Дэнамінацыя ў Беларусі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

novie-belorusskie-rubli

З 1 ліпеня 2016 года ў Рэспубліцы Беларусь будзе праведзена дэнамінацыя беларускага рубля шляхам замены банкнотаў узору 2000 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года і 1 беларускі рубель у грашовых знаках узору 2009 года.

Гэта значыць, самы нізкі намінал банкноты, які дзейнічае цяпер — 100 рублёў — будзе заменены на самы нізкі намінал новага грашовага рада — 1 капейку.

Па прынцыпе 1:10 000 пры правядзенні дэнамінацыі будуць пералічаны зарплаты, пенсіі, стыпендыі, рэшта грашовых сродкаў на банкаўскіх рахунках, балансы прадпрыемстваў і ўстаноў.

Рашэнне аб дэнамінацыі беларускага рубля прынята ў мэтах далейшага ўдасканалення грашовага абарачэння, спрашчэння ўліку і разлікаў у краіне, падтрымання аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы, значнага скарачэння дзяржаўных расходаў на абслугоўванне наяўнага грашовага абарачэння ў Рэспубліцы Беларусь.

Працэс дэнамінацыі не паўплывае на пакупную здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты адносна замежных валют, фактычны ўзровень інфляцыі.

Этапы правядзення дэнамінацыі

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года ўключна банкноты ўзору 2000 года, а таксама банкноты і манеты ўзору 2009 года будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні і з’яўляцца абавязковымі да прыёму пры ажыццяўленні ўсіх відаў плацяжоў усімі суб’ектамі гаспадарання без абмежаванняў.

Каб пакупнікам было лягчэй адаптавацца да такіх змяненняў, на час паралельнага абарачэння старых і новых грашовых знакаў усе суб’екты гаспадарання абавязаны будуць пазначаць дзве цаны — у старым і новым маштабе цэн.

На працягу наступных пяці гадоў (з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2021 года ўключна) будзе праводзіцца абмен грашовых знакаў у любой суме без абмежаванняў і без спагнання камісійнага ўзнагароджання. Пры гэтым абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе:

з 1 студзеня 2017 па 31 снежня 2019 года ўключна — у Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь;

з 1 студзеня 2020 па 31 снежня 2021 года ўключна — у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

З 1 студзеня 2022 года грашовыя знакі ўзору 2000 года будуць лічыцца несапраўднымі (страціўшымі сілу законнага плацежнага сродку).

Банкноты

Усяго з 1 ліпеня 2016 года ў абарачэнне будуць выпушчаны сем наміналаў банкнотаў — 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў.

Канцэпцыя дызайну новых банкнотаў адпавядае дэвізу «Мая краіна — Беларусь» з выявай помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва на правых баках банкнотаў. Кожны банкнот прысвечаны адной з абласцей Беларусі і Мінску. Адпаведнасць вобласці наміналу банкнотаў вызначана ў алфавітным парадку. Адваротныя бакі банкнотаў прысвечаны самабытнасці кожнай з абласцей з гістарычнага і культурнага пунктаў гледжання.

Усе сем наміналаў банкнотаў адрозніваюцца па колеры. Ад малых да большых наміналам банкнотнага рада каларыстычнае рашэнне змяняецца ад больш простых цёплых сонечных адценняў да больш складаных халодных колераў.

Адным з самым прыкметных адрозненняў новых банкнотаў ад старых з’яўляецца тое, што яны адрозніваюцца па памеры. Так, усе наміналы банкнотаў маюць аднолькавую вышыню — 72 мм. Па даўжыні наміналы банкнотаў павялічваюцца на 4 мм: ад 135 мм — у банкнота наміналам 5 рублёў, да 159 мм — 500-рублёвага банкнота.

Манеты

З 1 ліпеня 2016 года упершыню ў навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь у наяўным грашовым абарачэнні з’явяцца металічныя манеты. Усяго восем наміналаў манет — 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі.

Рашэнне аб выкарыстанні ў абарачэнні (цыркуляцыйных) манет з’яўляецца важным. Цяпер банкноты нізкіх наміналаў, якія знаходзяцца ў абарачэнні, выконваюць ролю цыркуляцыйных манет, і як вынік, хутка зношваюцца, у сувязі з чым Нацыянальны банк траціць немалыя сродкі на выраб гэтых банкнотаў. Увядзенне манет у абарачэнне абумоўлена больш працяглым іх тэрмінам службы ў параўнанні з папяровымі банкнотамі, што дасць магчымасць сэканоміць дзяржаўныя грашовыя сродкі, паколькі «жыццё» манет шматразова перавышае тэрміны фізічнага зносу банкнотаў.

На аверсе беларускіх манет размешчаны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь — аднаго з сімвалаў нашай дзяржавы.

На рэверсе беларускіх манет раскрываецца тэма аднаго з самых папулярных напрамкаў народнай творчасці — ткацтва.

Ахоўныя прыкметы

Банкноты і манеты маюць пэўны набор ахоўных прыкмет.

Адной з асноўных візуальных ахоўных прыкмет манет з’яўляецца гурт (бакавы бок манеты). Акрамя гэтага, трэба ўлічваць сплаў металаў, з якіх манеты зроблены, розны дыяметр, а таксама дробныя дэталі, якія складана падрабіць у саматужных умовах.

Трэба ўлічваць:

колер манет (1, 2, 5 капеек — чырвоны; 10, 20, 50 капеек — жоўты; 1 рубель — белы; 2 рублі: колца — жоўты; сярэдзіна — белы);

сплаў металаў, з якіх зроблены манеты;

памер (усе маюць розны дыяметр);

гурт (бакавы бок манеты) — роўны, з насечкамі пэўнага памеру, з тэкстам;

якасць чаканкі (выразныя дробныя элементы).

Банкноты — гэта не проста прыгожая карцінка, перш за ўсё гэта банкаўскі білет, які мае пэўны набор ахоўных прыкмет. Банкноты друкуюцца на спецыяльнай паперы з хаатычна размешчанымі ў ёй ахоўнымі валокнамі:

— бачныя: сінія і чырвоныя;

— нябачныя: жоўтыя, люмінесцыруючыя ва ультрафіялетавых промнях жоўта-зялёным колерам.

Сапраўднасць банкнотаў можна вызначыць:

— навобмацак;

— пры нахіле;

— на прасвет;

— пры дапамозе прыбораў.

Пры вызначэнні сапраўднасці банкнотаў навобмацак, трэба ўлічваць:

структуру паперы;

— павялічаны рэльеф асноўнай выявы;

намiнал лічбамі і літарамі;

меткі для людзей з аслабленым зрокам.

Асноўныя выявы банкнотаў маюць павялічаную таўшчыню фарбавага слоя.

Для людзей з аслабленым зрокам адціснуты геаметрычныя фігуры на банкнотах, якія таксама маюць павялічаную таўшчыню фарбавага слоя, дзякуючы чаму добра ўспрымаюцца навобмацак.

Пры вызначэнні сапраўднасці банкнотаў на прасвет, трэба звярнуць увагу на:

  1. Вадзяны знак. На правым баку банкнотаў злева ад асноўнай выявы на незадрукаваным полі размешчаны лакальны паўтонавы вадзяны знак, які паўтарае фрагмент асноўнай выявы правага боку банкнота.
  2. Ахоўную нітку. Металізаваная аконнага (ныраючага) тыпу, якая выходзіць на паверхню правага боку банкнота ў выглядзе прамавугольнікаў, што ўтвараюць пункцірную лінію. Пры разглядзе банкнота на прасвет ахоўная нітка выглядае суцэльнай цёмнай паласой з негатыўным (светлым) тэкстам у прамой і перавернутай выяве.
  3. Сумяшчальная выява. Фрагмент наміналу на правым баку банкнота сумяшчаецца на прасвет з фрагментам наміналу на адваротным баку банкнота, утвараючы суцэльную выяву наміналу банкнота.
  4. Cornerstone® – спецыяльны метад умацавання вуглоў банкнота. Вуглы банкнота ўмацаваны шляхам дабаўлення звышшчыльных «палосак» метадам вадзянога знака, якія надаюць структурную калянасць паперы. На прасвет відаць чаргаванне цёмных і светлых палос.
  5. MASK™ — комплексны элемент аховы, які складаецца з дзвюх выяў, выкананых па спецыяльнай тэхналогіі. Верхняя выява (геаметрычны ўзор) назіраецца ў адлюстраваным звычайным святле, ніжняя (намінал банкнота, які складаецца з кропак) — на прасвет.

Выява MASK размешчана ў левай частцы правага боку банкнота.

Гэта спецыяльная тэхналогія нанясення выяў характэрна для банкнотаў наміналамі 50, 100, 200 і 500 рублёў.

Для вызначэння сапраўднасці банкнотаў пры нахіле трэба звярнуць увагу на:

схаваная выява – выява, выкананая па спецыяльнай тэхналогіі гравіроўкі друкаваных форм, у выніку якой пад вострым вуглом зроку на цёмным фоне бачны светлыя літары «РБ» або на больш светлым фоне бачны больш цёмныя літары «РБ».

Схаваная выява характэрна для ўсіх 7 наміналаў банкнотаў — 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў.;

колерапераменныя фарбы OVI®. Лічбы наміналу ў правым верхнім вугле банкнотаў 200 і 500 рублёў адціснуты спецыяльнай колерапераменнай фарбай (OVI) і мяняюць свой колер пры нахіле банкнотаў.

Для касіраў і банкаўскіх работнікаў ёсць дадатковыя ахоўныя прыкметы, якія можна праверыць з дапамогай спецыяльных прыбораў:

– мікратэксты;

– свячэнне ва ультрафіялетавых промнях;

– выява ў інфрачырвоным дыяпазоне спектра;

– магнітныя ўласцівасці.

Аб пераліку цэн (тарыфаў), актываў, балансаў

Цэны на тавары і паслугі з 1 ліпеня 2016 года будуць пералічаны ў адпаведнасці з выбраным маштабам дэнамінацыі — 10 000:1. Іншымі словамі, калі да дэнамінацыі які-небудзь тавар каштаваў, напрыклад, 100 000 рублёў, то пасля дэнамінацыі яго цана складзе 10 рублёў. Такім чынам, правядзенне дэнамінацыі не акажа ўплыву на пакупную здольнасць беларускага рубля, паколькі суадносіны грашовай масы ў абарачэнні і цэн на тавары і паслугі застаюцца нязменнымі.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года вытворцы, прадаўцы, пастаўшчыкі пры прадастаўленні спажыўцам інфармацыі аб прапануемых таварах (работах, паслугах) абавязаны пазначаць цэны (тарыфы) у грашовых знаках узору 2000 года і грашовых знаках узору 2009 года.

Пачынаючы з 1 ліпеня 2016 года налічэнне заработнай платы, пенсій, дапамог і іншых відаў выплат будзе праводзіцца ў дэнамінаваных грашовых адзінках (рублях і капейках).

У сувязі з дэнамінацыяй у канцы дня 30 чэрвеня 2016 года банкі зробяць пералік рэшты, у тым ліку па рахунках кліентаў, да якіх выдадзены банкаўскія плацежныя карткі, у суадносінах 10 000:1. Адпаведна, калі 30 чэрвеня рэшта па рахунку, адкрытым у банку, складала 1 000 000 беларускіх рублёў, то пасля пераліку 1 ліпеня рэшта складзе 100 беларускіх рублёў.

Запазычанасць па крэдыце і працэнтах за карыстанне ім, памер штомесячных плацяжоў з 1 ліпеня 2016 года будуць пералічаны ў адпаведнасці з выбраным маштабам дэнамінацыі — 10 000:1. Заключэння дадатковых пагадненняў да крэдытных дагаворах не спатрэбіцца.

Сума ўкладу ў беларускіх рублях з 1 ліпеня 2016 года будзе пералічана ў адпаведнасці з выбраным маштабам дэнамінацыі — 10 000:1. Заключэння дадатковых пагадненняў да дагавораў банкаўскага ўкладу (дэпазіту) не спатрэбіцца.

З 1 ліпеня 2016 года рэшта па рахунку кліента ў беларускіх рублях, да якога выдадзена банкаўская плацежная картка, будзе выражана ў дэнамінаванай суме. Аперацыі, праведзеныя кліентам з выкарыстаннем банкаўскай плацежнай карткі да 1 ліпеня 2016 года і адлюстраваныя па рахунку кліента пачынаючы з 1 ліпеня 2016 года, а таксама аперацыі, праведзеныя з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак з 1 ліпеня 2016 года, будуць адлюстроўвацца па рахунку кліента ў беларускіх рублях у дэнамінаваных сумах.

Калі выдача даведкі аб даходах за 2016 год будзе ажыццяўляцца пасля 1 ліпеня 2016 года, то даходы фізічнай асобы варта пазначаць з улікам дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь, незалежна ад таго, за які месяц 2016 года яны налічаны.

У падатковых дэкларацыях (разліках) па падатках, зборах за падатковыя (справаздачныя) перыяды са студзеня па чэрвень 2016 года ўключна, тэрмін прадстаўлення якіх устаноўлены пасля 1 ліпеня, паказчыкі будуць адлюстроўвацца ў беларускіх рублях у грашовых знаках узору 2000 года (г.зн. у недэнамінаваных грашовых адзінках).

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.