Алена КРАЎЧЭНЯ: “Мы ідзём у кожную сям’ю з дабром…”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

кравченя

На Нясвіжскім хлебазаводзе дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Барысаўна Краўчэня (на здымку) працуе 26 гадоў. Спачатку была галоўным бухгалтарам. У 2005-м узначаліла калектыў. Цяпер яна — дырэктар філіяла “Нясвіжскі хлебазавод” ААТ “Барысаўхлебпрам”.

Хлебазавод, хлебны магазін заўсёды сустракаюць своеасаблівым, непаўторным водарам. Таму, прыехаўшы на прадпрыемства да Алены Барысаўны, я першым чынам пацікавілася, з чым у яе асацыіруецца пах хлеба, якія ўспаміны выклікае.

— У кожнага чалавека, напэўна, свае асацыяцыі, звязаныя з водарам хлеба, — сказала яна. — Для мяне гэта, перш за ўсё, — сям’я. Таму што ў  нашай сям’і на кожнае свята пяклі булкі, хлеб. Мой дзядуля працаваў некалі на хлебазаводзе. Традыцыя хлебапячэння  ў нас дома заўсёды захоўвалася. Усе, хто са мной разам рос, хто прыходзіў да мяне на дзень  нараджэння, стаўшы дарослымі, памятаюць пах тых булак, пірагоў.

Так склалася жыццё ў маёй суразмоўцы, што і  яна прыйшла працаваць на хлебазавод. Цікава, як пачынаецца рабочы дзень дырэктара? Як праходзяць без яе начныя змены? У першую чаргу, расказвае  Алена Барысаўна, яна ідзе на вытворчасць, глядзіць, што там адбываецца, якая выпушчана прадукцыя, якія ўзніклі праблемы. Потым размаўляе са спецыялістамі: што ўжо вырашана, што яшчэ трэба зрабіць. Завод працуе кругласутачна, людзям даводзіцца няпроста, трэба прыстасавацца да пазменнага графіка. Таму складанасці ёсць. Але работнікі, лічыць дырэктар, добрыя, адказныя. Многія — з багатым вопытам, да тонкасцей ведаюць свае абавязкі. За працэсам сочаць зменныя майстры, таксама вопытныя спецыялісты. Таму і за начныя змены дырэктар спакойная. Усе паспяхова спраўляюцца самі. А начное няспанне нівеліруецца пачуццём радасці і задавальнення за выкананае: раніцай свежы духмяны хлеб адпраўляецца спажыўцам.

Вытворчасць хлебабулачных вырабаў, як і належыць, мадэрнізуецца. Напрыклад, сёлета ўведзены новы склад бястарнага захоўвання мукі. Гэта дазволіць на 30 % скараціць  расход электраэнергіі.

— Мы дзякуем Нясвіжскаму  райвыканкаму за дапамогу. Пры яго фінансаванні завод змог зрабіць першы ўзнос за абсталяванне. Яно зманціравана, працуе, і мы ўжо бачым першыя вынікі: гэта і чысціня, і дакладнасць. Радуе, што атрымалася ажыццявіць праект, — апавядае Алена Краўчэня.

Нясвіжскія хлебапёкі працуюць па класічнай тэхналогіі, якая прыжылася тут даўно. І не спяшаюцца мяняць яе радыкальна. Стараюцца выпускаць прадукцыю натуральную, карысную.Больш за тры гады карыстаюцца  на сваім заводзе і запатэнтаванай тэхналогіяй — з уласнай сумессю рэксал-хмель. Гэтая распрацоўка базіруецца на тых традыцыях хлебапячэння, якія былі ў нашай краіне раней. А з другога боку — несвіжане ўнеслі ў тэхналогію і штосьці сваё, новае. Асартымент стараюцца абнаўляць, распрацовак многа, творчая думка пульсуе. Удзельнічаючы ў розных конкурсах і выставах прадукцыі, цікавяцца, што вырабляюць калегі, што карыстаецца попытам, якія патрабаванні прад’яўляюцца на сучасным этапе, па якім шляху трэба ісці далей, як развівацца.

І як вынік намаганняў нашых землякоў — каля 50 медалёў за нясвіжскія хлебабулачныя вырабы, атрыманыя на гэтых выставах і конкурсах.

За суткі завод выпускае 8 тон прадукцыі: 5 відаў хлябоў фармавых, 13 відаў — падавых, 16 відаў булачна-здобных вырабаў.

— Стараемся, каб кожны пакупнік знайшоў на прылаўку тое, што яму падабаецца, — падкрэслівае Алена Барысаўна. — Працуем  і над расшырэннем рынкаў збыту. Рэалізуем сваю прадукцыю ў Нясвіжскім  і суседніх раёнах, у Мінску. Заваёўваць сёння рынкі вельмі няпроста, але мы знаходзім сваю нішу, таму што прапануем  прадукцыю свежую, натуральную. Будзем над гэтым працаваць і далей. Мы стараемся для людзей. Хлеб — гэта прадукт, па які чалавек прыходзіць у магазін няхай не кожны дзень, дык праз дзень. Мы ідзём у кожную сям’ю з дабром і хочам, каб наша прадукцыя прыносіла здароўе і добры настрой у кожны дом.

Калектыву яшчэ трэба многае зрабіць. Гэта датычыць і далейшага абнаўлення абсталявання, і новых рэцэптурных распрацовак, і якасці прадукцыі. У сваім Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт  падкрэсліў, што  якасць прадукцыі з’яўляецца складнікам нашай  канкурэнтаздольнасці.

— Алена Барысаўна, з якімі  думкамі Вы паедзеце на V Усебеларускі народны сход?

— Перш чым штосьці пачаць рабіць, трэба заўсёды вельмі добра падумаць. Каб дакладна ўяўляць, як будзеш працаваць, што будзеш рабіць, чаго хочаш дасягнуць. Я думаю, што іменна такая сур’ёзная размова адбу-дзецца на пятым Усебеларускім народным сходзе. Будуць пастаўлены задачы і вызначана, як мы будзем іх вырашаць. Пасля гэтага, думаю, можна пазбегнуць нейкіх памылак, каб лепей спрацаваць, каб краіна развівалася, была паспяховай і прыгожай.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.