ДАСТОЙНЫЯ ПАВАГІ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

x_4afb152a

Калі чалавек шмат гадоў працуе на адным месцы, гэта што-небудзь ды значыць. Перш за ўсё — адданасць выбранай справе, добрасумленнасць і вернасць. Такіх людзей у  СВК  “Агракамбінат Сноў” нямала, і праўленне гаспадаркі традыцыйна ўшаноўвае іх. На гэты раз ветэранаў працы запрасілі ў мясцовы Цэнтр культуры, каб адзначыць словамі пашаны і ўзнагародамі. Старшыня сельгаспрадпрыемства, член Савета Рэспублікі М.В. Радаман цёпла прывітаў прысутных, падкрэсліў уклад былых і сённяшніх працаўнікоў у развіццё вытворчага кааператыва. Сёння ў снаўчан трывалая эканамічная база, высокія прыбыткі і заслужаны аўтарытэт не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы. Гаспадарка памятае і ганарыцца працоўнымі дасягненнямі Героя Сацыялістычнай Працы А.А. Сцепановіч, яе прыклад варты пераймання і цяпер. Дастойна працягваюць добрыя традыцыі і сённяшнія працаўнікі, людзі высокага абавязку. М.В. Радаман падзякаваў усім за адданую працу і пажадаў далейшага плёну і моцнага здароўя. Затым выканаў пачэсную місію, уручыў знакі і пасведчанні   “Ганаровы  работнік СВК “Агракамбінат Сноў” і грашовыя прэміі. Такім чынам былі адзначаны 30 чалавек (чатыры не змаглі прыехаць па стане здароўя). Сярод якіх былыя механізатары І.І. Даменікан і  Л.А. Жданюк, былы жывёлавод Я.В. Заяц, былыя даяркі Н.М. Зарожная і Л.М. Радаман, спецыяліст жывёлагадоўлі Я.А.Туцін, вадзіцель В.А. Сырыца і многія іншыя.

На мерапрыемстве прысутнічала і выступіла старшыня Сноўскай пярвічнай арганізацыі таварыства інвалідаў З.М. Шымановіч, якая расказала, якая дапамога аказваецца людзям з нялёгкім лёсам. Гэта і набыццё калясак, нарыхтоўка дроў, наведванне інвалідаў дома і шэраг іншых добрых спраў. 

А старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў Г.А. Галабурда коратка спынілася на асноўных аспектах работы сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ветэран адукацыі, былы дырэктар Сноўскай СШ І.А. Сярогаў нагадаў пра Дзень уз’яднання Беларусі і Расіі, наказаў усім жыць у дружбе і міры, прачытаў уласны верш. Прыемныя словы і пажаданні выказалі  намеснік старшыні праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” У.С. Бабёр, загадчыца Сноўскай сельскай бібліятэкі З.П. Грабёнка, ветэран працы Сноўскага крухмальнага завода Г.І. Мясніковіч.

 Культурную праграму свята вёў рэжысёр Сноўскага сельскага цэнтра культуры Аляксей Дунчанка, ён жа выканаў песні. Парадаваў сваім выступленнем і намеснік старшыні СВК па ідэалагічнай рабоце У.А.Слабко, які цудоўна  праспяваў дзве  песні. Выступіў таксама калектыў хору ветэранаў працы г.Нясвіжа “Аптымісты”. Асабліва спадабалася слухачам песня “У зялёненькім садочку”, бо ў ёй заліваўся “салавей”, па-майстэрску імітаваны Віталем Раманчуком. Шмат апладысментаў выпала і на долю старэйшага ўдзельніка хору, 86-гадовага  М.У. Сарычава, актыўнага і пазітыўнага чалавека. Разнастайнасць у праграму ўнеслі і прыпеўкі ў выкананні Т. Сіраш. Аматары сцэны таксама пастараліся стварыць заслужаным людзям Сноўшчыны добры настрой.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.