрвеня. Несумненна,  гэта знакавая палітычная падзея ў нашай краіне. На абмеркаванне будуць вынесены пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011—2015 гады і аб асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады. Удзельнікамі мерапрыемства стануць каля  2,5 тыс. чалавек. І зразумела, што  сход праводзіцца не дзеля нейкага чарговага бюракратычнага мерапрыемства, а дзеля выпрацоўкі канкрэтнай стратэгіі развіцця краіны.  Як мы будзем жыць далей, залежыць і  ад  якаснай вучобы сённяшніх студэнтаў,  і ад увішнай, творчай працы іх бацькоў.

Насычэнне бюджэту за кошт высокатэхналагічных тавараў павінна стаць адной з важнейшых задач эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку. Праблемы працаўладкавання, занятасці насельніцтва таксама з’яўляюцца надзённымі. Гэта тое, чым кіраўнікі на месцах павінны займацца  штодзённа.  Вынікам  па-вінна стаць паляпшэнне якасці жыцця беларусаў, павелічэнне дабрабыту.

Народны сход фактычна ўжо  пачаўся, бо вылучэнне дэлегатаў  — гэта таксама веча асобна ўзятага прадпрыемства.  Гэта вызначэнне прызнаных лідараў, акрэсліванне   праблемных пытанняў, якія трэба скрупулёзна  абмеркаваць, а таксама тых прапаноў, якія дадуць магчымасць скарэкціраваць стратэгію развіцця Беларусі. Традыцыя правядзення такіх форумаў даказала сваю эфектыўнасць. Такая форма стасункаў, парады з народам дастойна сябе апраўдала.

Зразумела, што сход дасць магчымасць пачуць розныя пункты гледжання аб эканамічным развіцці. Тут даецца магчымасць выказацца прадстаўнікам розных сфер, прычым, як правіла, прадстаўляецца  не асабісты пункт гледжання, а пазіцыя калектыву цэлага прадпрыемства. А затым разгортваецца дыялог.  Гэта і  дапамагае абмеркаваць праблемныя моманты, намеціць шляхі іх вырашэння, а таксама абазначыць моцныя і слабыя бакі ў розных галінах.

Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь не можа не радаваць, што на сход прыедуць самыя дасведчаныя людзі, якія паказалі сябе ў працы і добра ведаюць, чым жыве наша грамадства, той самы “маленькі” чалавек.  Гэта сапраўды самыя яркія  прадстаўнікі народа, якія не толькі выйшлі з самай яго гушчы, але і засталіся яму вернымі, а  не паехалі шукаць заморскага лёгкага  хлеба.

Наш народ вельмі мудры, які бачыць і агрэхі, і  недахопы. І не толькі бачыць, але штодзённа імкнецца іх выпраўляць. Сход — гэта адкрыты  дыялог кіраўніцтва краіны са сваім народам. Народнае веча дае нам магчымасць  рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права ўдзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Нельга не ганарыцца тым, што  толькі ў адной дзяржаве постсавецкай прасторы кіраўніцтва ідзе на такі шчыры дыялог з народам, не ўтойваючы пры гэтым   спрэчных момантаў.

Развіццё навукі, адукацыі і культуры павінна стаць адной з галоўных тэм сходу.  Калі мы не будзем удзяляць  гэтым галінам  належнай увагі, то ў краіны не будзе эфектыўнага руху наперад, тэхнічнай  і эканамічнай рэвалюцый. Менавіта  навука і адукацыя павінны стаць аднымі з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Тады ў Беларусі будуць і фундаментальныя, і прыкладныя тэмы, і самыя сучасныя тэхналогіі. Без навукі немагчыма стварыць канкурэнтаздольную эканоміку. А таленавітай моладзі ў нас хапае: штогод многа юнакоў і дзяўчат становяцца пераможцамі самых прэстыжных міжнародных алімпіяд і спаборніцтваў.

Быць дэлегатам на такім прадстаўнічым форуме — вялікі гонар, але разам з тым і вялікая адказнасць перад насельніцтвам рэгіёна, якое аказала такі высокі давер. Людзям, зразумела,  патрэбны дастойныя лідары і паспяховыя  арыенціры.

Нам усім разам трэба вучыцца адчуваць сябе часцінкай свайго народа. Мы самі творым сваю будучыню.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.